Выбрать главу

Жабы, як вядома, вельмі халаднакроўныя. Але не варта думаць, што ў іх няма сэрца. Калі Бураціна, дробна ляскаючы зубамі, пачаў расказваць пра свае няшчасныя прыгоды, жабы адна за адной падскочылі, мільганулі заднімі нагамі і нырнулі на дно сажалкі.

Яны прынеслі адтуль здохлага жука, страказінае крыльца, кавалачак твані, зернетка ракавай ікры і некалькі гнілых карэньчыкаў.

Паклаўшы ўсе гэтыя прыдатныя для яды рэчы перад Бураціна, жабы зноў ускочылі на лісты гарлачыкаў і сядзелі, як каменныя, узняўшы галовы з вялікімі ратамі і вылупленымі вачыма.

Бураціна панюхаў, пакаштаваў жабіны пачастункі.

— Мяне знудзіла, — сказаў ён, — якая брыда!..

Тады жабы зноў — усе адразу — боўтнулі ў ваду…

Зялёная раска на паверхні сажалкі загайдалася, і з'явілася вялікая, страшная змяіная галава. Яна паплыла да ліста, дзе сядзеў Бураціна.

У яго ўстаў дыбам кутасік на каўпачку. Ён ледзь не зваліўся ў ваду ад страху.

Але гэта была не змяя. Гэта была нікому не страшная, пажылая чарапаха Тарціла, з падслепаватымі вачыма.

— Ах ты, бязмозглы, даверлівы хлапчук з кароценькімі думкамі! — сказала Тарціла. — Сядзеў бы ты дома ды старанна вучыўся! Занесла цябе ў Краіну Дурняў.

— Дык я ж хацеў здабыць чым болей залатых манет для таты Карла… Я надзвычччай добры і разважлівы хлопчык…

— Грошы твае ўкралі кот і лісіца, — сказала чарапаха. — Яны прабягалі каля сажалкі, спыніліся напіцца, і я чула, як яны хваліліся, што выкапалі твае грошы, і як пабіліся за іх… Ах ты, бязмозглы, даверлівы хлапчук з кароценькімі думкамі!..

— Не лаяцца трэба, — прабурчаў Бураціна, — тут памагчы трэба чалавеку… Што я цяпер буду рабіць? Ой-ой-ой!.. Як я вярнуся да таты Карла? Ай-ай-ай!..

Ён цёр кулакамі вочы і хныкаў так жаласна, што жабы раптам усе адразу ўздыхнулі:

— Ух-ух… Тарціла, памажы чалавеку.

Чарапаха доўга пазірала на месяц, штосьці ўспамінала…

— Аднойчы я вось гэтак жа памагала аднаму чалавеку, а ён потым з маёй бабулі і майго дзядулі нарабіў чарапахавых грабянцоў, — сказала яна. І зноў доўга пазірала на месяц. — Што ж, пасядзі тут, чалавечак, а я папоўзаю па дне, — можа, знайду адну карысную рэч.

Яна ўцягнула змяіную галаву і паволі апусцілася пад ваду.

Жабы прашапталі:

— Чарапаха Тарціла ведае вялікую таямніцу.

Мінула шмат-шмат часу. Месяц ужо хаваўся за ўзгоркі…

Зноў загайдалася зялёная раска, з'явілася чарапаха, трымаючы ў роце маленькі залаты ключык.

Яна паклала яго на ліст ля ног Бураціна.

— Бязмозглы, даверлівы хлапчук з кароценькімі думкамі, — сказала Тарціла, — не бядуй, што лісіца і кот укралі ў цябе залатыя манеты. Я даю табе гэты ключык. Яго ўпусціў на дно сажалкі чалавек з барадой такой даўжыні, што ён яе запіхваў у кішэню, каб яна не замінала яму хадзіць. Ах, як ён прасіў, каб я адшукала на дне гэты ключык!..

Тарціла ўздыхнула, памаўчала і зноў уздыхнула так, што з вады пайшлі бурбалкі.

— Але я не памагла яму, я тады была вельмі злосная на людзей за маю бабулю і майго дзядулю, з якіх нарабілі чарапахавых грабянцоў. Барадаты чалавек шмат расказваў пра гэты ключык, але я ўсё забылася. Памятаю толькі, што трэба адамкнуць ім нейкія дзверы, і гэта прынясе шчасце…

У Бураціна закалацілася сэрца, загарэліся вочы. Ён адразу забыўся на ўсе свае няшчасці. Выцягнуў з кішэні куртачкі п'явак, паклаў туды ключык, ветліва падзякаваў чарапасе Тарціле і жабам, кінуўся ў ваду і паплыў да берага. Калі ён чорненькім ценем паказаўся на краі берага, жабы вухнулі яму ўслед:

— Бураціна, не згубі ключык!

Бураціна ўцякае з Краіны Дурняў і сустракае таварыша па няшчасцю

Чарапаха Тарціла не паказала дарогі з Краіны Дурняў.

Бураціна бег куды вочы глядзяць. За чорнымі дрэвамі блішчалі зоркі. Над дарогай звісалі скалы. У цясніне ляжала воблака туману.

Раптам наперадзе Бураціна заскакаў шэры камячок. Тут жа пачуўся сабачы брэх.

Бураціна прыціснуўся да скалы. Міма яго, сярдзіта сапучы насамі, прамчаліся два паліцэйскія бульдогі з Горада Дурняў.

Шэры камячок кінуўся з дарогі ўбок — на адхон. Бульдогі — за ім.

Калі тупат і брэх аддаліліся, Бураціна кінуўся бегчы так шпарка, што зоркі хутка-хутка паплылі за чорнымі галінамі.

Раптам шэры камячок зноў пераскочыў дарогу. Бураціна паспеў разгледзець, што гэта заяц, а на ім верхам, трымаючы яго за вушы, сядзіць бледны маленькі чалавечак.

З адхону пасыпаліся каменьчыкі, — бульдогі ўслед за зайцам пераскочылі дарогу, і зноў усё заціхла.

Бураціна бег так шпарка, што зоркі цяпер, як шалёныя, імчаліся за чорнымі галінамі.