Выбрать главу

Раніцай Бураціна пералічыў грошы, — залатых манет было столькі, колькі пальцаў на руцэ, — пяць.

Сціснуўшы манеты ў кулаку, ён, падскакваючы, бег дадому і напяваў:

— Куплю тату Карла новую куртку, куплю многа макавых трыкутнічкаў, ледзянцовых пеўнікаў на палачках.

Калі знік з вачэй балаган тэатра лялек і сцягі, што развяваліся на ветры, ён убачыў двух жабракоў, якія панура валакліся па пыльнай дарозе: лісіцу Алісу, што кульгала на трох лапах, і сляпога ката Базіліо.

Гэта быў не той кот, якога Бураціна сустрэў учора на вуліцы, а другі, — таксама Базіліо і таксама паласаты. Бураціна хацеў прайсці міма, але лісіца Аліса сказала яму лісліва:

— Дзень добры, добранькі Бураціна. Куды так спяшаешся?

— Дадому, да таты Карла.

Лісіца ўздыхнула яшчэ ліслівей:

— Ужо і не ведаю, ці застанеш ты жывым беднага Карла, ён зусім зблажэў ад голаду і холаду…

— А ты гэта бачыла? — Бураціна разняў кулак і паказаў пяць залатых.

Убачыўшы грошы, лісіца міжвольна пацягнулася да іх лапай, а кот раптам шырока расплюшчыў сляпыя вочы, і яны бліснулі ў яго, як два зялёныя ліхтары.

Але Бураціна нічога гэтага не заўважыў.

— Добранькі, харошанькі Бураціна, што ж ты будзеш рабіць з гэтымі грашыма?

— Куплю куртку для таты Карла… Куплю новую азбуку…

— Азбуку, ох, ох! — сказала лісіца Аліса, ківаючы галавой. — Не давядзе цябе да дабра гэтая навука… Вось я вучылася, вучылася, а — бачыш — хаджу на трох лапах.

— Азбуку, — прабурчаў кот Базіліо і сярдзіта фыркнуў у вусы. — Праз гэтую праклятую навуку я вочы страціў…

На сухой галіне каля дарогі сядзела пажылая варона. Слухала, слухала і каркнула:

— Няпр-раўда! Няпр-раўда!

Кот Базіліо адразу ж высока падскочыў, лапай збіў варону з галіны, выдраў ёй паўхваста, — ледзь яна вырвалася. І зноў прыкінуўся, быццам ён сляпы.

— Вы за што яе так, кот Базіліо? — здзіўлена спытаў Бураціна.

— Вочы ж сляпыя, — адказаў кот, — здалося — гэта сабачаня на дрэве…

Пайшлі яны ўтраіх па пыльнай дарозе. Лісіца сказала:

— Разумненькі, найразумненькі Бураціна, хацеў бы ты, каб у цябе грошай стала ў дзесяць разоў больш?

— Вядома, хачу! А як гэта робіцца?

— Прасцей простага. Пойдзем з намі.

— Куды?

— У Краіну Дурняў.

Бураціна крыху падумаў.

— Не, я ўжо лепей цяпер дадому пайду.

— Калі ласка, мы цябе на вяроўцы не цягнем, — сказала лісіца, — тым горш для цябе.

— Тым горш для цябе, — прабурчаў кот.

— Ты сам сабе вораг, — сказала лісіца.

— Ты сам сабе вораг, — прабурчаў кот.

— А то б твае пяць залатых ператварыліся ў кучу грошай…

Бураціна спыніўся, разявіў рот…

— Хлусіш!

Лісіца села на хвост, аблізнулася:

— Я табе зараз растлумачу. У Краіне Дурняў ёсць чароўнае поле, — называецца Поле Цудаў… На гэтым полі выкапай ямку, скажы тры разы: «Крэкс, фэкс, пэкс», пакладзі ў ямку залаты, засып зямлёй, зверху пасып соллю, палі як след вадой і ідзі спаць. Да раніцы з ямкі вырасце невялікае дрэўца, на ім замест лісця будуць вісець залатыя манеты. Зразумеў?

Бураціна ажно падскочыў.

— Хлусіш!

— Хадзем, Базіліо, — пакрыўджана зморшчыўшы нос, сказала лісіца, — нам не вераць — і не трэба…

— Не, не, — закрычаў Бураціна, — веру, веру!.. Хадземце хутчэй у Краіну Дурняў!..

У харчэўні «Трох печкуроў»

Бураціна, лісіца Аліса і кот Базіліо спусціліся з гары і ішлі, ішлі — праз палі, вінаграднікі, праз сасновы бор, выйшлі да мора і зноў павярнулі ад мора, праз той жа бор, вінаграднікі…

Гарадок на ўзгорку і сонца над ім паказваліся то справа, то злева…

Лісіца Аліса гаварыла, уздыхаючы:

— Ах, не так гэта лёгка трапіць у Краіну Дурняў, усе лапы сатрэш…

Пад вечар яны ўбачылі збоку ад дарогі стары дом з плоскім дахам і з шыльдай над уваходам: харчэўня «Трох печкуроў».

Гаспадар выбег насустрач гасцям, сарваў з лысай галавы шапачку і нізка кланяўся, просячы зайсці.

— Не шкодзіла б нам падсілкавацца хоць сухой скарыначкай, — сказала лісіца.

— Хоць скарыначкай хлеба пачаставалі б, — паўтарыў кот.

Зайшлі ў харчэўню, селі каля камінка, дзе на ражнах і скавародках смажылася ўсялякая ўсялячына.

Лісіца ўвесь час аблізвалася, кот Базіліо паклаў лапы на стол, вусатую морду — на лапы, утаропіўся на яду.

— Гэй, гаспадар, — важна сказаў Бураціна, — дайце нам тры скарыначкі хлеба…

Гаспадар ледзь не ўпаў ніцма ад здзіўлення, што такія паважаныя госці так мала патрабуюць.

— Вясёленькі, дасціпненькі Бураціна жартуе з вамі, гаспадар, — захіхікала лісіца.