Славуты ў Вялiкiм Княстве магнацкi род Радзiвiлаў заўсёды славiўся сваiм патрыятызмам. Ня быў выключэньнем i Мiкалай Чорны. У гэты час палiтычнае жыцьцё Вялiкага Княства Лiтоўскага перажывала застой, выклiканы шматгадовай адсутнасьцю вялiкага князя Жыгiмонта Старога ў дзяржаве, якi наведваў Вiльню раз на некалькi год, астатнi час жывучы ў Кракаве. Мiкалай Радзiвiл, бачачы, як дзяржава гiбее без адпаведнага лiдарства, прапанаваў беларускiм магнатам зьвярнуцца да Жыгiмонта Старога з просьбай аб перадачы рэальнай улады ў Княстве сыну караля, Жыгiмонту Аўгусту, якi ў 1529 г. быў ужо фармальна абраны i на польскi, i на лiтоўскi трон. Гэтая прапанова Чорнага патрапiла на добрую глебу, i восеньню 1544 г. на Берасьцейскiм сойме Жыгiмонт Аўгуст дэ-факта становiцца ўладаром Вялiкага Княства Лiтоўскага. Трыццацiгадовы Мiкалай Радзiвiл стаў галоўным дарадцам i правай рукой вялiкага князя, зь якiм яго зьвязвалi доўгiя гады сяброўства яшчэ з часоў знаходжаньня ў Кракаве пры каралеўскiм двары. Гэтая пазыцыя Чорнага была замацаваная пасадаю вялiкага маршалка, найважнейшай пасьля канцлера пасадай у Вялiкiм Княстве, якую надаў свайму сябру Жыгiмонт Аўгуст. Да кампэтэнцыi маршалка належала судовая ўлада вышэйшай iнстанцыi i пытаньнi зьнешняй палiтыкi краiны.
Уплыў Мiкалая Радзiвiла на дзяржаўныя справы яшчэ больш павялiчыўся, калi неўзабаве Жыгiмонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзiвiл, стрыечную сястру Чорнага. Маладая ўдава троцкага ваяводы жыла тады ў палацы свайго брата, Мiкалая Радзiвiла Рудога. Вялiкi князь часта наведваў яе, i вестка пра гэта разыйшлася па ўсёй краiне. Браты Барбары зьвярнулiся да свайго валадара, просячы, каб сваiмi заляцаньнямi да iхняй сястры не прыносiў няславы роду Радзiвiлаў i не наведваў палац на Лукiшках у iх адсутнасьць. Жыгiмонт Аўгуст згадзiўся i нейкi час да Барбары не прыходзiў. Аднойчы, пачуўшы, што браты выехалi зь Вiльнi, вялiкi князь парушыў сваё слова i патаемна зьявiўся на Лукiшках. Але ўвайшоўшы ў палац, замест каханай Жыгiмонт Аўгуст убачыў братоў Мiкалая Чорнага i Мiкалая Рудога. Вялiкi князь ня стаў хiтраваць i абвесьцiў, што хоча ажанiца на Барбары. "Дай жа Бог", - адказалi браты i адразу паклiкалi сьвятара. Шлюб Жыгiмонта Аўгуста i Барбары Радзiвiл быў патаемны, i амаль год пра яго практычна нiхто ня ведаў. Толькi калi ў 1548 г. памёр Жыгiмонт Стары i вялiкi князь лiтоўскi Жыгiмонт Аўгуст атрымаў польскую карону, выявiлася, што малады кароль мае жонку-лiцьвiнку. Каб падвысiць статус сваёй сястры ў вачох польскага грамадзтва, Мiкалай Чорны адмыслова выехаў у 1547 г. з пасольствам у Вену, дзе атрымаў княскi тытул з рук iмпэратара Карла V.
На працягу некалькiх наступных гадоў Мiкалай Радзiвiл Чорны становiцца некаранаваным каралём Лiтвы. У яго руках засяродзiлiся найважнейшыя дзяржаўныя пасады нашай краiны. У 1549 г. ён атрымаў пасаду троцкага ваяводы, праз два гады стаў канцлерам Вялiкага Княства, а яшчэ праз год атрымаў вiленскае ваяводзтва (найважнейшая ваяводзкая пасада ў дзяржаве). Сьмерць каралевы не пахiснула даверу Жыгiмонта Аўгуста да Мiкалая Чорнага. Вялiкакняскiм прывiлеем ён атрымаў права захоўваць у сваiм архiве ў Нясьвiжы ўсе паперы i дакуманты, зьвязаныя з унутранай i зьнешняй палiтыкай Вялiкага Княства, прыраўноўваючы нясьвiскi архiў да дзяржаўнага. Улiчваючы, што Жыгiмонт Аўгуст большасьць часу знаходзiўся ў Польскiм Каралеўстве, фактычная ўлада ў краiне была сканцэнтраваная ў руках Мiкалая Радзiвiла.
