Выбрать главу

Трэці раз шэры заяц пераскочыў дарогу. Маленькі чалавечак, зачапіўшыся галавой за галіну, скінуўся з яго спіны і шлёпнуўся проста пад ногі Бураціна.

— Ррр-гаў! Трымай яго! — праскакалі ўслед за зайцам паліцэйскія бульдогі: вочы іх былі так наліты злосцю, што не заўважылі ні Бураціна, ні бледнага чалавечка.

— Бывай, Мальвіна, бывай назаўсёды! — плаксівым голасам прапішчаў чалавечак.

Бураціна нахіліўся над ім і са здзіўленнем убачыў, што гэта быў П'еро ў белай кашулі з доўгімі рукавамі.

Ён ляжаў галавой уніз у каляіне і, відаць, лічыў сябе ўжо мёртвым і прапішчаў загадкавую фразу: «Бывай, Мальвіна, бывай назаўсёды!» — развітваючыся з жыццём.

Бураціна пачаў яго трэсці, пацягнуў за нагу, — П'еро не варушыўся. Тады Бураціна знайшоў п'яўку, што завалялася ў кішэні, і прыставіў яе да носа чалавечка, які ўжо не дыхаў.

П'яўка, доўга не думаючы, цапнула яго за нос, П'еро шпарка сеў, заківаў галавой, адарваў п'яўку і прастагнаў:

— Ах, я яшчэ жывы, як відаць!

Бураціна схапіў яго за шчокі, белыя, як зубны парашок, цалаваў, пытаўся:

— Як ты сюды трапіў? Чаму ты імчаўся верхам на шэрым зайцы?

— Бураціна, Бураціна, — адказаў П'еро, палахліва азіраючыся, — схавай мяне хутчэй… Гэта ж сабакі гналіся не за шэрым зайцам, яны гналіся за мною… Сіньёр Карабас Барабас ловіць мяне дзень і ноч. Ён наняў у Горадзе Дурняў паліцэйскіх сабак і пакляўся схапіць мяне жывым або мёртвым.

Удалечыні зноў зацяўкалі сабакі. Бураціна схапіў П'еро за рукаў і пацягнуў яго ў зараснік мімозы, усыпанай кветкамі ў выглядзе круглых жоўтых пахучых пухіркоў.

Там, лежачы на прэлых лістах, П'еро шэптам пачаў расказваць яму:

— Разумееш, Бураціна, аднойчы ноччу шумеў вецер, ліў дождж як з вядра…

П'еро расказвае, якім чынам ён, верхам на зайцы, трапіў у Краіну Дурняў

— Разумееш, Бураціна, аднойчы ноччу шумеў вецер, ліў дождж як з вядра. Сіньёр Карабас Барабас сядзеў каля камінка і курыў люльку. Усе лялькі ўжо спалі. Я адзін не спаў. Я думаў пра дзяўчынку з блакітнымі валасамі…

— Знайшоў пра каго думаць, вось дурань, — перабіў Бураціна. — Я ўчора ўвечары ўцёк ад гэтай дзяўчынкі — з каморкі з павукамі…

— Як! Ты бачыў дзяўчынку з блакітнымі валасамі? Ты бачыў маю Мальвіну?

— Падумаеш — дзіва! Плакса і прыставайла…

П'еро ўсхапіўся, размахваючы рукамі.

— Вядзі мяне да яе… Калі ты мне паможаш знайсці Мальвіну, я табе адкрыю таямніцу залатога ключыка…

— Як! — закрычаў Бураціна радасна. — Ты ведаеш таямніцу залатога ключыка?

— Ведаю, дзе ключык ляжыць, як яго дастаць, ведаю, што ім трэба адамкнуць адны дзверцы… Я падслухаў таямніцу, і таму сіньёр Карабас Барабас шукае мяне з паліцэйскімі сабакамі.

Бураціна страшэнна захацелася зараз жа пахваліцца, што таямнічы ключык ляжыць у яго ў кішэні. Каб не прагаварыцца, ён сцягнуў з галавы каўпачок і запхнуў яго ў рот.

П'еро ўпрошваў весці яго да Мальвіны. Бураціна пры дапамозе пальцаў растлумачыў гэтаму дурылу, што зараз цёмна і небяспечна, а вось калі развіднее — яны пабягуць да дзяўчынкі.

Прымусіўшы П'еро зноў схавацца пад кусты мімозы, Бураціна прамовіў шарсцяным голасам, паколькі рот яго быў заткнуты каўпачком:

— Шашкажвай…

— Дык вось, — аднойчы ноччу шумеў вецер…

— Пра гэта ты ўжо шашкажваў…

— Дык вось, — працягваў П'еро, — я, разумееш, не сплю і раптам чую: у акно нехта моцна пастукаў…

Сіньёр Карабас Барабас забурчаў: «Каго гэта прынесла ў такое сабачае надвор'е?»

— Гэта я — Дурамар, — адказалі за акном, — прадавец лячэбных п'явак. Дазвольце мне абсушыцца каля агню.

Мне, разумееш, вельмі захацелася паглядзець, якія бываюць прадаўцы лячэбных п'явак. Я ціхенька адхінуў ражок фіранкі і прасунуў галаву ў пакой. І — бачу:

Сіньёр Карабас Барабас падняўся з крэсла, наступіў, як заўсёды, на бараду, вылаяўся і адчыніў дзверы.

Зайшоў цыбаты, мокры-мокры чалавек з маленькім-маленькім тварам, такім зморшчаным, як грыб смарчок. На ім было старое зялёнае паліто, на папружцы віселі абцугі, кручкі і шпількі. У руках ён трымаў бляшаную банку і сачок.

— Калі ў вас баліць жывот, — сказаў ён, кланяючыся, нібы спіна была ў яго зламана пасярэдзіне, — калі ў вас моцна баліць галава ці стукае ў вушах, я магу вам паставіць за вушы паўтузіна найлепшых п'явак.

Сіньёр Карабас Барабас прабурчаў:

— К чорту лысаму, ніякіх п'явак! Можаце сушыцца каля агню колькі ўлезе.

Дурамар стаў спінай да камінка.

Адразу ж ад яго зялёнага паліто пайшла пара і запахла тванню.

— Дрэнна ідзе гандаль п'яўкамі, — сказаў ён зноў. — За кавалак халоднай свініны і шклянку віна я гатовы вам прыставіць да сцягна тузін цудоўных п'явачак, калі ў вас ламата ў касцях…