Пакуль яны гутарылі, у храме Ашвінаў заканчвалася набажэнства, і чырвонае святло на трох ахвярных кастрышчах пацьмянела, кідаючы над цагляным колам жмені іскрынак. Багі каля сценаў стаялі нерухома, жалезныя латы на Перуне грозна выблісквалі. Вернікі выходзілі на пляцоўку перад храмам, дзе ад новага агню распалена яшчэ адно вогнішча: туды можна кідаць шпулькі нітаў, пасмы лёну. Гэта сімвалы ўсяго, ад чаго хацеў бы выбавіцца кожны з прысутных — іхнія трывогі, жахі, хваробы. Некаторыя ўжо выходзілі з Храмавага горада, забіраючы гаршэчкі, што стаялі ля брамы. Там тлела вуголле ад свяшчэннага вогнішча; людзі панясуць новы агонь у хаты і зямлянкі і будуць старацца падтрымліваць яго ў сваіх ачагах нязгасным. Тыя ж з набажэнцаў, хто хацеў, каб іх агледзелі жрацы і выгналі злых духаў, што насылаюць хваробы, усаджваліся перад вогнішчам. Яны будуць чакаць ранішняй зары, каб пайсці ў маленькі старадаўні храм.
Маладзік, прапорваючы вострым рогам неабдымную цемру начы, плыў высока ў небе, калі апошні жрэц услед за Святазарам выйшаў з храма Ашвінаў і пайшоў да сябе, каб змыць стому і пераапрануцца. Святазар жа затрымаўся каля вогнішча. Ціхім голасам сказаў ён да прысутных, каб не гаманілі яны паміж сабой, а сядзелі ціха, паглыбляючыся ў думкі аб вечнасці душы і хуткаплыннасці жыцця.
— Спагадайце ўсім, каго вы пакрыўдзілі, хаця здаецца вам, што вінаваты іншыя. Тады лягчэй будзе змагацца з цёмнымі духамі ўнутры вас.
Яны сядзелі, хто — уважліва, а хто і няўцямна гледзячы на старога чалавека, а калі той пайшоў, нейкі час сядзелі моўчкі. Аднак праз нейкую хвіліну хтосьці выціснуў з сябе слоўца, што пякло душу, пасля сарокай застракатала на вуха суседу кабета, цыкнуў на яе муж. І ўсе яны ўпотай сачылі за маладым германцам, якому не сядзелася ля вогнішча. Ён нервова расхаджваў паміж храмамі, паспрабаваў зазірнуць у вузкую аканіцу меншага, прыцягнены мігатлівым ззяннем свечкі. Але гэта ўсяго толькі служка раскладаў на сярэбраных падносах зёлкі. Затое другі служка ціха папярэдзіў госця, каб не заходзіў ён, крый яго Ашвіны, на каменную дарожку, што вядзе да Менцязі.
— Можа, адвесці цябе ў нашыя святліцы для прыезджых? Яны збоку ад усходняй брамы. Жрэц Святазар не можа цябе прыняць, яму трэба рыхтавацца да абраду, — Яр, гаворачы гэта, не зводзіў дапытлівага позірку з бледнага твару германца. Але той, здавалася, амаль не слухаў.
— Ваша жрыца… яна зноў будзе там, на абрадзе? — запытаўся ён раптоўна.
— Пра каго ты гаворыш? — Яр прыкінуўся някемлівым.
— Пра ўнучку баярына Агапія, — з цяжкасцю вымаўляючы тутэйшыя словы, прамовіў прыезджы, і бледны твар яго, каб мог бачыць у паўцемры Яр, выдаў ягоны стан: ён раптоўна пабарвавеў.
— Ты кажаш пра Жывену? Але яна будзе займацца лячэннем. У храме Лялі… - Яр паправіўся, — Аўшры прымаюць хворых. Сёння прымаюць, — зноў паправіўся служка.
Штосьці бянтэжыла яго ў нерухомым твары госця; вачніцы яго здаваліся ў месяцавым святле глыбокімі, як у мерцвяка, абглыданага агнём, — Яру час ад часу даводзілася выносіць з полымя людзей, што кідаліся ў кастрышча. Вось і сёння той, хто задыхнуўся ў дыме, ляжаў у яго на руках. Яру здавалася, што ён ніколі не прывыкне да гарэлага паху чалавечай плоці і да таго, як пакутліва выходзіць з яе душа.
— Я хацеў бы пабачыць яе да абраду…
У месяцавым святле бліснула, як рыбка на вудзілішчы, сярэбраная манета. Служка адступіў. Нямецкая марка! Сярэбраны паднос, на якім ляжаць зёлкі ў храме, каштуе дзве такія манеты — цяжкія, як капыты дзіка.
— Мяне выганяць з храма, — амаль умольна прашаптаў ён. І зноў адступіў, матляючы галавой: — Яна рыхтуецца, а Юрна сцеражэ яе, як ваўчыца. Крый мяне Ашвіны. каб я ўзяў грошы ад немца.
Ён крута павярнуўся, амаль пабег па дарожцы. Вочы любай сястры, Нары, паглядзелі на яго з дакорам. Ёй хацелася замуж за Дубіну, самага дужага хлопца ў селішчы, а бацька Дубіны сватаў Каліну, у якой чатыры каровы і 6 грыўнаў срэбрам. А за іх жа… 300 аўчын альбо 2 кабылы, альбо 2 каровы — вось што можна было купіць за такі пасаг! Але, бегучы, Яр усё матляў галавой, і сестрыны вочы хутка зніклі, заслаліся ў ягоных думках іншым — сённяшнім абрадам і ўсімі справамі, звязанымі з ім. Падрыхтаваць ручнікі, драўляны посуд для напояў, крэмневыя нажы, глякі, забегчы на стайню да любімага жарабка Жывены, на якім яна сёння выедзе да вернікаў…
А тым часам Ашвіны выконвалі сваю звычайную працу — перапраўлялі людзей праз Ноч да раніцы. Так прасілі іх кожны вечар жрацы храма. І багі, упрыгожаныя зорнымі бранзалетамі, добразычліва прынялі сённяшнія ахвяры: багіня ранішняй зары, Аўшра, імкліва ўспарола сваім мячом пярыну аблокаў, і па першым яе ружовым слядку пацягнуліся на каменную вежу жрацы. Старажытны гімн выконваўся, як многія стагоддзі, на санскрыце, але рэчытатывам падхопліваў рытм Істр, прагаворваючы гімны на мясцовай мове: