Выбрать главу

У гэты ж час служкі, што стаялі з дубовымі галінамі каля брамаў, рыхтаваліся ўздыхнуць з палёгкай: апошнія тубыльцы таропка заходзілі ў Храмавы горад, і толькі чатырох прыйшлося перапыніць. Звычайна не пускалі тых, хто залішне перабраў медавухі, таму што такім свяшчэннае вогнішча не толькі не дапамагала — наадварот, на віноўнага магло абрынуцца бяспамяцтва. Бывалі і моцна апантаныя злымі духамі — такім трэба было прайсці дадатковы абрад ачышчэння. Але якраз у той момант, калі служка Яр рыхтаваўся пакласці на зямлю ўжо звялае дубовае галлё, ля брамы спыніўся дарагі пародзісты скакун.

Коннік спрытна саскочыў на зямлю, і па адным гэтым руху спрактыкаванае вока служкаў магло згадаць выдатнага наезніка, да таго ж багатага: на ім быў аксамітавы каптан з дарагімі гузікамі, боты ільсніліся, як блішчыць толькі скура тонкага вырабу. Але, прыгледзеўшыся, можна было заўважыць, што адзін гузік выдраны разам з лапікам аксаміту, бронзавая фібула на плячы пагнутая, нібыта змятая няўмелымі пальцамі. І твар незнаёмца — яшчэ юначы, пульхны — нагадваў васковы злепак, па якім жорстка, ды ўмела прайшлася рука Творцы, але які, аднак, можа скамянець ці расплысціся, у залежнасці ад абставін. Цяпер гэты твар быў амаль прыгожым, ды неспакой дробнымі дрыжыкамі час ад часу прабягаў па ім.

Служкі трывожна пераглянуліся, убачыўшы скураныя, расшытыя нітамі похвы, адкуль тырчэў кінжал. Адзін з іх перагарадзіў незнаёмцу дарогу, але той з напружаннем вымавіў:

— Я… айн рэйтар*… пры князі Раман Данілавітш…

* Нямецкі воін-наезнік.

Яр агледзеў госця, раздумваючы; пасля ветліва пакланіўся і павольна, каб той зразумеў, папрасіў усё ж пакінуць кінжал пры кані, якога адвядуць у храмавую стайню і добра пакормяць. Немец незадаволена нахмурыўся, аднак падпарадкаваўся і пругка пайшоў да храма, дзе, мяркуючы па напружанай цішыні і гучных спевах, вось-вось павінен быў з'явіцца агонь. А Яр, падабраўшы дубовае вецце, подбегам паспяшаўся да звездара Вакулы, каб падзяліцца трывогай — што спатрэбілася ў храме аднаму з нямецкіх рэйтараў, якія з часу перахрышчвання ў каталіцтва былога вялікага князя Міндоўга ўжо не пакідалі Новагародка? Можа, князь Раман Данілавіч задумаў зачыніць новыя язычніцкія храмы, як хацеў гэта зрабіць сын Міндоўга Войшалк?

Але захмялелы і ад таго вясёлы Вакула адмахнуўся:

— Раману Данілавічу цяпер не час пра язычнікаў думаць. Над Галічам, дый і над намі, татарская навала навісае. А гэты малойчык прыехаў, я думаю, не да нас з табою.

— Ведаю, што не да нас, — нецярпліва занерваваўся Яр. — Ды і вялікага жраца зараз не папярэдзіш.

- І не вялікага жраца прагне ўбачыць немчык, — пасміхаўся Вакула.

— Каго ж тады? — няўцямна перапытаў Яр, неадабральна касавурачыся на кубак з рубінавымі кропелькамі, што паўзлі па мажнай жанчыне з кветкамі. Хацелася, ох як хацелася віна і яму, але толькі Вакула карыстаецца сярод іншых многімі недаступнымі для жрацоў і служкаў прывілеямі.

— Я думаю, яго сюды дзяўчына прывабіла.

— Дзяўчына? — недаверліва прыжмурыўся служка. — Калі ён камандзір, значыць, крыжак. А крыжакам, як вядома, жаніцца нельга, яны ж рыцары-манахі, ці не так?

— Нельга, нельга… Прыгажосць — страшная сіла, еўнух ты візантыйскі! Жаніцца нельга, а прыгажосць цягне… Толькі вось дзяўчыне нашай гэткі закаханы ці патрэбны? Дай я зірну. А ты не чакай. Віна не дам табе, колькі ні прасі.

Яр з прыкрасцю махнуў рукой, выходзячы, і толькі на парозе азірнуўся і трывожна перапытаў:

— Дык ён прыехаў да Жывены? Ты напэўна ведаеш, што чужынец не прычыніць храму ніякай шкоды?

Але Вакула ўжо забыўся на яго, паглыбіўшыся ў свае патаемныя вылічэнні, і нейкі час у святліцы было так ціха, што асмялелая мыш заскрэблася ў кутку. Пасля звяздар падняў галаву, прычыніў дзверы за Ярам і глыбока задумаўся. Затым выйшаў на пляцоўку, адкуль лепей было аглядаць неба.

Тысячамі вачэй-зорак глядзела на яго ноч, лёгкія белыя аблокі, падсветленыя залацістым святлом, плылі над лесам, над храмамі. «Як грыва адвечнага тысячавокага каня з сямю павадамі, што абходзіць Сусвет», — падумалася яму. Выява такога каня была высечаная на каменнях малога храма, куды часта прыходзіў Вакула, каб пастаяць пад велічэзнымі ялінамі, што атулялі кашлатымі галінамі з'едзеныя часам камяні.