Валочная памера зьмянiла нават зьнешнi выгляд вёсак па ўсёй Беларусi. Яны сталi больш буйнымi, з характэрнай забудовай у адну вулiцу. I гэты iх выгляд прынцыпова не зьмянiўся да сёньняшняга дня. Яшчэ больш важным вынiкам рэформы сталася павелiчэньне грашовага абарачэньня, бо большасьць сялянаў была пераведзена з натуральнага падатку на грашовы - чынш, i таму мусiла зьвязвацца з рынкам. Акрамя таго была лiквiдаваная сялянская абшчына, бо сяляне атрымлiвалi ў спадчыну ў сваё карыстаньне валокi i выконвалi грашовыя i iншыя павiннасьцi паасобку, а ня ўсёй вёскаю. Дарэчы, падобныя рэформы былi праведзеныя ў Расейскай iмпэрыi толькi на пачатку XX стагодзьдзя прэм'ер-мiнiстрам Пятром Сталыпiным, якi меў маёнтак каля Гораднi i на ўласныя вочы бачыў вынiкi рэалiзацыi "Уставы на валокi". Сама валока аказалася настолькi трывалай гаспадарчай адзiнкай, што нават у XX стагодзьдзi беларускiя сяляне, набываючы зямлю, вымяралi яе валокамi.
Новая сыстэма гаспадараньня дала магчымасьць павялiчыць ураджаi збожжа, так што жыта i ячмень пачалi вывозiць на продаж за мяжу. Лiквiдацыя сялянскай абшчыны дазволiла разьвiваць разнастайную вытворчасьць, асаблiва зьвязаную зь перапрацоўкай драўнiны, бо частка сялянаў замест працы на зямлi пачала займацца рамяством. Зьявiлiся цэлыя паселiшчы смаляроў, катляроў, грабароў, шаўцоў, кавалёў. Усё гэта спрыяла росту мясцовага рынку i эканамiчнаму разьвiцьцю краiны. Адной з прыкметаў гэтага стала стварэньне ў Вялiкiм Княстве аднароднай грашовай сыстэмы. На пачатку XVI стагодзьдзя на Полаччыне ў абарачэньнi былi галоўным чынам рыскiя шылiнгi, у Панямоньнi - праскiя грошы, а на Палесьсi - залатаардынскiя дзiрхемы. Але ў сярэдзiне XVI стагодзьдя асноўнай манэтай ва ўсiм Княстве становiцца лiтоўскi паўгрош вiленскай вытворчасьцi.
Яшчэ адной характэрнай рысай XVI стагодзьдзя стаў хуткi рост у Беларусi гарадоў i мястэчак. Калi на пачатку стагодзьдзя iх было толькi 48, то ўжо ў 1567 годзе iх налiчвалася больш за 280. Гэтая ўрбанiзацыя Вялiкага Княства непасрэдна зьвязаная зь iмкненьнем магнатаў закладаць гарады i мястэчкi ў сваiх уладаньнях. Радзiвiлы, Кiшкi, Пацы, Сапегi запрашалi разнастайных рамесьнiкаў, перш за ўсё веручых, i надавалi новым паселiшчам магдэбурскае права (права самакiраваньня). Дзеячы Рэфармацыi ставiлi сабе за мэту клапацiцца пра пашырэньне кола людзей, якiя займаюцца нейкiм рамяством. Сымон Будны ў сваiм "Катэхiзiсе" зьвяртаў увагу бацькоў, што "повiнны родiтелi научатi сынов своiх мастерству або ремества якого побожного, абы от него слушное выжывене на потом мелi". Ён ставiў майстра ў адзiн шэраг з настаўнiкам, пастарам i ўладамi.
Сярэдзiна XVI стагодзьдзя - гэта таксама iмклiвы культурны ўздым Вялiкага Княства. Тут варта ўзгадаць хаця б тыя некалькi сотняў школаў, адкрытых пры эвангельскiх цэрквах на працягу няпоўных дзесяцi гадоў, якiя далi магчымасьць тысячам маладых людзей атрымаць прынамсi пачатковую адукацыю. Або сотнi кнiгаў, якiя выходзiлi вялiкiмi накладамi i пашыралi веды сярод жыхароў краiны. У рэфармацыйных друкарнях выдавалася ня толькi рэлiгiйная лiтаратура, але таксама кнiгi па гiсторыi, геаграфii, матэматыцы, фiлязофii, паэтычныя i празаiчныя творы розных аўтараў, пераклады з замежных моваў. Князь Мiкалай Радзiвiл Чорны стаў распачынальнiкам мэцэнацтва ў Вялiкiм Княстве. Пры яго двары стваралi музыку Кiпрыян Базылiк i Вацлаў з Шаматулаў, пiсалi вершы Мiкалай Рэй i Андрэй Трыцесскi. Нямецкiя мастакi, якiя працавалi дзякуючы падтрымцы вiленскага ваяводы, увялi ў побыт шляхты Княства партрэтны жывапiс. Мiкалай Чорны стаяў таксама ля вытокаў славутых радзiвiлаўскiх мастацкiх збораў, першай мастацкай калекцыi ў Беларусi.
Шматгранная дзейнасьць вiленскага ваяводы выяўлялася i ў палiтычным жыцьцi краiны. Пачынаючы з 1556 году Мiкалай Радзiвiл Чорны шмат увагi ўдзяляў сiтуацыi ў Прыбалтыцы, вядучы перамовы аб далучэньнi Лiвонii да Вялiкага Княства i сумеснай абароне супраць маскоўскай агрэсii. У 1558 годзе войскi Iвана Жахлiвага ўварвалiся ў Лiвонiю, пакiдаючы за сабою спаленую зямлю. Лiвонiя зьвярнулася да Вiльнi па дапамогу, становячыся пратэктаратам Вялiкага Княства. Вайна з Масквою стала непазьбежнай. Зiмою 1563 году 200-тысячная маскоўская армiя на чале зь Iванам Жахлiвым увайшла ў межы Княства i аблажыла Полацак. Вялiкi гетман лiтоўскi Мiкалай Радзiвiл Руды кiнуўся тэрмiнова зьбiраць беларускае войска i закрыў дарогу на Вiльню, але дапамагчы Полацку анiяк ня змог. У лютым 1563 году Полацак быў захоплены. Па загаду цара Iвана ўсе, хто не хрысьцiўся па-праваслаўнаму, былi пасечаныя шаблямi або ўтопленыя ў Дзьвiне, мужчыны i жанчыны, старыя i дзецi. Усiх пазасталых палачанаў захопнiкi аб'явiлi палоннымi i пагналi на ўсход. У родны горад зь iх нiхто не вярнуўся, а сам Полацак быў заселены перасяленцамi з-за Масквы. Калi праз 16 гадоў войскi Стэфана Баторыя вызвалiлi Полаччыну, гэтая некалi самая заселеная зямля ў Вялiкiм Княстве ўяўляла сабою зарослую маладым лесам пустыню безь людзей i без жывёлы. Да сёньняшняга дня гэты край самы бязьлюдны ў Беларусi.