Вялікія Ашвіны, Зара-зараніца, дапамажыце!
…Каб ножанькі мае пайшлі…
…Каб замуж мяне сёлета ўзялі…
Каб маё чэрава стала плодным…
Вогненна-чырвоная зара, што ахапіла паўнеба, здавалася, пульсавала ў рытме музыкі і спеваў, якія паступова падпарадкоўвалі сабе ўсіх, хто тут сабраўся. І тады трэці раз нібы пракацілася па галовах меднае: «Гу-у-ух!»
Заварушыліся цяжкія гранітныя кубы; адпаўзаючы ўбакі, яны адкрывалі чэрава храма. Там, уверсе, скрозь вузкае акно з рознакаляровымі шклінамі цякло святло, адлюстроўваючыся ў бронзавых люстэрках, якія, нібы збіраючы праменні ў адно, факусіравалі іх на трох барэльефах, што выступалі на шурпатай сцяне. Гэта былі два юнакі і дзяўчына з доўгімі валасамі, што трымаліся за рукі. Гірлянды кветак віселі на іх шыях, валасы дзяўчыны развяваліся — нібы вецер нёс іх высока над людскімі клопатамі. Але яны ўсміхаліся людзям. І тыя ўкленчылі перад боствамі, кладучы ля іх ног свае дары. Зноў загучала жалейка, жрацы павярнулі бронзавыя люстэркі. Нібыта выступіўшы са сцен, выйшлі пад святло трое: дзяўчына ў доўгай парчовай сукні і два юнакі ў чырвоных шаўковых кашулях з залататканымі паясамі. Узяўшыся за рукі, як на барэльефе, яны пайшлі з храма, ведучы за сабою натоўп, які, апроч тых, хто не мог ісці, пацягнуўся за імі — енчачы, усхліпваючы, плачучы. Абышоўшы тры разы вакол храма, дзе ля сцен служкі паспелі паставіць мноства васковых свечак, троіца спынілася зноў ля ўваходу. Тут ужо стаялі тры крэслы з высокімі разьбянымі спінкамі; Жывена села пасярэдзіне.
Сёння быў яе дзень, таму Відэвут і Істр дапамагалі ёй: аглядаючы хворых, яна загадвала даць кожнаму свае лекі — пук зёлак, сцябліны, мох. Служкі дапамагалі жрацам: мазалі маззю ці мёдам барвова-сінія з'едзіны на скуры, бінтавалі палатнянымі сувойчыкамі і карою бяроз вывіхнутыя на паляванні рукі ці ногі. Цестам мазалі раны, што доўга не хацелі гаіцца. Але і той, хто атрымаў дапамогу, не адыходзіў, толькі садзіўся ў большай ці меншай аддаленасці ад храма і чакаў.
Жывена даўно прыгледзела сярод цяжкахворых таго, на кім яна павінна будзе сёння паказаць сваё ўмельства. Гэта была маладая дзяўчына з запалымі ліхаманкавымі вачамі, з доўгімі нерухомымі нагамі, што цягнуліся па пяску, калі яе, трымаючы пад пахі, падвалаклі да храма. Цёмныя валасы яе, спушчаныя над вухам у выглядзе пятлі, абярог, што вісеў на падраным сухажыллі, тоўсты карычневы андарак — усё выдавала застарэлы адчай і разам з тым выяўляла надзею, якою жыла гэтая, па ўсім відно, надзвычай уражлівая істота: у валасах скамечылася барвовая разетка шыпшыны, на андараку былі нашытыя тоўстымі барвовымі нітамі такія ж кветкі. Таму, калі ўсім, апроч тых, хто нерухома сядзеў, не маючы відавочных пашкоджанняў, была аказана дапамога, Жывена ўстала з крэсла.
— Я малюся за ўсіх вас, — сказала яна, — я за ўсіх прашу цудадзейных Ашвінаў, якія вяртаюць жыццё памерлым, вылечваюць сляпых і кульгавых, дастаюць з бездані тых, хто згубіў надзею. Але цуд знаходзіць толькі таго, хто адкінуў прэч свае правіны і гатоў душою ачысціцца…
Яна гаварыла, а сама нібы адначасна звярталася да дзяўчыны:
— Усё, што ёсць у табе жывога, устрасяніся! Усё, што дасць табе каханне і свет, радасць і мацярынства — паўстань!
Сіла, якую яна песціла доўгімі пакутлівымі маленнямі і ачышчэннямі, гадавала ў сабе пад прыглядам мудрага Святазара, абудзілася ў ёй і з кожнай хвілінай мацнела, нібы сыходзіла на яе з самых глыбінь Сусвету… Нібы Ашвіны, якія, як казала вучэнне, былі народжаныя ад смеху маланкі, узнялі яе рукі і сказалі яе голасам:
— Падыдзі да мяне!
Ногі ў скураных поршнях заторгаліся, моцнымі рукамі хворая абаперлася на сваіх суправаджальнікаў… і раптам устала і, хістаючыся, пайшла да Жывены. Служкі паспелі падхапіць хворую за плечы, калі яна, спатыкнуўшыся, пачала падаць, зайшоўшыся ў істэрычна-радасным:
- Іду-у!
Знямелы ад убачанага, натоўп загаласіў, загалёкаў, заплакаў на розныя галасы, і раптам сярод бязладзіцы галасоў пачулася:
— Залатая жрыца! Залатая жрыца! Ляля! Люба!
Жывена перавяла дыханне, вочы заіскрыліся радасцю. Кожная жрыца Ашвінаў павінна была праводзіць абрад вылечвання ў дзень летняга сонцастаяння, а калі ён праходзіў няўдала, гэта зачыняла перад ёю дзверы храма на год, да наступнага разу. І год гэты быў суровы: пасты, ачышчэнні, падземныя храмавыя маленні гадзінамі, цэлымі днямі, а то і начамі. Яна перавяла вочы на Відэвута і заружавелася: ён глядзеў на яе захоплена, вузкія вочы свяціліся сінім, тавусінавым* колерам, як у самацветаў на скураных шчытах Перуна і Вялеса. Кажуць, гэткі ж камень упрыгожвае алтар у Дзесяціннай царкве хрысціян у Кіеве.