Ад месяца дрэвы адкідвалі доўгія цені. Увесь лес быў паласаты…
Бураціна то знікаў у цені, то белы каўпачок яго мільгаў у святле месяца.
Так ён дабраўся да возера. Над люстранай вадой вісеў месяц, як у тэатры лялек.
Бураціна кінуўся ўправа — гразка. Улева — гразка… А ззаду зноў затрашчала сучча…
— Трымай, трымай яго!..
Разбойнікі падбягалі ўжо, яны высока падскаквалі з мокрай травы, каб убачыць Бураціна.
— Вось ён.
Яму заставалася толькі кінуцца ў ваду. У гэты час ён убачыў белага лебедзя, які спаў каля берага, засунуўшы галаву пад крыло.
Бураціна кінуўся ў азярцо, даў нырца і схапіў лебедзя за лапы.
— Го-го, — загагатаў лебедзь, прачынаючыся, — што за непрыстойныя жарты! Пакіньце мае лапы ў спакоі!
Лебедзь распасцёр вялізныя крылы, і ў той час, калі разбойнікі ўжо хапалі Бураціна за ногі, што тырчалі з вады, лебедзь паважна паляцеў цераз возера.
На тым беразе Бураціна выпусціў яго лапы, пляснуўся, усхапіўся і па мохавых купінах, праз чарот кінуўся бегчы проста да вялікага месяца — над узгоркамі.
Разбойнікі вешаюць Бураціна на дрэва
Ад стомленасці Бураціна ледзь перастаўляў ногі, як муха восенню на падаконніку.
Раптам праз галінкі арэшніку ён убачыў прыгожую палянку і пасярод яе — маленькі, асветлены месяцам домік на чатыры акенцы. На аканіцах намаляваны сонца, месяц і зоркі.
Навокал раслі вялікія блакітныя кветкі.
Дарожкі пасыпаны чыстым пясочкам. З фантана біў тоненькі струмень вады, у ім падскакваў паласаты мячык.
Бураціна рачком узлез на ганак. Пастукаў у дзверы. У доміку было ціха. Ён пастукаў гучней, — мабыць, там моцна спалі.
У гэты час з лесу зноў выскачылі разбойнікі. Яны пераплылі возера, вада лілася з іх ручаямі. Убачыўшы Бураціна, нізенькі разбойнік агідна зашыпеў па-кацінаму, высокі заяхкаў па-лісінаму…
Бураціна грукаў у дзверы рукамі і нагамі:
— Памажыце, памажыце, людзі добрыя!..
Тады ў акенца высунулася кучаравая прыгожанькая дзяўчынка з прыгожанькім кірпатым носікам. Вочы ў яе былі заплюшчаны.
— Дзяўчынка, адчыніце дзверы, за мною гоняцца разбойнікі!
— Ах, якое глупства! — сказала дзяўчынка, пазяхаючы прыгожанькім ротам. — Я хачу спаць, я не магу расплюшчыць вачэй…
Яна ўзняла рукі, сонна пацягнулася і знікла ў акне.
Бураціна ў роспачы ўпаў носам у пясок і прыкінуўся мёртвым.
Разбойнікі падбеглі да яго:
— Ага, цяпер ад нас не ўцячэш!..
Цяжка ўявіць, чаго толькі яны не выраблялі, каб прымусіць Бураціна разявіць рот.
Калі б у час пагоні яны не згубілі нажа і пісталета, — на гэтым месцы і можна было б скончыць расказ пра няшчаснага Бураціна.
Нарэшце разбойнікі вырашылі яго павесіць уніз галавой. Прывязалі да ног вяроўку, і Бураціна павіснуў на дубовай галіне… Яны селі пад дубам, выцягнуўшы мокрыя хвасты, і чакалі, калі ў яго вываляцца з рота залатыя манеты…
На світанні ўзняўся вецер, зашумелі на дубе лісты. Бураціна гойдаўся, як дзеравячка. Разбойнікам надакучыла сядзець на мокрых хвастах…
— Павісі, дружа, да вечара, — сказалі яны злавесна і пайшлі шукаць якую-небудзь прыдарожную харчэўню.
Дзяўчынка з блакітнымі валасамі выратоўвае Бураціна
За галінамі дуба, дзе вісеў Бураціна, пачынала світаць.
Трава на палянцы зрабілася шызай, блакітныя кветкі пакрыліся кропелькамі расы.
Дзяўчынка з кучаравымі блакітнымі валасамі зноў высунулася ў акенца, працерла і шырока расплюшчыла заспаныя прыгожанькія вочы.
Гэтая дзяўчынка была самай прыгожай лялькай з тэатра лялек сіньёра Карабаса Барабаса.
Не маючы сілы цярпець грубыя выхадкі гаспадара, яна ўцякла з тэатра і пасялілася ў адзінокім доміку на шызай палянцы.
Звяры, птушкі і некаторыя з казюлек вельмі палюбілі яе, — мабыць, таму, што яна была выхаваная і лагодная дзяўчынка.
Звяры прыносілі ёй усё, што патрэбна для жыцця.
Крот прыносіў спажыўныя карэнні.
Мышы — цукар, сыр і кавалачкі каўбасы.
Высакародны сабака — пудзель Артамон — прыносіў булкі.
Сарока крала для яе на рынку шакаладныя цукеркі ў сярэбраных паперках.
Жабы прыносілі ў арэхавых шкарлупінах ліманад.
Коршак — смажаную дзічыну.
Хрушчы — розныя ягады.
Матылькі — пылок з кветак — пудрыцца.
Вусені — пасту для чысткі зубоў і змазвання рыпучых дзвярэй.
Ластаўкі знішчалі паблізу дома восаў і камароў…
Дык вось, расплюшчыўшы вочы, дзяўчынка з блакітнымі валасамі адразу ж убачыла Бураціна, які вісеў уніз галавой.