Выбрать главу

* Лабрадор называлі «тавусіным» (паўлінавым) каменем.

Вернікі зноў заходзілі ў храм — дзякаваць Ашвінам і Аўшры, а таксама каб абкурылі іх духмяным дымам з бурштыну — празрыстага жоўтага каменю, што прывозяць з берагоў мора балтаў. Дым гэты адганяе злых духаў, нездарма абкурваюць ім у багатых сем'ях немаўлят і маладых перад першай шлюбнай ноччу.

Жывена павярнулася, каб ісці, але ногі яе нібы прыраслі да пяску — пад дубовымі шатамі, што зацянялі дарогу да ўсходняй брамы, стаяў нямецкі госць. Бясстрасны і нерухомы, нібы хваёвая іглінка, што застыгла ў бурштынавай смале раніцы, і такі ж колкі, ён глядзеў на яе здаля, і нельга было зразумець, што было ў позірку тэўтона: ухвала ці пагроза. Відэвут і Істр ужо спусціліся ў падзямелле храма, каб пакінуць там свяшчэннае адзенне, што апранаюць толькі для абрадаў. Юрна ціха шапнула ёй на вуха:

— Паспяшайся!

— Пазаві яго сюды, — гэтак жа ціха адказала Жывена. Юрна здзіўлена ўскінулася, але дзяўчына ўладна зірнула на яе, і прыслужніца нехаця падышла да нежаданага госця.

— Цябе кліча жрыца.

І, убачыўшы крыж на ягоных грудзях, адхіснулася з непрыязнасцю:

— Што ад нас трэба крыжакам?

Тэўтон не слухаў прыслужніцу, ён павольна, але ўпэўнена падыходзіў да Жывены.

— Ты выглядаеш, як чорны вястун няшчасця, рыцар Райнер. Што-небудзь здарылася з маім дзедам? Кажы хутчэй.

Рыцар адмоўна паківаў галавой.

— Тады з маёй цёткай Апфіяй?

— Наколькі я ведаю, яна таксама здаровая.

— Тады, значыць, ты прыехаў да вярхоўнага жраца, — з палёгкай уздыхнула Жывена. — Што ж, раз у нашай сям'і ўсё добра…

— Ты забылася на Яўлампію, жонку твайго дзеда.

— Так, я забылася на яе, — нецярпліва згадзілася Жывена. — Але, спадзяюся, і з ёю не спяшаецца ўбачыцца багіня Мара*?

* Багіня смерці.

— Ты ўсё смяешся… А я прыехаў… прыйшоў, каб падарыць табе вось што. Я еду адсюль у Рыгу.

З кашаля на поясе ён дастаў белую шаўковую хустку, разгарнуў — і дзяўчына ледзь не ўскрыкнула: рэдкай прыгажосці камень, густога аксамітава-чырвонага колеру, падобны да галубінага яйка, прымацаванага да сярэбранага ланцужка, зайграў адшліфаванымі гранямі, таямнічай глыбінёй, што, здавалася, не мела дна.

— Адкуль ён? Гэта, здаецца, піропас*? Але я ніколі не бачыла такога!

* Рэдкі сорт граната.

— Ён з Багеміі і вельмі старажытны. Бачыш, грані пашчэрбленыя.

— Аддай яго ў храм Аўшры. Толькі багіня можа насіць такое.

Райнер адмоўна пахітаў галавой.

— Я хрысціянін і даў клятву выкараняць паганства дзе магу і як магу.

— Але да нас ты прыйшоў.

— Я прыйшоў да цябе, унучка хрысціяніна. Госпад даў табе вялікі дар, але душа твая яшчэ не асветленая.

Дзяўчына нахмурылася.

— Мне няма часу гаварыць з табою. Ведай: я не прыму твой падарунак. У мяне няма нічога свайго, я толькі жрыца Ашвінаў.

Твар яго здаваўся выразаным ужо не з воску, а з каменю.

— Прашу цябе, вазьмі. Мне будзе прыемна думаць, што гэты камень упрыгожвае цябе яшчэ болей…

— Не!

Тады ён спакойна, без напружання, узняў цяжкі каменны падсвечнік, у якім аплывала вялікая свечка і які стаяў ля парога, і з усяе сілы апусціў яго на камень, што кінуў на парог. Пырснулі барвовыя аскабалкі, адзін з іх упіўся Жывене ў руку. Пацякла кроў.

— Ён апанаваны Лядашчыкам*! — спалохана прашаптала Юрна, але тэўтонец, сцяўшы сківіцы, крутануўся на месцы і хутка накіраваўся да брамы, не азіраючыся. Жывена працягнула руку і, гледзячы на пунсовы парэз, што струменіўся крывёю, пачала ціха шаптаць замову. Набажэнцы, якія яшчэ заставаліся перад храмам, глядзелі на яе спалохана і сцішана, як бы зноўку чакаючы цуда. А калі парэз на іхніх вачах стаў зацягвацца, нібы раствараючыся, яны ўкленчылі перад дзяўчынай, і было відно, як не хочацца ім ісці адсюль у свой звычайна-будзённы свет, дзе падсцерагаюць іх Карачун і Лесавік, альбо Аўсенік ці Лазнік, альбо казытлівыя русалкі, а над усімі — злавесная багіня смерці Мара. Тут, у храме, ім абяцалі і давалі абарону і дапамогу, і яны, падпаўзаючы да Жывены і стараючыся пацалаваць яе руку ці дакрануцца да сукні, шапталі:

— Залатая жрыца, думай пра нас!

* Злы дух у славян.

— Цябе чакаюць, — зноў прашаптала ёй Юрна. — Святазар павінен зачыніць свяцілішча.

Тады маладая жрыца схамянулася. Яна ласкава адарвала ад сябе чэпкія рукі вылечанай ёю хворай і, развітаўшыся з усімі, накіравалася ў падзямелле, дзе, выйшаўшы з пакоя, куды мог уваходзіць толькі ён адзін, чакаў яе Святазар.