Выбрать главу

Яна прыклала далоні да шчок і крыкнула:

— Ах, ах, ах!

Пад акном, матляючы вушамі, з'явіўся высакародны пудзель Артамон. Ён толькі што абстрыг сабе заднюю палавіну тулава, што рабіў кожны дзень. Кучаравая поўсць на пярэдняй палавіне тулава была расчасана, кутасік на канцы хваста перавязаны чорным бантам. На пярэдняй лапе — сярэбраны гадзіннік.

— Я гатоў!

Артамон павярнуў убок нос і прыўзняў верхнюю губу над белымі зубамі.

— Пакліч каго-небудзь, Артамон! — сказала дзяўчынка. — Трэба зняць небараку Бураціна, перанесці ў дом і запрасіць доктара…

— Гатоў!

Артамон ад гатоўнасці так закруціўся, што сыры пясок паляцеў з-пад яго задніх лап…

Ён кінуўся да мурашніка, брэхам пабудзіў усё насельніцтва і паслаў чатырыста мурашак — перагрызці вяроўку, на якой вісеў Бураціна.

Чатырыста сур'ёзных мурашак папаўзлі адна за адной па вузенькай сцяжынцы, залезлі на дуб і перагрызлі вяроўку.

Артамон падхапіў пярэднімі лапамі Бураціна і занёс яго ў дом… Паклаўшы Бураціна на ложак, сабачым галопам памчаўся ў лясны зараснік і адразу ж прывёў адтуль славутага доктара Саву, фельчарыцу Жабу і народнага лекара Багамола, падобнага на сухі сучок.

Сава прыклала вуха да грудзей Бураціна.

— Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы, — прашаптала яна і адвярнула галаву назад на сто восемдзесят градусаў.

Жаба доўга ціскала вільготнай лапай Бураціна. У роздуме глядзела вытрашчанымі вачыма адразу ў розныя бакі.

Прачаўкала вялікім ротам:

— Пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы…

Народны лекар Багамол сухімі, як травінкі, рукамі пачаў кратаць Бураціна.

— Адно з двух, — прашапацеў ён, — або пацыент жывы, або ён памёр. Калі ён жывы — ён застанецца жывым або ён не застанецца жывым. Калі ён мёртвы — яго можна ажывіць або нельга ажывіць.

— Шшшарлатанства, — сказала Сава, узмахнула мяккімі крыламі і паляцела на цёмныя вышкі.

У Жабы ад злосці надзьмуліся ўсе бародаўкі.

— Якое брррыдкае невуцтва! — квакнула яна і, шлёпаючы жыватом, паскакала ў сыры склеп.

Лекар Багамол на ўсякі выпадак прыкінуўся высахлым сучком і вываліўся за акенца.

Дзяўчынка пляснула прыгожанькімі рукамі:

— Ну як жа мне яго лячыць, грамадзяне?

— Рыцынай, — квакнула Жаба з-пад падлогі.

— Рыцынай! — пагардліва зарагатала Сава на вышках.

— Або рыцынай, або не рыцынай, — праскрыгатаў за акном Багамол.

Тады падрапаны, у сіняках, няшчасны Бураціна прастагнаў:

— Не трэба рыцыны, я вельмі добра сябе адчуваю.

Дзяўчынка з блакітнымі валасамі клапатліва нахілілася над ім.

— Бураціна, прашу цябе — зажмурся, заткні нос і выпі.

— Не хачу, не хачу, не хачу!..

— Я табе дам драбок цукру!..

У той жа момант па коўдры на ложак узлезла белая мыш, яна трымала драбок цукру.

— Ты яго атрымаеш, калі будзеш мяне слухацца, — сказала дзяўчынка.

— Адзін цууууукар дайце…

— Ды зразумей жа, — калі не вып'еш лекаў, ты можаш памерці…

— Лепш памру, чым піць рыцыну…

Тады дзяўчынка сказала строга, дарослым голасам:

— Заткні нос і глядзі ў столь… Раз, два, тры.

Яна ўліла рыцыну ў рот Бураціна, адразу ж сунула яму драбок цукру і пацалавала.

— Вось і ўсё…

Высакародны Артамон, які любіў усё, што добра канчалася, схапіў зубамі свой хвост, круціўся пад акном, як віхор з тысячы лап, тысячы вушэй, тысячы бліскучых вачэй.

Дзяўчынка з блакітнымі валасамі хоча выхоўваць Бураціна

Назаўтра раніцай Бураціна прачнуўся вясёлы і здаровы, нібы нічога не здарылася.

Дзяўчынка з блакітнымі валасамі чакала яго ў садзе, седзячы за маленькім сталом, застаўленым лялечнай пасудай.

Яе твар быў свежа вымыты, на кірпатым носіку і шчоках — кветкавы пылок.

Чакаючы Бураціна, яна з прыкрасцю адмахвалася ад надакучлівых матылькоў:

— Ды ну вас, сапраўды…

Акінула вачыма драўлянага хлапчука з галавы да ног, зморшчылася. Загадала яму сесці за стол і наліла ў маленькі кубачак какавы.

Бураціна сеў за стол, заклаў пад сябе нагу. Міндальныя пірожныя ён запіхваў у рот цалкам і глытаў не жуючы.

У вазу з варэннем залез проста пальцамі і з асалодай іх аблізваў.

Калі дзяўчынка адвярнулася, каб кінуць некалькі крошак пажылому жужалю, ён схапіў кафейнік і выпіў усю какаву праз носік.

Папярхнуўся, разліў какаву на абрус.

Тады дзяўчынка сказала яму строга:

— Выцягніце з-пад сябе нагу і апусціце яе пад стол. Не ежце рукамі, для гэтага ёсць лыжкі і відэльцы.