Выбрать главу

— Прыміце ахвяру, светлыя Ашвіны! Дайце нам добрых памочнікаў-коней! Ахініце нас усіх сваім залатым адзеннем!

І жрацы падхапілі хорам:

Бо вы — два лекары з гаючымі сродкамі,

І два каляснічыя з крылатай павозкаю,

Вы, два грозныя богі, уладай надзеліце

Таго, хто шануе вас ад душы.

Ярка страпянуўся агонь, загулі, запалалі паленцы, сінявата-аранжавая заслона паднялася, калыхаючыся, накрыла сабою каня, і, прабіваючы яе, ляцелі ў кастрышча прынашэнні — пацеркі, бранзалеты; пырскаліся жоўтымі кроплямі мёд і хмельнае пітво, якія таксама лілі ў агонь, даючы яму спажыву, людзі, узбуджаючыся, гаманліва скакалі вакол кастрышча, падпяваючы жалейцы і варгану.

— Радасць — гэта таксама пітво багоў, - заўважыўшы трохі грэблівы выраз на твары князя, загаварыў Святазар. — Ты ж гэта ведаеш, высокі наш госць… Ці адвык ужо ад прадзедаўскіх звычаяў?

Міндоўг, не адказваючы, паглядзеў яму ў вочы.

— Можа, твая жрыца Жывена паглядзіць майго каня? Ён нешта капрызіць…

— Твая дачка, прасветлы князь, сапраўды валодае дарам разумець гэтых высакародных жывёл. Нездарма самі Ашвіны называюць сябе сынамі кабылы, хаця мы шануем іх — аднаго як сына чыстай дзевы Сумахкі, другога як сына неба, — гаворачы гэта, Святазар зусім невыпадкова падкрэсліў «твая дачка».

Міндоўг хмыкнуў, запытаўся шэптам:

— Яна пра гэта ведае?

— Не.

— Чаму ж ты ёй не сказаў?

— Зоркі гавораць, што ты прынясеш ёй няшчасце, можа, нават пагібель, як прынёс яе той, другой… Нашто ж ёй ведаць?

— Я? Прынясу ёй няшчасце?

— Ты, князь. Слаўны ты вой, але старасць не дадае табе развагі. Гатовы ты і сёння змагацца за новагародскі стол, за ўладу. І не можаш пакласці яе, як галінку, пад калясніцу, каб праехаць якое топкае месца…

— Жорстка ты гаворыш са мною. Не баішся?

— Багі даўно адвярнуліся ад цябе, і цяпер ты нездарма зноў шукаеш у іх падтрымкі. Калі ты быў з імі, яны заўсёды табе спрыялі.

— Дык хай жрыца паглядзіць каня, — перавёў размову Міндоўг.

Святазар кіўком паказаў Жывене, каб яна пайшла ўслед за князем. А той, выйшаўшы з храма, загадаў:

— Калі ты такая разумная, як кажуць, то адкажы, што з канём?

Жывена ўважліва агледзела невысокага, але зграбнага скакуна нязвыклага рудога колеру з чорна-бурым «рамянём» па ўсёй спіне і белай плямай на пысе. Мясцовыя ж коні былі ўсе цёмна-шэрыя, цяжкія целам — мабыць, уздзейнічала парода заходніх, ардэнскіх скакуноў альбо барбансонаў, на якіх так любяць ездзіць нямецкія рыцары. Міндоўгаў скакун, хаця і наравіста касавурыўся на дзяўчыну, дазволіў падняць капыты і палюбавацца на сярэбраныя цвікі, якімі былі падбітыя падковы, пагладзіць сябе па кароткай грыве.

— Я не знаходжу ў яго ніякай хваробы, — мовіла яна нарэшце.

— Значыць, цябе дарэмна хвалілі.

Дзяўчына схілілася перад ім у нізкім паклоне.

— Даруй, вялікі князь, што не змагла табе дапамагчы. Можа, ты папросіш паглядзець твайго каня каго іншага?

Напружаны позірк князя, якім ён нібы абмацваў танюткую дзявочую постаць, відавочна змякчыўся, зялёныя вочы пад ссівелымі брывамі пасвятлелі, вызначыўся няроўны выскал моцных белых зубоў:

— Не забылася, што я вялікі князь…

Шчоўкнуў пальцамі, слуга падаў яму бяроставы карабок. Міндоўг працягнуў яго Жывене. Расчыніўшы вечка, тая няўцямна падняла на дароўцу фіялкавыя вочы з пушыстымі вейкамі:

— За што мне падарунак?

Князь нягнуткімі пальцамі дастаў пярсцёнак з карабка. Дзівоснай сінечы лазурыт падобны быў да кветкі.

- Іншая б прыдумала хваробу, каб паказаць, на што здатная. А ты праўду сказала — здаровы мой Вецер.

І ўжо ўсеўшыся на каня, сказаў зверху:

— Хто твае бацькі?

Дзяўчынка паціснула плячыма, сказала спакойна:

— Усе мы дзеці Зямлі і Неба, толькі не ўсе ведаюць гэта.

— Аднак дзеда ты любіш.

— Я люблю ўсіх, бо мы ўсе душы, што прыляцелі сюды, каб зрабіць наканаванае.

— Як па-пісанаму чэшаш, Юр цябе разбяры! — развесялелы князь зграбастаў павады, загадаў: — Калі хто будзе крыўдзіць — перадай мне. Дзед твой мне верным застаўся, і ўнучку ягоную не пакрыўджу.

Жывена яшчэ раз лёгка схілілася ў паклоне і, нахіліўшыся над ёю, амаль прашаптаў князь:

— А ты не надта схіляйся, чуеш! Не надта!

Крануў павады, паехаў, не азіраючыся. Дзяўчынка жмурыла вочы пад млявым сонцам, гледзячы ўслед.

Вясновы дзень набіраў моц: трапяталі жаўранкі ў пераменліва-кіянітавым* прасторы, зялёным сокам наліваліся ля дарожак сцябліны прываратня** дый серабрыстага палыну, удалечыні слалася пад ветрам маладое жыта.