Бураціна выкапаў ямку. Сказаў тры разы шэптам: «Крэкс, фэкс, пэкс», паклаў у ямку чатыры залатыя манеты, засыпаў, з кішэні дастаў жменьку солі, пасыпаў зверху. Набраў з лужыны прыгаршчы вады, паліў.
І сеў чакаць, калі вырасце дрэва…
Паліцэйскія хапаюць Бураціна і не даюць яму сказаць ніводнага слова ў сваё апраўданне
Лісіца Аліса думала, што Бураціна пойдзе спаць, а ён усё сядзеў на кучы смецця, цярпліва выцягнуўшы нос.
Тады Аліса загадала кату застацца вартаваць, а сама пабегла ў бліжэйшае паліцэйскае аддзяленне.
Там, у накураным пакоі, за сталом, закапаным чарнілам, густа хроп дзяжурны бульдог.
Лісіца галасочкам, поўным самага добрага намеру, сказала яму:
— Пане мужны дзяжурны, ці нельга затрымаць аднаго беспрытульнага зладзюжку? Страшэнная небяспека пагражае ўсім багаценькім і паважаненькім грамадзянам гэтага горада.
Спрасонку дзяжурны бульдог так гыркнуў, што пад лісіцай ад страху расплылася лужынка.
— Крррасці! Гам!
Лісіца растлумачыла, што небяспечны зладзюжка — Бураціна — заўважаны на пустцы.
Дзяжурны, усё яшчэ гыркаючы, пазваніў. Уварваліся два доберманы-пінчэры, сышчыкі, якія ніколі не спалі, нікому не верылі і нават саміх сябе падазравалі ў злачынных намерах.
Дзяжурны загадаў ім даставіць небяспечнага злачынцу жывым або мёртвым у аддзяленне.
Сышчыкі адказалі коратка:
— Цяў!
І памчаліся на пустку асаблівым хітрым галопам, заносячы заднія ногі ўбок.
Апошнія сто крокаў яны паўзлі на жыватах і адразу кінуліся на Бураціна, схапілі яго пад пахі і пацягнулі ў аддзяленне.
Бураціна дрыгаў нагамі, упрошваў сказаць — за што? за што? Сышчыкі адказвалі:
— Там разбяруцца…
Лісіца і кот, не трацячы часу, выкапалі чатыры залатыя манеты. Лісіца так спрытна пачала дзяліць грошы, што ў ката апынулася адна манета, а ў яе — тры.
Кот моўчкі ўчапіўся кіпцюрамі ёй у морду.
Лісіца моцна абхапіла яго лапамі. І яны абое некаторы час качаліся клубком па пустцы. Каціная і лісіная поўсць ляцела клоччам пры святле месяца.
Абадраўшы адзін аднаму бакі, яны падзялілі манеты папалам і ў тую ж ноч зніклі з горада.
Тым часам сышчыкі прывялі Бураціна ў аддзяленне. Дзяжурны бульдог вылез з-за стала і сам абшукаў яго кішэні.
Не знайшоўшы нічога, апрача кавалачка цукру і крошак міндальнага пірожнага, дзяжурны люта засоп на Бураціна:
— Ты зрабіў тры злачынствы, нягоднік: ты — беспрытульны, бяспашпартны і беспрацоўны. Завесці яго за горад і ўтапіць у сажалцы.
Сышчыкі адказалі:
— Цяў!
Бураціна спрабаваў расказаць пра тату Карла, пра свае прыгоды. Усё дарэмна! Сышчыкі падхапілі яго, галопам зацягнулі за горад і з моста кінулі ў глыбокую брудную сажалку, поўную жаб, п'явак і лічынак вадзянога жука.
Бураціна плюхнуўся ў ваду, і зялёная раска сышлася над ім.
Бураціна знаёміцца з жыхарамі сажалкі, даведваецца аб прапажы чатырох залатых манет і атрымлівае ад чарапахі Тарцілы залаты ключык
Не трэба забывацца, што Бураціна быў драўляны і таму не мог утапіцца.
Усё ж ён да таго напалохаўся, што доўга ляжаў на вадзе, увесь аблеплены зялёнай раскай.
Вакол яго сабраліся жыхары сажалкі: усім вядомыя сваёй дурнотай чорныя пузатыя апалонікі, вадзяныя жукі з заднімі лапамі, падобнымі на вёслы, п'яўкі, лічынкі, якія елі ўсё, што траплялася, нават саміх сябе, і, нарэшце, розныя дробныя інфузорыі.
Апалонікі казыталі яго цвёрдымі губамі і з асалодай жавалі кутасік на каўпачку. П'яўкі запаўзлі ў кішэню куртачкі. Адзін вадзяны жук некалькі разоў узлазіў на яго нос, які высока тырчаў з вады, і адтуль кідаўся ў ваду — ластаўкай.
Дробныя інфузорыі, звіваючыся і таропка дрыжучы валаскамі, якія замянялі ім рукі і ногі, спрабавалі падхапіць якую-небудзь спажыву, але самі траплялі ў рот лічынкам вадзянога жука.
Бураціна гэта, нарэшце, надакучыла, ён заплюхаў пяткамі па вадзе:
— Пайшлі прэч! Я вам не здохлая кошка.
Жыхары сажалкі шмыгнулі хто куды. Ён перавярнуўся на жывот і паплыў.
На круглых лістах гарлачыкаў пры святле месяца сядзелі жабы з вялікімі ратамі, вылупленымі вачыма пазіралі на Бураціна.
— Нейкая каракаціца плыве, — квакнула адна.
— Нос, як у бусла, — квакнула другая.
— Гэта марская жаба, — квакнула трэцяя.
Бураціна, каб перадыхнуць, вылез на вялікі ліст гарлачыка. Сеў на ім, шчыльна абхапіў калені і сказаў, ляскаючы зубамі:
— Усе хлопчыкі і дзяўчынкі напіліся малака, спяць у цёплых ложках, адзін я сяджу на мокрым лісце… Дайце паесці чаго-небудзь, жабы.