Гледзячы на яго, і Карабас Барабас заляскаў зубамі.
— Адкрый таямніцу, — зноў завыў таемны голас з глыбіні збана, — інакш не ўстанеш з гэтага крэсла, няшчасны!
Карабас Барабас паспрабаваў усхапіцца, але не мог нават і прыўзняцца.
— Яку-ку-кую та-та-таямніцу? — спытаў ён, заікаючыся.
Голас адказаў:
— Таямніцу чарапахі Тарцілы.
Ад жаху Дурамар павольна палез пад стол. У Карабаса Барабаса адвісла сківіца.
— Дзе знаходзяцца дзверы, дзе знаходзяцца дзверы? — нібы вецер у коміне ў асеннюю ноч, правыў голас.
— Адкажу, адкажу, замоўкні, замоўкні! — прашаптаў Карабас Барабас. — Дзверы — у старога Карла ў каморцы, за намаляваным камінкам…
Толькі ён прагаварыў гэтыя словы, з двара ўвайшоў гаспадар.
— Вось надзейныя малайцы, за грошы яны прывядуць да вас, сіньёр, хоць самога чорта…
І ён паказаў на лісіцу Алісу і ката Базіліо, якія стаялі на парозе. Лісіца пачціва зняла стары капялюш.
— Сіньёр Карабас Барабас падорыць нам на беднасць дзесяць залатых манет, і мы аддадзім вам у рукі нягодніка Бураціна, не сыходзячы з гэтага месца.
Карабас Барабас залез пад бараду ў кішэню камізэлькі, выняў дзесяць залатых.
— Вось грошы, а дзе Бураціна?
Лісіца некалькі разоў пералічыла манеты, уздыхнула, аддаючы палавіну кату, і паказала лапай:
— Ён у гэтым збане, сіньёр, у вас пад носам…
Карабас Барабас схапіў са стала збан і раз'юшана шпурнуў яго на каменную падлогу. З чарапкоў і кучы абгрызеных костак выскачыў Бураціна. Пакуль усе стаялі, разявіўшы раты, ён, як страла, кінуўся з харчэўні на двор проста да пеўня, які ганарліва разглядаў то адным вокам, то другім здохлага чарвячка.
— Гэта ты мяне выдаў, стары катлетны фарш! — злосна выцягнуўшы нос, сказаў яму Бураціна. — Ну, цяпер імчы што маеш духу…
І ён моцна ўчапіўся ў яго генеральскі хвост. Певень, нічога не разумеючы, растапырыў крылы і кінуўся бегчы на цыбатых нагах. Бураціна — у віхры — за ім, — з гары, цераз дарогу, па полі, да лесу.
Карабас Барабас, Дурамар і гаспадар харчэўні апамяталіся нарэшце ад здзіўлення і выбеглі ўслед за Бураціна. Але колькі яны ні азіраліся, яго нідзе не было відаць, толькі далека па полі імчаўся з усяе сілы певень. Але паколькі ўсім было вядома, што ён дурань, то на гэтага пеўня ніхто не звярнуў увагі.
Бураціна першы раз у жыцці прыходзіць у роспач, але ўсё канчаецца шчасліва
Дурны певень змарыўся, ледзь бег, разявіўшы дзюбу. Бураціна выпусціў нарэшце яго пакамечаны хвост.
— Ідзі, генерал, да сваіх курэй…
І адзін пайшоў туды, дзе скрозь лісце ярка блішчала Лебядзінае возера.
Вось і сасна на камяністым узгорку, вось і пячора. Навакол параскідана наламанае галлё. Трава прымята слядамі колаў…
У Бураціна моцна закалацілася сэрца. Ён саскочыў з узгорка, заглянуў пад каравыя карэнні…
Пячора была пустая!!!
Ні Мальвіны, ні П'еро, ні Артамона.
Толькі валяліся дзве анучкі. Ён іх падняў, — гэта былі адарваныя рукавы ад кашулі П'еро.
Сяброў нехта выкраў! Яны загінулі! Бураціна ўпаў ніцма, — нос яго глыбока ўваткнуўся ў зямлю.
Ён толькі цяпер зразумеў, як моцна прывык да сваіх сяброў. Няхай Мальвіна займаецца выхаваннем, няхай П'еро хоць тысячу разоў запар чытае вершыкі, — Бураціна аддаў бы нават залаты ключык, каб зноў убачыць сяброў.
Каля яго галавы бясшумна ўзняўся пульхны пагорачак зямлі, вылез аксамітны крот з ружовымі далонямі, пісклява чхнуў тры разы і сказаў:
«— Я сляпы, але я вельмі добра чую. Сюды пад'язджала каламажка, запрэжаная авечкамі. У ёй сядзеў Ліс, губернатар Горада Дурняў, і сышчыкі. Губернатар загадаў:
— Забраць нягоднікаў, якія збілі маіх лепшых паліцэйскіх пры выкананні абавязкаў! Забраць!
Сышчыкі адказалі:
— Цяў!
Кінуліся ў пячору, і там пачалася шалёная тузаніна. Тваіх сяброў звязалі, кінулі ў каламажку разам з клункамі і паехалі».
Што за карысць была ляжаць, уткнуўшы нос у зямлю. Бураціна ўсхапіўся і пабег па слядах колаў. Мінуў возера, выйшаў на поле з густой травой.
Ішоў, ішоў… У яго не было ніякага плана ў галаве. Трэба выратаваць таварышаў, — вось і ўсё.
Дайшоў да кручы, адкуль пазаўчарашняй ноччу зваліўся ў лопух. Унізе ўбачыў брудную сажалку, дзе жыла чарапаха Тарціла. Па дарозе да сажалкі спускалася каламажка; яе цягнулі дзве худыя, як шкілеты, авечкі з абадранай воўнай.
На козлах сядзеў тлусты кот, з надзьмутымі шчокамі, у залатых акулярах, — ён служыў пры губернатары патайным нашэптвальнікам у вуха. Ззаду яго — важны Ліс, губернатар… На клунках ляжалі Мальвіна, П'еро і ўвесь забінтаваны Артамон, — заўсёды такі расчасаны хвост яго валокся кутасікам па пыльнай дарозе.