Выбрать главу

Дзяўчынка легла спаць у карункавы ложачак і доўга з жалем усхліпвала, засынаючы.

Артамон, уткнуўшы нос пад хвост, спаў каля дзвярэй яе спальні.

У доміку гадзіннік з маятнікам прабіў поўнач.

Кажан сарваўся са столі.

— Пара, Бураціна, уцякай! — піскнуў яму над вухам. — У кутку каморкі ёсць пацучыны ход пад падлогу… Чакаю цябе на палянцы…

Кажан вылецеў праз дахавае акно. Бураціна кінуўся ў куток каморкі, блытаючыся ў павуцінні. Услед яму злосна шыпелі павукі.

Ён папоўз пацучыным ходам пад падлогу. Ход быў усё вузейшы і вузейшы. Бураціна цяпер ледзь пралазіў пад зямлёй… І раптам галавой уніз паляцеў пад падлогу.

Там ён ледзь не трапіў у пацучыную пастку, наступіў на хвост вужу, які толькі што напіўся малака са збанка ў сталовай, і праз кашэчы лаз выскачыў на палянку.

Над блакітнымі кветкамі бясшумна лятаў кажан.

— За мной, Бураціна, у Краіну Дурняў!

У кажаноў няма хваста, таму кажан лятае не проста, як птушка, а ўверх і ўніз — на перапончатых крылах, уверх і ўніз, падобны на чорціка; рот у яго заўсёды адкрыты, каб, не трацячы часу, па дарозе лавіць, кусаць, глытаць жыўцом камароў і начных матылькоў.

Бураціна бег за ім па шыю ў траве, мокрая дзяцеліна хвастала яго па шчоках.

Раптам кажан высока рвануўся да круглага месяца і адтуль крыкнуў камусьці:

— Прывёў!

Бураціна адразу ж кулём паляцеў уніз з крутога абрыву. Каціўся, каціўся і шлёпнуўся ў лопух.

Падрапаны, поўны рот пяску, з вылупленымі вачыма, сеў.

— Ух, ты!..

Перад ім стаялі кот Базіліо і лісіца Аліса.

— Смеленькі, адважненькі Бураціна, мабыць, зваліўся з месяца, — сказала лісіца.

— Дзіўна, як ён жывы застаўся, — панура сказаў кот.

Бураціна ўзрадаваўся старым знаёмым, хоць яму здалося падазроным, што ў ката перавязана анучай правая лапа, а ў лісіцы ўвесь хвост запэцканы балотнай тванню.

— Не было шчасця, дык няшчасце памагло, — сказала лісіца, — затое ты трапіў у Краіну Дурняў…

І яна лапай паказала на паламаны мост цераз высахлы ручай. На тым баку ручая сярод кучаў смецця відаць былі старэнькія домікі, чэзлыя дрэвы з абламаным галлём і званіцы, пахіленыя ў розныя бакі…

— У гэтым горадзе прадаюцца славутыя курткі на заечым футры для таты Карла, — аблізваючыся, спявала лісіца, — азбукі з каляровымі малюнкамі… Ах, якія прадаюцца салодкія піражкі і ледзянцовыя пеўнікі на палачках! Ты ж не згубіў яшчэ сваіх грошай, цудоўненькі Бураціна?

Лісіца Аліса памагла яму ўстаць на ногі, наслініўшы лапу, пачысціла яму куртачку і павяла цераз паламаны мост.

Кот Базіліо панура клыпаў ззаду.

Была ўжо сярэдзіна ночы, але ў Горадзе Дурняў ніхто не спаў.

Па крывой гразкай вуліцы бадзяліся худыя сабакі ў калючках, пазяхалі ад голаду:

— Э-хе-хе…

Козы з абшарпанай шэрсцю на баках скублі запыленую траву каля тратуара, трэслі агрызкамі хвастоў.

— Б-э-э-э-э-так…

Апусціўшы галаву, стаяла карова; у яе косці тырчалі скрозь скуру.

— Мууучэнне… — паўтарала яна задуменна.

На камяках гразі сядзелі аскубеныя вераб'і, — яны не ўзляталі — хоць тапчы іх нагамі…

Хісталіся ад знямогі куры з выдранымі хвастамі…

Затое на скрыжаваннях стаялі навыцяжку лютыя бульдогі-паліцэйскія ў трыкутных капелюшах і ў калючых нашыйніках.

Яны крычалі на галодных і шалудзівых жыхароў:

— Пррраходзь! Тррымай прррава! Не затрррымлівайся!..

Лісіца цягнула Бураціна далей па вуліцы. Яны ўбачылі сытых катоў у залатых акулярах, якія гулялі пры святле месяца па тратуары, пад ручку з кошкамі ў каптурыках.

Гуляў тоўсты Ліс — губернатар гэтага горада, важна задраўшы нос, і з ім — фанабэрыстая лісіца, якая трымала ў лапе кветку начной фіялкі.

Лісіца Аліса шапнула:

— Гэта гуляюць тыя, хто пасеяў грошы на Полі Цудаў… Сёння апошняя ноч, калі можна сеяць. К раніцы збярэш кучу грошай і накупляеш усялякай усялячыны… Хадзем хутчэй…

Лісіца і кот прывялі Бураціна на пустку, дзе валяліся пабітыя гаршкі, падраныя чаравікі, дзіравыя галёшы і анучы… Перабіваючы адзін аднаго, залапаталі:

— Капай ямку.

— Кладзі залатыя.

— Пасып соллю.

— Зачарпні з лужыны, палі як след.

— Ды не забудзься сказаць «крэкс, фэкс, пэкс».

Бураціна пачухаў нос, запэцканы ў чарніла.

— А вы адыдзіце ўсё-такі далей…

— Божа мой, ды мы і глядзець не хочам, дзе ты закапаеш грошы, — сказала лісіца.

— Божа збаў, — сказаў кот.

Яны адышліся трошкі і схаваліся за кучай смецця.