Выбрать главу

Страшэнна вылупіўшы вочы, яна прагаварыла:

— Сёння ноччу чарапаха Тарціла, якая на старасці год зусім страціла розум, расказала Карабасу Барабасу ўсё пра залаты ключык…

Мальвіна спалохана крыкнула, хоць нічога не зразумела. П'еро, няўважлівы, як усе паэты, зрабіў некалькі недарэчных воклічаў, якія мы тут не прыводзім. Затое Бураціна адразу ўсхапіўся і пачаў пхаць у кішэні пячэнне, цукар і цукеркі.

— Уцякайма як мага хутчэй. Калі паліцэйскія сабакі прывядуць сюды Карабаса Барабаса — мы загінулі.

Мальвіна збялела, як крыло белага матылька. П'еро, думаючы, што яна памірае, перакуліў на яе кафейнік, і прыгожанькую сукенку Мальвіны заліла какава.

З моцным брэхам падскочыў да іх Артамон, — гэта ж яму прыходзілася мыць Мальвініны сукенкі, — схапіў П'еро за каўнер і пачаў трэсці, пакуль П'еро не прагаварыў, заікаючыся:

— Хопіць, калі ласка…

Жаба паглядзела на гэтую мітусню і зноў сказала:

— Карабас Барабас з паліцэйскімі сабакамі будзе тут праз чвэртку гадзіны…

Мальвіна пабегла пераадзявацца. П'еро ў роспачы ламаў рукі і спрабаваў нават падаць дагары тварам на пясчаную дарожку. Артамон цягнуў клункі з хатнімі рэчамі. Дзверы грукалі. Вераб'і страшэнна расціўкаліся на кусце. Ластаўкі праносіліся над самай зямлёй. Сава для павелічэння панікі дзіка зарагатала на вышках.

Адзін Бураціна не разгубіўся. Ён узваліў на Артамона два клункі з самымі неабходнымі рэчамі. На клункі пасадзіў Мальвіну, адзетую ў прыгожанькую дарожную сукенку. П'еро ён загадаў трымацца за сабачы хвост. Сам стаў наперадзе:

— Ніякай панікі! Уцякайма!

Калі яны, — гэта значыць Бураціна, што смела крочыў наперадзе сабакі, Мальвіна, якая падскаквала на клунках, і ззаду П'еро, нашпігаваны замест здаровага сэнсу недарэчнымі вершамі, — калі яны выйшлі з густой травы на гладкае поле, — з лесу высунулася ўскудлачаная барада Карабаса Барабаса. Ён далонню прыкрыў вочы ад сонца і аглядаў наваколле.

Страшэнны бой на ўзлессі

Сіньёр Карабас Барабас трымаў на прывязі двух паліцэйскіх сабак. Убачыўшы на роўным полі ўцекачоў, ён разявіў зубасты рот.

— Ага! — закрычаў ён і спусціў сабак.

Раз'юшаныя сабакі спачатку пачалі драць заднімі лапамі зямлю. Яны нават не гыркалі, яны нават глядзелі ў другі бок, а не на ўцекачоў, — так ганарыліся сваёй сілай.

Потым сабакі павольна пайшлі да таго месца, дзе ў жаху спыніліся Бураціна, Артамон, П'еро і Мальвіна.

Здавалася, усё загінула. Карабас Барабас касалапа ішоў следам за паліцэйскімі сабакамі. Барада яго штохвіліны вылазіла з кішэні курткі і блыталася пад нагамі.

Артамон падкурчыў хвост і злосна гыркаў. Мальвіна трэсла рукамі:

— Баюся, баюся!

П'еро апусціў рукавы і глядзеў на Мальвіну, упэўнены, што ўсё скончана.

Першы апамятаўся Бураціна.

— П'еро, — закрычаў ён, — бяры за руку дзяўчынку, бяжыце да возера, дзе лебедзі!.. Артамон, скідай клункі, здымай гадзіннік, — будзеш біцца!..

Мальвіна, ледзь толькі пачула гэтае смелае распараджэнне, саскочыла з Артамона і, падабраўшы сукенку, пабегла да возера. П'еро — за ёю.

Артамон скінуў клункі, зняў з лапы гадзіннік і бант з кончыка хваста. Ашчэрыў белыя зубы і скочыў улева, скочыў управа, размінаючы мускулы, і таксама пачаў з адцяжкай драць заднімі нагамі зямлю.

Бураціна ўзлез па смалістым ствале на верхавіну італьянскай сасны, што адзінока стаяла ў полі, і адтуль закрычаў, завыў, запішчаў на ўсё горла:

— Звяры, птушкі, насякомыя! Нашых б'юць! Ратуйце ні ў чым не вінаватых драўляных чалавечкаў!..

Паліцэйскія бульдогі нібы толькі цяпер убачылі Артамона і разам кінуліся на яго. Спрытны пудзель выкруціўся і зубамі хапіў аднаго сабаку за агрызак хваста, другога за сцягно.

Бульдогі нязграбна павярнуліся і зноў кінуліся на пудзеля. Ён высока падскочыў, прапусціўшы іх пад сабой, і зноў паспеў абадраць аднаму бок, другому — спіну.

Трэці раз кінуліся на яго бульдогі. Тады Артамон, апусціўшы хвост да травы, памчаўся кругамі па полі, то падпускаючы блізка паліцэйскіх сабак, то кідаючыся ўбок перад самым іх носам…

Кірпатыя бульдогі цяпер па-сапраўднаму раззлаваліся, засаплі, беглі за Артамонам не спяшаючыся, упарта, гатовыя лепш здохнуць, але дабрацца да горла мітуслівага пудзеля.

Тым часам Карабас Барабас падышоў да італьянскай сасны, ухапіўся за ствол і пачаў трэсці:

— Злазь, злазь!

Бураціна рукамі, нагамі, зубамі ўчапіўся за галіну. Карабас Барабас затрос дрэва так, што загайдаліся ўсе шышкі на галінах.