Тады тата Карла прамовіў:
— А я дык думаў, мы тут, прынамсі, знойдзем кучу золата і серабра, а знайшлі ўсяго толькі старую цацку.
Ён падышоў да гадзінніка, устаўленага ў вежу, пастукаў пазногцем па цыферблату, і паколькі збоку гадзінніка на медным цвічку вісеў ключык, ён узяў яго і завёў гадзіннік…
Пачулася гучнае ціканне. Стрэлкі рушылі ў дарогу. Вялікая стрэлка падышла да дванаццаці, маленькая — да шасці. Унутры вежы загуло і зашыпела. Гадзіннік звонка прабіў шэсць…
Адразу ж на правай вежы расчынілася акенца з рознакаляровых шкельцаў, выскачыла завадная стракатая птушка і, затрапятаўшы крыламі, праспявала шэсць разоў:
— Да нас-да нас, да нас-да нас, да нас-да нас…
Птушка схавалася, акенца зачынілася, зайграла катрыначная музыка. І заслона ўзнялася…
Ніхто, нават тата Карла, ніколі не бачыў такой прыгожай дэкарацыі.
На сцэне быў сад. На маленькіх дрэвах з залатымі і сярэбранымі лісцікамі спявалі завадныя шпакі велічынёй з пазногаць. На адным дрэве віселі яблыкі, кожнае з іх не большае за зерне грэчкі. Пад дрэвамі пахаджвалі паўліны і, прыўзнімаючыся на дыбачках, дзяўблі яблыкі. На палянцы скакалі і браліся ў рожкі двое казлянят, а ў паветры ляталі матылькі, ледзь прыкметныя воку.
Так прайшла хвіліна. Шпакі змоўклі, паўліны і казляняты падаліся назад, за бакавыя кулісы. Дрэвы праваліліся ў патайныя люкі пад падлогу сцэны.
На задняй дэкарацыі пачалі разыходзіцца цюлевыя воблакі. Паказалася чырвонае сонца над пясчанай пустыняй. Справа і злева, з бакавых кулісаў, выкінуліся галінкі ліян, падобныя да змей, — на адной сапраўды вісела змяя ўдаў, на другой разгойдвалася, ухапіўшыся хвастамі, сям'я малпаў.
Гэта была Афрыка.
Па пяску пустыні пад чырвоным сонцам праходзілі звяры.
Трыма скачкамі прамчаўся грывасты леў, — хоць быў ён не большы за кацяня, але страшны.
Перавальваючыся, праклыпаў на задніх лапах плюшавы мядзведзь з парасонам.
Прапоўз агідны кракадзіл, — яго маленькія брыдкія вочкі прыкідваліся добранькімі. Але ўсё ж Артамон не паверыў і загыркаў на яго.
Прамчаўся насарог, — для бяспекі на яго востры рог быў надзеты гумавы мячык.
Прабегла жырафа, падобная на паласатага, рагатага вярблюда, які з усёй сілы выцягнуў шыю.
Потым ішоў слон, сябар дзяцей, — разумны, лагодны, — памахваў хобатам, у якім трымаў соевую цукерку.
Апошнім пратупаў бачком страшэнна брудны дзікі сабака — шакал. Артамон з брэхам кінуўся на яго, — тату Карла ледзь удалося адцягнуць яго за хвост ад сцэны.
Звяры прайшлі. Сонца раптам пагасла. У цемры нейкія рэчы апусціліся зверху, нейкія рэчы высунуліся з бакоў. Пачуўся гук, нібы правялі смычком па струнах.
Загарэліся матавыя вулічныя ліхтарыкі. На сцэне была гарадская плошча. Дзверы ў дамах расчыніліся, выбеглі маленькія чалавечкі, палезлі ў лялечны трамвай. Кандуктар зазваніў, вагонаважаты крутнуў ручку, хлапчук жвава прычапіўся да каўбасы, міліцыянер засвістаў, — трамвай рушыў у бакавую вуліцу паміж высокіх дамоў.
Праехаў веласіпедыст на колах — не большых за сподачак для варэння. Прабег газетчык, — у чатыры разы складзеныя лісткі адрыўнога календара — вось якой велічыні былі ў яго газеты.
Марожаншчык пракаціў цераз пляцоўку каляску з марожаным. На балкончыкі дамоў выбеглі дзяўчынкі і замахалі яму, а марожаншчык развёў рукамі і сказаў:
— Усё з'елі, прыходзьце другім разам.
Тут заслона апусцілася, і на ёй зноў заблішчаў залаты зігзаг маланкі.
Тата Карла, Мальвіна, П'еро не маглі апамятацца ад захаплення. Бураціна, засунуўшы рукі ў кішэні, задраўшы нос, сказаў, выхваляючыся:
— Што — бачылі? Значыцца, недарэмна я мок у балоце ў цёткі Тарцілы… У гэтым тэатры мы паставім камедыю — ведаеце якую? — «Залаты Ключык, або незвычайныя прыгоды Бураціна і яго сяброў». Карабас Барабас лопне ад зайздрасці.
П'еро пацёр кулакамі наморшчаны лоб:
— Я напішу гэтую камедыю цудоўнымі вершамі.
— Я буду прадаваць марожанае і білеты, — сказала Мальвіна. — Калі вы знойдзеце ў мяне талент, паспрабую іграць ролі прыгожанькіх дзяўчынак…
— Пачакайце, дзеткі, а вучыцца калі ж? — спытаў тата Карла.
Усе разам адказалі:
— Вучыцца будзем раніцай… А вечарам іграць у тэатры…
— Ну, то-та ж, дзеткі, — сказаў тата Карла, — а я ўжо, дзетачкі, буду іграць на катрынцы, каб весяліць паважаную публіку, а калі пачнем ездзіць па Італіі з горада ў горад, буду кіраваць канём ды варыць поліўкў з бараніны з часнаком…