У савецкай гiстарычнай лiтаратуры пашырана меркаваньне, што галоўнай прычынай масавага прыняцьця Рэфармацыi беларускiмi магнатамi i шляхтай было прагненьне захапiць маёмасьць каталiцкай цi праваслаўнай царквы i жаданьне мець танную, невымагаючую царкву ў сваiх уладаньнях. Аднак нават павярхоўнага позiрку на сытуацыю ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм у сярэдзiне XVI стагодзьдзя дастаткова, каб абвергнуць такое цьверджаньне. Зямельныя ўладаньнi далёка ня самых заможных беларускiх магнатаў, такiх як Гарнастаi цi Тальвашы, нашмат перавышалi ўладаньнi каталiцкiх бiскупстваў. Праваслаўная царква жыла пераважна за кошт дапамогi заможных апекуноў i практычна ня мела больш менш сур'ёзнай уласнасьцi. У той жа час будаўнiцтва новых збораў, распаўсюджваньне iдэяў Рэфармацыi, увогуле стварэньне новага вобразу царквы патрабавала немалых фiнансавых выдаткаў. У дадатак рэфармаваныя цэрквы ад сваiх вернiкаў патрабавалi без параўнаньня большай пасьвячонасьцi, а самае галоўнае сапраўднай, жывой веры. Калi ж зьвярнуцца да дакумантаў таго часу, то асабiстая перапiска беларускай шляхты сьведчыць аб тым, што асноўнымi прычынамi iх падтрымкi Рэфармацыi былi асабiстая вера, народжаная слуханьнем Слова Божага, i жаданьне бачыць царкву, адпаведную вобразу царквы, апiсанай у Бiблii.
У 1556 годзе ўся Эўропа чытала адказ Мiкалая Радзiвiла Чорнага на адкрыты лiст папскага нунцыя (пасла) у Польшчы Алёiза Лiпамана. У студзенi гэтага году нунцы ў сваiм лiсьце абвiнавацiў вiленскага ваяводу ў спрыяньнi вераадступнiцтву i скрытыкаваў ягоныя погляды, заклiкаючы вярнуцца да каталiцкай царквы. Адказ Мiкалая Чорнага, напiсаны на лацiне i выданы ў Караляўцы ў кастрычнiку таго самага году, стаў сваеасаблiвай дэклярацыяй беларускай Рэфармацыi. Вiленскi ваявода фактычна першым сярод рэфармацыйных дзеячоў Вялiкага Княства сфармуляваў дактрыну эвангельскiх цэркваў у краiне.
Перш за ўсё Мiкалай Чорны абверг канцэпцыю паўсюднасьцi ўлады папы рымскага: "Мы цалкам згодныя з тым, што каралеўства Хрыстова мусiць быць, адпаведна са Сьвятым Пiсьмом, пашырана па ўсёй зямлi, ад мора i да мора, ад усiх рэк i аж да ўскраю сьвету. Але гэтае каралеўства зусiм не такое, як iмпэрыя Кiра цi Аляксандра, цi Цэзара Аўгуста, якiя славiлiся сваiмi незьлiчонымi багацьцямi. Каралеўства Хрыстова - гэта духоўная еднасьць людзей, дзе няма багацьцяў. Сам Хрыстос гаварыў: "Каралеўства Маё ня ёсьць падобным да гэтага сьвету"". Далей вiленскi ваявода выказаў праграму сваiх дзеяньняў дзеля рэформы царквы: "Закладаючы ў сваiх уладаньнях i там, куды сягае мая ўлада, зборы i алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртаньня сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад папскiх прыдумак i iдалапаклонства. Я скiнуў з алтароў багоў, апраўленых у золата i срэбра, i замкнёных у скрынках, годных найвялiкшай пагарды, якiх вы, як пагане, ушаноўвалi... Пры кожным, у духу праўдзiвай