Ад абурэння яна міргала вейкамі.
— Хто вас выхоўвае, скажыце, калі ласка?
— Калі тата Карла выхоўвае, а калі ніхто.
— Цяпер я займуся вашым выхаваннем, будзьце спакойны.
«Вось дык уліп!» — падумаў Бураціна.
На траве вакол дома ганяўся пудзель Артамон за маленькімі птушачкамі. Калі яны садзіліся на дрэвы, ён задзіраў галаву, падскакваў і брахаў з падвываннем.
«Здорава птушак ганяе», — з зайздрасцю падумаў Бураціна.
Ад прыстойнага сядзення за сталом у яго па ўсім целе паўзлі мурашкі.
Нарэшце пакутлівае снеданне скончылася. Дзяўчынка загадала яму выцерці з носа какаву. Паправіла складачкі і банцікі на сукенцы, узяла Бураціна за руку і павяла ў дом — займацца выхаваннем.
А вясёлы пудзель Артамон гойсаў па траве і брахаў, птушкі, ніколькі не баючыся яго, весела свісталі, ветрык весела лятаў над дрэвамі.
— Здыміце вашы лахманы, вам дадуць прыстойную куртку і штонікі, — сказала дзяўчынка.
Чацвёра краўцоў — майстар-адзіночка, пануры рак Шаптала, шэры Дзяцел з чубком, вялікі жук Рагач і мыш Лізета — шылі са старых дзявочых сукенак прыгожы хлапчукоўскі касцюм. Шаптала кроіў, Дзяцел дзюбай пратыкаў дзіркі і шыў, Рагач заднімі нагамі сукаў ніткі, Лізета іх перагрызала.
Бураціна было сорамна надзяваць дзявочыя абноскі, але прыйшлося ўсё-такі пераадзецца. Сапучы носам, ён схаваў у кішэню новай курткі чатыры залатыя манеты.
— Цяпер сядзьце, пакладзіце рукі перад сабой. Не горбіцеся, — сказала дзяўчынка і ўзяла кавалачак крэйды. — Мы зоймемся арыфметыкай… У вас у кішэні два яблыкі…
Бураціна хітра падміргнуў.
— Хлусіце, ніводнага…
— Я кажу, — цярпліва паўтарыла дзяўчынка, — дапусцім, што ў вас у кішэні два яблыкі. Нехта ўзяў у вас адзін яблык. Колькі ў вас засталося яблыкаў?
— Два.
— Падумайце як след.
Бураціна зморшчыўся, — гэтак здорава падумаў.
— Два…
— Чаму?
— Я ж не аддам Нехту яблык, хоць ён нават біцца будзе!
— У вас няма ніякіх здольнасцей да матэматыкі, — з засмучэннем сказала дзяўчынка. — Зоймемся дыктантам.
Яна ўзняла да столі прыгожанькія вочы.
— Пішыце: «А ружа упала на лапу Ажура». Напісалі? Цяпер прачытайце гэтую чараўнічую фразу наадварот.
Нам ужо вядома, што Бураціна ніколі нават не бачыў пяра і чарніліцы.
Дзяўчынка сказала: «Пішыце», — і ён адразу ж сунуў у чарніліцу свой нос і страшэнна напалохаўся, калі з носа на паперу ўпала чарнільная клякса.
Дзяўчынка пляснула рукамі, у яе нават пырснулі слёзы.
— Вы брыдкі свавольнік, вы павінны быць пакараны!
Яна высунулася ў акенца.
— Артамон, завядзі Бураціна ў цёмную каморку.
Высакародны Артамон з'явіўся ў дзвярах, паказваючы белыя зубы. Схапіў Бураціна за куртачку і, адступаючы задам, пацягнуў у каморку, дзе па кутках у павуцінні віселі вялікія павукі. Замкнуў яго там, пагыркаў, каб як след напалохаць, і зноў памчаўся за птушкамі.
Дзяўчынка кінулася на лялечны карункавы ложак і заплакала ад таго, што ёй давялося абысціся так жорстка з драўляным хлопчыкам. Але калі ўжо ўзялася за выхаванне, справу трэба давесці да канца.
Бураціна бурчаў у цёмнай каморцы:
— Вось дурная дзяўчынка… Знайшлася выхавальніца, падумаеш… У самой фарфоравая галава, тулава, ватай напханае…
У каморцы пачуўся тоненькі скрып, нібы хтосьці скрыгатаў дробнымі зубамі:
— Слухай, слухай…
Бураціна падняў запэцканы ў чарніла нос і ў цемры распазнаў кажана, які вісеў пад столлю ўніз галавой.
— Табе чаго?
— Дачакайся ночы, Бураціна.
— Цішэй, цішэй, — шамацелі павукі па кутках, — не гайдайце нашых сетак, не адпужвайце нашых мушак…
Бураціна сеў на пабіты гаршчок, падпёр шчаку. Ён трапляў у перапалкі і горшыя за гэтую, але абурала несправядлівасць:
— Хіба так выхоўваюць дзяцей?.. Гэта пакута, а не выхаванне… Гэтак не сядзі ды гэтак не еш… Дзіця, можа, яшчэ буквара не засвоіла, — яна адразу за чарніліцу хапаецца… А сабака нябось ганяецца за птушкамі, — яму нічога…
Кажан зноў запішчаў:
— Дачакайся ночы, Бураціна, я цябе павяду ў Краіну Дурняў, там чакаюць цябе сябры — кот і лісіца, шчасце і весялосць. Чакай ночы.
Бураціна трапляе ў Краіну Дурняў
Дзяўчынка з блакітнымі валасамі падышла да дзвярэй каморкі.
— Бураціна, дружа мой, вы каецеся нарэшце?
Ён быў вельмі сярдзіты, да таго ж у яго зусім іншае было ў галаве.
— Вельмі трэба мне каяцца! Не дачакаецеся…
— Тады вам давядзецца праседзець у каморцы да раніцы…
Дзяўчынка горка ўздыхнула і пайшла.
Настала ноч. Сава зарагатала на вышках. Жаба выпаўзла з-пад падлогі, каб шлёпаць жыватом па адбітках месяца ў лужынах.