— Тата Карла! — паспеў толькі піскнуць Бураціна.
— Я тут! — адказаў гучны голас.
Дзверы расчыніліся, увайшоў тата Карла. Сцягнуў з нагі драўляны чаравік і шпурнуў ім у пацука.
Шушар, выпусціўшы драўлянага хлапчука, скрыгатнуў зубамі і знік.
— Вось да чаго даводзіць свавольства! — прабурчаў тата Карла, падымаючы з падлогі Бураціна. Паглядзеў, ці ўсё ў яго цэлае. Пасадзіў яго на калена, выняў з кішэні цыбулінку, ачысціў.
— На, еш!..
Бураціна запусціў галодныя зубы ў цыбуліну і з'еў яе, хрумстаючы і прыцмокваючы. Пасля гэтага пачаў церціся галавой аб шчаціністую шчаку таты Карла.
— Я буду разумненькі-разумненькі, тата Карла… Цвыркун, які ўмее гаварыць, сказаў мне хадзіць у школу.
— Слаўна прыдумана, малеча…
— Тата Карла, але ж я — голенькі, драўляненькі, — хлапчукі ў школе мяне засмяюць.
— Эге, — сказаў Карла і пачухаў шчаціністы падбародак. — Праўду кажаш, малеча!
Ён запаліў лямпу, узяў нажніцы, клей і абрыўкі каляровай паперы. Выразаў і склеіў куртачку з карычневай паперы і ярка-зялёныя штонікі. Змайстраваў туфлі са старой халявы і шапачку — каўпачком з кутасікам — са старой шкарпэткі.
Усё гэта надзеў на Бураціна:
— Насі на здароўе!
— Тата Карла, — сказаў Бураціна, — а як жа я пайду ў школу без азбукі?
— Эге, праўду кажаш, малеча…
Тата Карла пачухаў патыліцу. Накінуў на плечы сваю адзіную старую куртку і пайшоў на вуліцу.
Ён хутка вярнуўся, але без курткі. У руцэ ён трымаў кніжку з вялікімі літарамі і цікавымі малюнкамі.
— Вось табе азбука. Вучыся на здароўе.
— Тата Карла, а дзе твая куртка?
— Куртку я прадаў… Нічога, абыдуся і так… Толькі ты жыві на здароўе.
Бураціна ўткнуўся носам у добрыя рукі таты Карла.
— Вывучуся, вырасту, куплю табе тысячу новых куртак…
Бураціна з усяе сілы хацеў у гэты першы ў яго жыцці вечар жыць без свавольства, як навучыў яго цвыркун, які ўмее гаварыць.
Бураціна прадае азбуку і купляе білет у тэатр лялек
Назаўтра раніцай Бураціна паклаў азбуку ў торбачку і, падскакваючы, пабег у школу.
Па дарозе ён нават не глядзеў на ласункі, выстаўленыя ў крамах, — макавыя на мёдзе трыкутнічкі, салодкія піражкі і ледзянцы ў выглядзе пеўнікаў, насаджаных на палачку.
Ён не хацеў глядзець на хлапчукоў, якія пускалі папяровага змея…
Вуліцу пераходзіў паласаты кот Базіліо, якога можна было схапіць за хвост. Але Бураціна ўтрымаўся і ад гэтага.
Чым бліжэй ён падыходзіў да школы, тым мацней непадалёку, на беразе Міжземнага мора, іграла вясёлая музыка.
— Пі-пі-пі, — пішчала флейта.
— Ла-ла-ла-ла, — спявала скрыпка.
— Дзінь-дзінь, — бразгалі медныя талеркі.
— Бум! — біў барабан.
У школу трэба было паварочваць направа, музыка чулася злева. Бураціна пачаў спатыкацца. Самі ногі паварочвалі да мора, дзе:
— Пі-пі, пііііі…
— Дзін-лала, дзін-ла-ла…
— Бум!
— Школа ж нікуды ж не падзенецца ж, — сам сабе гучна пачаў гаварыць Бураціна, — я толькі гляну, паслухаю і бягом — у школу.
З усёй моцы ён кінуўся бегчы да мора. Ён убачыў палатняны балаган, упрыгожаны рознакаляровымі сцягамі, якія трапяталі ад марскога ветру.
Наверсе балагана, прытанцоўваючы, ігралі чатыры музыкі. Унізе тоўстая цётка ўсміхаючыся прадавала білеты. Каля ўвахода стаяў вялікі натоўп — хлопчыкі і дзяўчынкі, салдаты, прадаўцы ліманаду, мамкі з груднымі дзецьмі, пажарнікі, паштальёны, — усе, усе чыталі вялікую афішу:
«Тэатр лялек.
Толькі адзін спектакль.
Спяшайцеся!
Спяшайцеся!
Спяшайцеся!»
Бураціна тузануў за рукаў аднаго хлапчука.
— Скажыце, калі ласка, колькі каштуе ўваходны білет?
Хлопчык адказаў скрозь зубы, не спяшаючыся:
— Чатыры сольда, драўляны чалавечак.
— Разумееце, хлопчык, я забыўся дома мой кашалёк… Вы не можаце мне пазычыць чатыры сольда?..
Хлопчык зняважліва свіснуў:
— Знайшоў дурня!..
— Мне страшшшшэнна хочацца паглядзець тэатр лялек! — скрозь слёзы сказаў Бураціна. — Купіце ў мяне за чатыры сольда маю цудоўную куртачку…
— Папяровую куртачку за чатыры сольда? Шукай дурня.
— Ну, тады мой прыгожанькі каўпачок…
— Тваім каўпачком толькі лавіць апалонікаў… Шукай дурня.
У Бураціна нават пахаладзеў нос — гэтак яму хацелася трапіць у тэатр.
— Хлопчык, тады вазьміце за чатыры сольда маю новую азбуку…
— З малюнкамі?
— З ччччароўнымі малюнкамі і вялікімі літарамі.
— Давай хіба, — сказаў хлопчык, узяў азбуку і неахвотна адлічыў чатыры сольда.