У адказ Карабас Барабас страшэнна зароў, Дурамар узняў худыя рукі да неба.
Лісіца Аліса крыва ўсміхнулася:
— Дазвольце скруціць шыі гэтым нахабнікам?
Яшчэ хвіліна, і ўсё было б скончана… Раптам са свістам прамчаліся стрыжы:
— Сюды, сюды, сюды!..
Над галавой Карабаса Барабаса праляцела сарока, гучна лапочучы:
— Хутчэй, хутчэй, хутчэй!..
І наверсе ўзгорка з'явіўся стары тата Карла. Рукавы ў яго былі закасаны, у руцэ сукаваты кій, бровы нахмураны…
Ён плячом піхнуў Карабаса Барабаса, локцем — Дурамара, дубінкай перацягнуў па спіне лісіцу Алісу, ботам адшпурнуў убок ката Базіліо…
Пасля гэтага, нагнуўшыся і пазіраючы з горкі ўніз, дзе стаялі драўляныя чалавечкі, сказаў радасна:
— Сын мой, Бураціна, дураслівец, ты жывы і здаровы, — ідзі ж хутчэй да мяне!
Бураціна нарэшце вяртаецца дадому разам з татам Карла, Мальвінай, П'еро і Артамонам
Нечаканае з'яўленне Карла, яго дубінка і нахмураныя бровы нагналі жах на нягоднікаў.
Лісіца Аліса адпаўзла ў густую траву і адтуль дала драла, часам толькі спыняючыся, каб пакурчыцца пасля ўдару дубінкай.
Кот Базіліо, адляцеўшы крокаў на дзесяць, шыпеў ад злосці, як праколатая веласіпедная шына.
Дурамар падабраў крыссе зялёнага паліто і пасунуўся з узгорка ўніз, паўтараючы:
— Я ні пры чым, я ні пры чым…
Але на крутым месцы сарваўся, пакаціўся і са страшэнным шумам і плёскатам плюхнуўся ў сажалку.
Карабас Барабас застаўся стаяць, дзе стаяў. Ён толькі ўцягнуў усю галаву да макаўкі ў плечы; барада яго вісела, як пакулле.
Бураціна, П'еро і Мальвіна ўскарабкаліся наверх. Тата Карла браў іх па аднаму на рукі, гразіў пальцам:
— Вось я вас ужо, свавольнікі!
І клаў за пазуху.
Потым ён спусціўся на некалькі крокаў з узгорка і прысеў над няшчасным сабакам. Верны Артамон узняў морду і лізнуў Карла ў нос. Бураціна адразу ж высунуўся з-за пазухі:
— Тата Карла, мы без сабакі дадому не пойдзем.
— Э-хе-хе, — адказаў Карла, — цяжкавата будзе, але ўжо ж як-небудзь данясу вашага сабачку.
Ён ускінуў Артамона на плячо і, сапучы ад цяжкага грузу, палез наверх, дзе, усё гэтак жа ўцягнуўшы галаву, вылупіўшы вочы, стаяў Карабас Барабас.
— Лялькі мае… — прабурчаў ён.
Тата Карла адказаў яму сурова:
— Эх ты? З кім на старасці год звязаўся, — з вядомымі ўсяму свету жулікамі, з Дурамарам, з катом, з лісіцай. Маленькіх крыўдзіце! Сорамна, доктар!
І Карла пайшоў па дарозе ў горад.
Карабас Барабас з уцягнутай галавой ішоў услед за ім.
— Лялькі мае, аддай!..
— Нізашто не аддавай! — залямантаваў Бураціна, высоўваючыся з-за пазухі.
Так ішлі, ішлі. Мінулі харчэўню «Трох печкуроў», дзе ў дзвярах кланяўся лысы гаспадар, паказваючы абедзвюма рукамі на скавародкі, якія шыпелі на агні. Каля дзвярэй узад і ўперад, узад і ўперад пахаджваў певень з выскубленым хвастом і з абурэннем расказваў пра хуліганскі ўчынак Бураціна. Куры спачувальна падтаквалі:
— Ах-ах, які жах! Ух-ух, певень зух!..
Карла ўзышоў на пагорак, адкуль відаць было мора, дзе-нідзе пакрытае матавымі палоскамі ад павеву ветрыка, ля берага — стары гарадок пясочнага колеру пад спякотным сонцам і палатняны дах тэатра лялек.
Карабас Барабас, стоячы на тры крокі ззаду Карла, прабурчаў:
— Я табе дам за лялькі сто залатых манет, прадай.
Бураціна, Мальвіна і П'еро перасталі дыхаць — чакалі, што скажа Карла.
Ён адказаў:
— Не! Калі б ты быў добрым, добрым дырэктарам тэатра, я табе, так і быць, аддаў бы маленькіх чалавечкаў. А ты — горшы за ўсякага кракадзіла. Не аддам і не прадам, ідзі прэч!
Карла спусціўся з узгорка і, ужо больш не звяртаючы ўвагі на Карабаса Барабаса, увайшоў у гарадок.
Там на пустой плошчы нерухома стаяў паліцэйскі. Ад гарачыні і нуды ў яго абвіслі вусы, павекі зліпліся, над трохкутным капелюшом кружыліся мухі.
Карабас Барабас раптам засунуў бараду ў кішэню, схапіў Карла ззаду за кашулю і закрычаў на ўсю плошчу:
— Трымайце злодзея, ён украў у мяне лялькі!..
Але паліцэйскі, якому было горача і нудна, нават і не зварухнуўся. Карабас Барабас падбег да яго, патрабуючы арыштаваць Карла.
— А ты хто такі? — ляніва спытаў паліцэйскі.
— Я доктар лялечных навук, дырэктар славутага тэатра, кавалер вышэйшых ордэнаў, бліжэйшы сябар Тарабарскага караля, сіньёр Карабас Барабас…
— А ты не крычы на мяне, — адказаў паліцэйскі.
Пакуль Карабас Барабас з ім спрачаўся, тата Карла, таропка стукаючы кіем па бруку, падышоў к дому, дзе ён жыў. Адамкнуў дзверы ў паўцёмную каморку пад лесвіцай, зняў з пляча Артамона, паклаў на ложак, з-за пазухі выняў Бураціна, Мальвіну і П'еро і пасадзіў у радок на стол.