Выбрать главу

Бураціна падбег да тоўстай цёткі і прапішчаў:

— Паслухайце, дайце мне ў першым радзе білет на адзіны спектакль тэатра лялек.

У час паказу камедыі лялькі пазнаюць Бураціна

Бураціна сеў у першым радзе і з захапленнем глядзеў на апушчаную заслону.

На заслоне былі намаляваны чалавечкі, якія танцавалі, дзяўчынкі ў чорных масках, страшныя барадатыя людзі ў каўпаках з зоркамі, сонца, падобнае на блін з носам і вачыма, і іншыя цікавыя малюнкі.

Тры разы ўдарылі ў звон, і заслона паднялася.

На маленькай сцэне справа і злева стаялі кардонныя дрэвы.

Над імі вісеў ліхтар у выглядзе месяца і адбіваўся ў кавалачку люстэрка, на якім плавалі два лебедзі, зробленыя з ваты, з залатымі насамі.

З-за кардоннага дрэва выйшаў маленькі чалавечак у доўгай белай кашулі з доўгімі рукавамі. Яго твар быў абсыпаны пудрай, белай, як зубны парашок.

Ён пакланіўся шаноўнай публіцы і сказаў сумна:

— Добры дзень, мяне завуць П'еро… Зараз мы пакажам вам камедыю пад назвай: «Дзяўчынка з блакітнымі валасамі, або Трыццаць тры разы па карку». Мяне будуць лупцаваць палкай, даваць аплявухі і біць па карку. Гэта вельмі смешная камедыя…

З-за другога кардоннага дрэва выскачыў другі чалавек, увесь у клетку, як шахматная дошка.

Ён пакланіўся шаноўнай публіцы:

— Добры дзень, я — Арлекін!

Пасля гэтага павярнуўся да П'еро і даў яму дзве аплявухі, такія звонкія, што ў таго са шчок пасыпалася пудра.

— Ты чаго хныкаеш, дурніца?

— Я сумны таму, што я хачу жаніцца, — адказаў П'еро.

— А чаму ты не ажаніўся?

— Таму што мая нявеста ад мяне збегла…

— Ха-ха-ха, — зайшоўся ад смеху Арлекін, — бачылі дурніцу!..

Ён схапіў палку і адлупцаваў П'еро.

— Як завуць тваю нявесту?

— А ты не будзеш больш біцца?

— Ну не, я яшчэ толькі пачаў.

— У такім выпадку яе завуць Мальвіна, або дзяўчынка з блакітнымі валасамі.

— Ха-ха-ха, — зноў зайшоўся Арлекін і тройчы ўдарыў П'еро па карку. — Паслухайце, шаноўная публіка… Ды хіба бываюць дзяўчынкі з блакітнымі валасамі?

Але тут ён, павярнуўшыся да публікі, раптам убачыў на пярэдняй лаўцы драўлянага хлапчука з ротам да вушэй, з доўгім носам, у каўпачку з кутасікам…

— Глядзіце, гэта Бураціна! — закрычаў Арлекін, паказваючы на яго пальцам.

— Жывы Бураціна! — залямантаваў П'еро, узмахваючы доўгімі рукавамі.

З-за кардонных дрэў выскачыла мноства лялек — дзяўчынкі ў чорных масках, страшныя барадачы ў каўпаках, калматыя сабакі з гузікамі замест вачэй, гарбуны з насамі, падобнымі на агурок…

Усе яны падбеглі да свечак, што стаялі ўздоўж рампы, і, углядаючыся, загаманілі:

— Гэта Бураціна! Гэта Бураціна! Да нас, да нас, вясёлы дураслівец Бураціна!

Тады ён з лаўкі скочыў на суфлёрскую будку, а з яе на сцэну.

Лялькі схапілі яго, пачалі абдымаць, цалаваць, шчыпаць… Потым усе лялькі заспявалі «Польку Птушку»:

Птушка польку танцавала

На палянцы ў ранні час.

Нос налева, хвост направа, —

Гэта полька Карабас.

Два жукі — на барабане,

Жаба дзьме у кантрабас.

Нос налева, хвост направа, —

Гэта полька Барабас.

Птушка польку танцавала,

Бо вясёлаю жыла.

Нос налева, хвост направа, —

Вось дык полечка была…

Гледачы былі расчулены. Адна мамка нават усхліпнула. Адзін пажарнік плакаў наўзрыд.

Толькі хлапчукі на задніх лаўках злаваліся і тупалі нагамі.

— Хопіць лізацца, не маленькія, працягвайце спектакль.

Пачуўшы ўвесь гэты шум, з-за сцэны высунуўся чалавек, такі страшэнны з выгляду, што можна было здранцвець ад жаху, калі толькі зірнуць на яго.

Густая нячэсаная барада яго валаклася па падлозе, вылупленыя вочы круціліся, велізарны рот ляскаў зубамі, нібы гэта быў не чалавек, а кракадзіл. У руцэ ён трымаў сяміхвосты бізун.

Гэта быў гаспадар тэатра лялек, доктар лялечных навук сіньёр Карабас Барабас.

— Га-га-га, гу-гу-гу! — зароў ён на Бураціна. — Дык гэта ты перашкодзіў паказу маёй цудоўнай камедыі?

Ён схапіў Бураціна, занёс у кладоўку тэатра і павесіў на цвік. Вярнуўшыся, пагразіў лялькам сяміхвостым бізуном, каб яны працягвалі спектакль.

Лялькі сяк-так закончылі камедыю, заслона закрылася, гледачы разышліся.

Доктар лялечных навук сіньёр Карабас пайшоў на кухню вячэраць.

Запхнуўшы ніжнюю частку барады ў кішэню, каб не замінала, ён сеў перад камінкам, дзе на ражне смажыўся цэлы трус і двое куранят.

Паслініўшы пальцы, ён пакратаў смажаніну, і яна здалася яму сырой.

У камінку было мала дроў. Тады ён тры разы пляснуў у далоні.