Але ня толькi палiтычная кар'ера цiкавiла князя Мiкалая. Час iмклiвага ўзвышэньня быў адначасова пэрыядам складаных духоўных пошукаў. Рэфармацыя, якой жыла Эўропа XVI стагодзьдзя, не магла пакiнуць абыякавым Мiкалая Радзiвiла. Упершыню ён сутыкнуўся зь iдэямi аднаўленьня хрысьцiянства пад час вучобы, калi выяжджаў у Нямеччыну для завяршэньня сваёй адукацыi. Вярнуўшыся ў Вiльню, малады магнат пазнаёмiўся зь вiленскiмi лютаранамi. У гэты час ён блiзка сыйшоўся з Абрагамам Кульвай, палымяныя пропаведзi якога выклiкалi ў маладога Радзiвiла захапленьне ягонай верай i ягонай перакананасьцю. Калi ў 1542 г. Кульва, ратуючыся ад перасьледваньняў, выехаў у Каралявец, дзе стаў прфэсарам у тамтэйшым унiвэрсытэце, Мiкалай Чорны заапекаваўся хворай мацi аднаго зь першых прапаведнiкаў Рэфармацыi ў Вiльнi.
У той самы час Ян Радзiвiл, малодшы брат Чорнага, паехаў на лячэньне ў Iталiю. Па дарозе ён заехаў у Вiтэнбэрг i пазнаёмiўся там зь Фiлiпам Мэлянхтонам, вучнем i наступнiкам Марцiна Лютара. Пабыўшы некаторы час у сталiцы Рэфармацыi, Ян Радзiвiл прыняў эвангельскае вучэньне i стаў гарачым яго вызнаўцам. Наступныя два гады, якiя ён правёў у Iталii, толькi ўмацавалi Яна ў слушнасьцi зробленага выбару. Вярнуўшыся на радзiму, Ян Радзiвiл пачаў прапаведваць вучэньне Лютара сярод усiх сваiх шматлiкiх сваякоў. I хоць вiленскi бiскуп Павал Гальшанскi крывым вокам глядзеў на дзейнасьць маладога рэфарматара, нiчога зрабiць яму ня мог. Тым больш, што да Рэфармацыi пачаў схiляцца дзядзька Радзiвiлаў, найбагацейшы магнат Вялiкага Княства, Станiслаў Кежгайла.
Але лявiна падзеяў, актыўным удзельнiкам якiх стаў Мiкалай Чорны, адцягнула яго ад прыняцьця акрэсьленай духоўнай пазыцыi. Напружаны Берасьцейскi сойм, агiтацыя за Жыгiмонта Аўгуста, пасада маршалка, пасольствы, паседжаньнi паноў рады, патаемны шлюб Жыгiмонта Аўгуста i Барбары Радзiвiл, сьмерць Жыгiмонта Старога i каранацыя Жыгiмонта Аўгуста, каранацыя Барбары, дзеля якой Мiкалай Чорны вымушаны быў больш за год пераадольваць супрацiў магнатаў Польскага Каралеўства, шлюб з Альжбэтай Шыдлавецкай, атрыманьне тытулу князя, выправа супраць крымскiх татараў на Валынь. Здаецца, што няма часу, каб спынiцца i задумацца.
У 1551 годзе раптоўна памiрае стрыечная сястра Мiкалая Радзiвiла, каралева Барбара. Празь некалькi месяцаў адыходзiць у вечнасьць малодшы брат Ян. Сьмерць блiзкiх людзей заўсёды прымушае чалавека думаць аб сэнсе жыцьця... Мiкалай Чорны затрымаўся ў сваёй дзейнасьцi. "Чалавек - як трава, i ўсякая слава ягоная - як краска травы, засохла трава, i краска апала; але Слова Госпада трывае вечна", -прыйшлi на памяць словы зь Бiблii, якая з новай сiлай пачала прыцягваць да сябе князя Мiкалая. З далёкага Вiтэнбэргу прыйшоў лiст, гэта Фiлiп Мэлянхтон прыслаў элегiю на сьмерць Яна Радзiвiла. Канцлер Вялiкага Княства зноў i зноў узгадваў словы брата, як той расказваў пра Марцiна Лютара, пра апраўданьне верай, пра малiтву, пра Бiблiю. Шукаючы адказу на свае пытаньнi, Мiкалай Чорны зьвяртаўся да збораў вялiкакняскай бiблiятэкi, у якой знаходзiлася шыкоўная Бiблiя ў перакладзе Лютара зь яго ўласным прысьвячэньнем Жыгiмонту Аўгусту, камэнтар Кальвiна да Пасланьняў апостала Паўла, прысьвечаны вялiкаму князю лiтоўскаму, мноства эвангельскай лiтаратуры, асаблiва той, што друкавалася ў Караляўцы па загаду прускага герцага Альбрэхта. Князя Мiкалая глыбока ўзрушыў палымяны "Зварот да хрысьцiянскай шляхты нямецкай нацыi" Лютара, прымусiлi сур'ёзна задумацца "Хрысьцiянскае выхаваньне" Кальвiна, iншыя творы айцоў Рэфармацыi. У кастрычнiку 1556 г. у адкрытым лiсьце да папскага нунцыя Лiпамана Мiкалай Радзiвiл напiсаў, што ён быў бы рады бачыць у Вялiкiм Княстве ня толькi Кальвiна, але i Мэлянхтона, i iншых рэфарматараў. Эвангельскае вучэньне захапляла князя Мiкалая. Жывая вера, непасрэдныя адносiны з Богам - гэта тое, чаго так прагнула яго душа, гэта тое, што было неабходна яго краiне.