Карла майструе драўляную ляльку і называе яе Бураціна
Карла жыў у каморцы пад лесвіцай, дзе ў яго нічога не было, апрача прыгожага камінка — у сцяне насупраць дзвярэй.
Але прыгожы камінак, і агонь на камінку, і кацялок, што кіпеў на агні, былі не сапраўдныя, а намаляваныя на кавалку старога палатна.
Карла зайшоў у каморку, сеў на адзінае крэсла каля бязногага стала і, пакруціўшы і так і гэтак палена, пачаў нажом выразаць з яго ляльку.
«Як жа мне яе назваць? — думаў Карла. — Назаву хіба я яе Бураціна. Гэта імя прынясе мне шчасце. Я ведаў адну сям'ю, — усіх іх звалі Бураціна: бацька — Бураціна, маці — Бураціна, дзеці — таксама Бураціна… Усе яны жылі весела і бесклапотна…»
Перш-наперш ён выразаў на палене валасы, потым — лоб, потым — вочы…
Раптам вочы самі расплюшчыліся і ўтаропіліся на яго…
Карла і выгляду не падаў, што спалохаўся, толькі ласкава спытаў:
— Драўляныя вочкі, чаму вы так дзіўна гледзіце на мяне?
Але лялька маўчала, — мабыць таму, што ў яе не было рота.
Карла выстругаў шчокі, потым выстругаў нос — звычайны…
Раптам нос сам пачаў выцягвацца, расці, і атрымаўся такі доўгі востры нос, што Карла нават крэкнуў:
— Нядобра, даўгаваты…
І пачаў зрэзваць кончык носа. Але зрабіць гэта было не так проста. Нос круціўся, выкручваўся, так і застаўся — доўгім-доўгім, цікаўным, вострым носам.
Карла ўзяўся за рот. Але толькі паспеў выразаць губы, — рот адразу адкрыўся:
— Хі-хі-хі, ха-ха-ха!
І высунуўся з яго, дражнячыся, вузенькі чырвоны язык.
Карла, ужо не звяртаючы ўвагі на гэтыя штукарствы, працягваў стругаць, вырэзваць, калупаць… Зрабіў ляльцы падбародак, шыю, плечы, тулава, рукі…
Але як толькі скончыў выстругваць апошні пальчык, Бураціна пачаў лупіць кулачкамі Карла па лысіне, шчыпацца і казытаць.
— Паслухай, — сказаў Карла строга, — я ж яшчэ не скончыў цябе майстраваць, а ты ўжо дурэць пачынаеш… Што ж потым будзе… Га?..
І ён строга паглядзеў на Бураціна. І Бураціна круглымі вачыма, як мыш, глядзеў на тату Карла.
Карла зрабіў яму з лучынак доўгія ногі з вялікімі ступнямі. На гэтым закончыўшы работу, паставіў драўлянага хлапчука на падлогу, каб навучыць хадзіць.
Бураціна пахістаўся, пахістаўся на тоненькіх ножках, ступіў раз, ступіў другі, скок, скок, — проста да дзвярэй, цераз парог і — на вуліцу.
Устрывожаны Карла пайшоў за ім.
— Гэй, дураслівец, вярніся!..
Дзе там! Бураціна бег па вуліцы, як заяц, толькі драўляныя падэшвы яго — тукі-тук, тукі-тук — пастуквалі па бруку…
— Трымайце яго! — закрычаў Карла.
Прахожыя смяяліся, паказваючы пальцамі на шустрага Бураціна. На скрыжаванні стаяў высозны паліцэйскі з закручанымі вусамі і ў трохкутным капелюшы.
Убачыўшы драўлянага чалавечка, які бег па бруку, ён шырока расставіў ногі, загарадзіўшы імі ўсю вуліцу. Бураціна хацеў праскочыць у яго паміж ног, але паліцэйскі схапіў яго за нос і так трымаў, пакуль не падаспеў тата Карла…
— Ну, пачакай жа ты, я з табой ужо распраўлюся, — аддыхваючыся, прагаварыў Карла і хацеў засунуць Бураціна ў кішэню курткі…
Бураціна зусім не хацелася ў такі вясёлы дзень пры ўсім народзе тырчаць нагамі дагары з кішэні курткі, — ён спрытна выкруціўся, бразнуўся на брук і прыкінуўся мёртвым.
— Ай, ай, — сказаў паліцэйскі, — справа, здаецца, кепская.
Пачалі збірацца прахожыя. Гледзячы на распластанага Бураціна, ківалі галовамі.
— Небарака, — гаварылі адны, — мабыць, з голаду…
— Карла яго да смерці прыбіў, — гаварылі другія, — гэты стары катрыншчык толькі прыкідваецца добрым чалавекам, ён ліхі, ён злы чалавек…
Чуючы ўсё гэта, вусаты паліцэйскі схапіў няшчаснага Карла за каўнер і пацягнуў у паліцэйскае аддзяленне.
Карла пыліў чаравікамі і моцна стагнаў:
— Ох, ох, на бяду сабе я зрабіў драўлянага хлапчука!
Калі вуліца апусцела, Бураціна падняў нос, агледзеўся і, падскакваючы, пабег дадому…
Цвыркун, які ўмее гаварыць, дае Бураціна мудрую параду
Прыбегшы ў каморку пад лесвіцай, Бураціна пляснуўся на падлогу каля ножкі крэсла.
— Што б такое яшчэ прыдумаць?
Не трэба забывацца, што Бураціна ішоў усяго першы дзень ад нараджэння. Думкі ў яго былі маленькія-маленькія, кароценькія-кароценькія, дробязныя-дробязныя.
У гэты час пачулася:
— Крры-кры, крры-кры, крры-кры.
Бураціна пакруціў галавой, аглядваючы каморку.
— Гэй, хто тут?
— Тут я, — крры-кры…
Бураціна ўбачыў стварэнне, крыху падобнае на таракана, але з галавой, як у коніка. Яно сядзела на сцяне над камінкам і ціха патрэсквала, — крры-кры, — глядзела пукатымі, як са шкла, вясёлкавымі вачыма, варушыла вусікамі.