Выбрать главу

Найболей жа, праўда, любіў ён сядзець у сваёй святліцы — і цёмнымі зорнымі начамі, назіраючы, як плывуць у бяскрайняй бездані велічныя планеты, і вечарамі, калі зоркі, як маладыя дзяўчаты, нясмела праціскаліся скрозь вечаровыя аблокі. І ніколі не пераставаў здзіўляцца строгай гармоніі, якою жыве неба. Тысячагоддзі назад такія ж, невядомыя нікому жрацы вылічылі, калі павінна з'явіцца ў нейкім кутку нябеснай бездані пэўная зорка, і яна з'яўлялася ў той самы, строга вылічаны час… Часта, углядаючыся ў планеты, ён загадваў, колькі ж нарадзілася зараз людзей і якія яны. Вось блакітная Чагір, чыё пульсаванне падобнае да трапяткіх штуршкоў у жылах: народжаныя пад ёю будуць вечна шукаць любові і прыгажосці. А тыя, хто з енкам правальваўся ў гэты свет пад чырвонай зоркаю вайны, будуць прагнуць перамогі і бітваў… Вось як зараз, калі лягла яна, зорка вайны і няшчасця, разам з Чорнай Поўняй, вялікай Маці — разбуральніцай, на шляхі бесклапотнай маладой дзяўчыны, якая так лёгка слізганула ў храм Ашвінаў, каб там наліць у драўляную чашу цёплага малака, змешанага з сомай, і пырснуць гэтай духмянай вадкасцю на ахвярнае вогнішча, а пасля спяваць, як спявае яна зараз, і голас нясецца высока-высока:

Прыязджайце на ладдзі нашых думак,

На трохмеснай, трохчленнай, цудоўна ўпрыгожанай

Калясніцы — прыязджайце, о Ашвіны!

(Усе тэксты гімнаў узятыя з «Рыгведы»)

Можа таму, што багі даруюць яму магчымасць зазіраць у будучыню, якая недаступная іншым, прыходзіць падчас невымернае шкадаванне і смутак, што смокча грудзі, як атрутная змяя?

На двары пачуліся крыкі. Людзі круціліся, выносячы некага з храма, нейкая кабета была загаласіла, але тут жа і змоўкла. А-а, гэта нехта з малельшчыкаў кінуўся ў вогнішча, каб разам з дымам і малітвамі Агонь перадаў яго багам. Нездарма раней у храме гадалі перад бітвамі, куды пацягнецца дым ад ахвярнага вогнішча. Калі схіляўся ён у той бок, дзе стаяў запытальнік, значыць, перамога дастанецца яму. Цяпер князі рэдка прыязджаюць да Ашвінаў, хіба толькі калі ад хвароб не дапамагаюць ні заморскія лекары, ні іншыя, больш знаёмыя багі: Пярун, Сварог, Вялес. Усё меней становіцца тых, каму дапамагаюць вялікія лекары Ашвіны, што намазваюцца святлом, як маззю, і аблятаюць свет на сваёй калясніцы, каб знайсці пакутнікаў і дапамагчы ім. Так, людзі навакол звяртаюцца да новых багоў, апошнім жа часам — да аднаго, чые храмы ўзводзяцца паўсюдна і дзе забараняюць звяртацца да зорак, каб спытацца пра нейчы лёс. Мабыць, той, хто толькі што ўзляцеў да багоў лёгка, нібы пёрка ці іскрынка, трапіў у вырай, але яму, Вакуле, хочацца жыць і жыць на гэтай зямлі, дзе так пакутліва-добра адчуваць хуткаплыннасць і непаўторнасць свайго існавання! І ён выпіў яшчэ віна, хаця трэба прачнуцца на дасвецці, калі схаваецца за небакраем Зверыніца і заціхне наваколле, чакаючы, пакуль жрацы запрагуць сваімі спевамі каня, што вязе сонца. А выпіўшы, вырашыў, што нічога не скажа маладой жрыцы пра нядобрага незнаёмца, які, па прадказанні зорак, стане на яе шляху, каб скрывіць яго і закруціць вузламі. А іх ох як нялёгка разблытваць слабому зямному чалавеку!

Жывена і сапраўды напачатку не заўважыла маладога германца, таму што адразу пасля абраду выйшла праз маленькія дзверкі, што туліліся ў глыбіні храма, адразу за драўлянымі постацямі Ашвінаў. У яе быў сёння вялікі дзень — упершыню дазволена будзе на ранку, пасля гімна ранішняй Зары, лячыць людзей адной, без Святазара. Дзевяностагадовы вярхоўны жэц сапраўды саслабеў: кашчавыя рукі яго дробна дрыжалі, калі круціў свярдзёлак, таму дзяўчына, гледзячы на адтуліну, усім сэрцам, усёй істотай жадала, каб «сын моцы», як называюць у гімнах свяшчэнны агонь, таму што здабываецца ён праз сілу рук і сілу духу — каб Агонь хутчэй затрапятаў над кавалкам дрэва. Нягледзячы на сваю маладосць, яна добра заўважыла, што іншыя жрацы таксама нібы стараліся дапамагчы Святазару. Але які нядобры позірк быў у Істра! Яшчэ паўгода таму, як рыхтаваліся яны да сённяшняга летняга раўнадзенства, а Святазар выкінуў прыгатаваныя гэтым жрацом травы, сказаўшы, што яны не маюць гаючай сілы, бо рвалі іх без любові, працадзіў Істр услед вярхоўнаму жрацу:

— Шкада, не дажыве ён да дасканалай мудрасці*!

* У стражытных арыяў гэта быў узрост 108 гадоў.

Але ў голасе не было шкадавання, а была патаемная прыкідка, і Відэвут, чые зёлкі былі адобраныя Святазарам, ціха засмяяўся:

— Табе не быць пасля Святазара вярхоўным жрацом, выкінь гэта з галавы, брат!