веры арганiзаваным зборы ёсьць прапаведнiцкая катэдра, зь якой вернiкам абвяшчаюцца не прыдумкi Скота, Эна, Пiгiуса, Вiцэлiуса i да iх падобных, але сапраўднае Слова Божае... Нашыя прапаведнiкi добра ведаюць праўдзiвую навуку Хрыстовую i прапаведуюць не каноны i дэкрэты, а слова вечна жывога Госпада Бога... Кнiгi, якiя сам чытаю i iншым чытаць раю, не герэтычныя хаця б таму, што iх папскi пасол зганiў. Яны адкрываюць людзям праўдзiвае Эвангельле. Некаторыя з тых кнiгаў я сваiм коштам друкаваў i друкаваць буду... Мы, прытрымлiваючыся старых канонаў, апостальскiх прыказаньняў i навукi iншых сьвятых мужоў, хочам, каб духоўныя асобы не былi разлучаныя з жанчынамi, што i Сьвятое Пiсьмо раiць... Найсьвяцейшая i найдастойнейшая сьвятасьць цела i крывi Госпада майго Iсуса Хрыста, якая ўстаноўленая Iм Самiм i праз збаўленых людзей нам перададзеная, шанавалася ў царкве Хрыстовай з даўнейшых часоў. Яна i для нас сьвяцейшая за ўсе iншыя рэчы i няма нiякага iдалапаклоньнiцтва, калi спаўняецца праўдзiва i сваiм парадкам. Госпадзе Божа, зрабi так, каб мы, адкiнуўшы ўсе недарэчныя прыдумкi, зьвярнулiся ўрэшце да служэньня, што было прынята апосталамi i iснавала ў грэцкай царкве ў часы Залатавуснага i Васiля, а ў лацiнскай - у часы Амброзiя, Геранiма i Аўгустына". Асобна князь-рэфарматар спынiўся на пытаньнi мовы ў царкве: "Я так лiчу, што ўсе людзi, узносячы хвалу, малiтвы i падзякi Госпаду Богу за Яго дабрадзействы, павiнны рабiць тое з чыстымi думкамi i шчырым сэрцам. Таму неабходна, каб той, хто гэта чынiць, абавязкова ведаў мову i спасьцiгаў сэнс сказанага. Калi ж набажэнства адбываецца на лацiне, цi на грэцкай, цi на якой iншай, незразумелай простаму чалавеку мове, то ён i рады быў бы шчыра малiцца Госпаду Богу i хвалiць Яго, прыкладаючы да гэтага свае сэрца i розум, але, на жаль, ня можа зразумець сэнсу сваiх словаў i сутнасьцi ўчынкаў. Менавiта з гэтае прычыны я так лiчу: на якой мове кожны народ здольны спасьцiгаць таямнiцы Слова Божага, на той мове трэба праводзiць сьвятыя царкоўныя набажэнствы". Папскi пасол заявiў, што адной з рысаў прававернасьцi каталiцкай царквы ёсьць факт, што яна аб'ядноўвае большасьць хрысьцiянаў, дык сумнiўна, што ў такiм малым зборы, да якога належыць вiленскi ваявода, была б сапраўдная навука Хрыстовая. Мiкалай Чорны не абмiнуў увагаю i гэты закiд: "Ад пачаткаў сьвету праўдзiвая вера, празь якую Бог аб'яўляў людзям праўду, была заўсёды ў меншасьцi, уцiсканая. Падобна дзеецца i сёньня. Таму я лепш хачу быць у гэтай пагарджанай нунцыем царкве як герэтык, чым у рымскай царкве як сьвяты... Я апякуюся добрымi i пачцiвымi прапаведнiкамi, якiя надзвычай дасьведчаныя ў сапраўднай навуцы i добрых звычаях i ведаюць праўдзiвае набажэнства Хрыстовае. Яны мне адкрываюць праўду i распавядаюць пра вечнага i несьмяротнага Бога i Ягоную неабсяжную волю, аб'яўленую праз адзiнага Сына Iсуса Хрыста, i перададзеную праз апосталаў".