Такое разьвiцьцё падзеяў нарадзiла панiку сярод беларускай шляхты. На палявым сойме пад Вiцебскам было прынятае рашэньне аб далучэньнi Вялiкага Княства да Польскага Каралеўства. Але гэтым плянам iнтэграцыi рашуча супрацьстаў Мiкалай Радзiвiл Чорны. На Варшаўскiм сойме ў студзенi 1564 году, калi польскiя дэлегаты i Жыгiмонт Аўгуст узамен за дапамогу ў вайне патрабавалi лiквiдацыi Вялiкага Княства i ўваходжаньня яго ў склад Польшчы, вiленскi ваявода заняў адназначную пазыцыю ў пытаньнi незалежнасьцi сваёй краiны, не згаджаючыся нi на якiя саступкi. У гэты час Мiкалай Радзiвiл Руды на рацэ Ула, маючы 4 тысячы вершнiкаў, разграмiў 30-цi тысячнае маскоўскае войска. Пытаньне пра iнтэграцыю было закрытае. Аднак незалежнiцкая пазыцыя вiленскага ваяводы каштавала яму поўнага разрыву адносiнаў з каралём i вялiкiм князем Жыгiмонтам Аўгустам. Некаторыя сучасьнiкi гаварылi, што Мiкалай Радзiвiл Чорны прымерваў для сябе вялiкакняскую карону, разьлiчваючы на тое, што Жыгiмонт Аўгуст ня мае нашчадкаў, i таму быў такi непрыхiльны да ўсялякiх саюзаў. Мы ня ведаем, цi былi ў вiленскага ваяводы такiя пляны, хутчэй за ўсё гэта прыдумкi недабразычлiўцаў. У лiсьце да сына ен пiсаў: "Кароль вельмi неахвотна ад мяне гэта прыймае, але Рэч Паспалiтая для мяне больш значыць, чым прыхiльнасьць гаспадара, таму мала мяне гэта хвалюе". Вiленскi ваявода называе тут Рэччу Паспалiтаю, г.зн. супольнаю справаю ўсiх грамадзянай краiны, Вялiкае Княства Лiтоўскае. Такая зацятасьць Мiкалая Чорнага не была дарэмнай. Гiсторыкi аднадушна сьцьвярджаюць, што пастава вiленскага ваяводы адносна вунii з Польшчай надавала сiлу беларускай дэлегацыi ў Люблiне ў 1569 годзе, i хоць Мiкалай Чорны памёр чатыры гады раней, бясспрэчна яго заслуга ў тым, што Вялiкае Княства ня стала часткаю Польскага Каралеўства i захавала сваю самастойнасьць.
Вялiкiя пэрспэктывы i вялiкiя занядбаньнi
Трывожныя падзеi 1563 i наступнага 1564 году падарвалi здароўе вiленскага ваяводы Мiкалая Радзiвiла Чорнага. Ён адчуваў наблiжэньне сьмерцi, i таму сьпяшаўся. Усё менш займаўся палiтыкай, а ўвесь свой час прысьвячаў таму, каб умацаваць эвангельскую царкву ў краiне. За апошнiя дванаццаць гадоў ён зрабiў шмат, каб укаранiць Рэфармацыю ў Вялiкiм Княстве. Здавалася, можна было глядзець у будучыню спакойна, але трывога не пакiдала князя Мiкалая. Яго непакоiлi весткi з вайны, адкрыта прапольская пазыцыя вялiкага князя. У дадатак да ўсяго ў самiм эвангельска-рэфармаваным Задзiночаньнi пачыналiся спрэчкi, якiя сеялi нязгоду мiж братамi. У красавiку 1565 году князь Мiкалай цяжка захварэў. 27 траўня ён паклiкаў да сябе свайго старэйшага сына, Мiкалая Крыштафа, i прасiў яго цьвёрда трымацца эвангельскай веры, клапацiцца пра зборы i прапаведнiкаў. Пасьля паклiкаў пiсара i пачаў дыктаваць тастамант. У сваёй апошняй волi вiленскi ваявода зноў i зноў узгадваў пра патрэбы эвангельскiх цэркваў: "А на тот костел, где тело мое поховано будет, i на школу одпiсую всi Бiблii, накладом моем друкованые в Берестi". На наступны дзень Мiкалай Радзiвiл Чорны, патрыёт i рэфарматар, некаранаваны кароль Лiтвы, лiдар эвангельскага руху ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, памёр.
Сьмерць Мiкалая Чорнага выклiкала непрыхаваную радасьць ворагаў Рэфармацыi ў нашай краiне, але справа жыцьця вiленскага ваяводы знайшла дастойных пасьлядоўнiкаў. На чале рэфармацыйнага руху стаў ягоны брат, вялiкi гетман лiтоўскi Мiкалай Радзiвiл Руды. Андрэй Вэнгерскi, аўтар адной зь першых працаў па гiсторыi Рэфармацыi ва Ўсходняй Эўропе "Slavonia Reformata" ("Рэфармаванае славянства") так апiсвае падзеi, зьвязаныя з прыняцьцём князем Мiкалаем Радзiвiлам Рудым кальвiнскага веравызнаньня: "Князь гэты, атрымаўшы 26 студзеня 1564 году слаўную перамогу над Масквою, паехаў у Чэнстахову з намерам споўнiць прырачэньне, прынятае перад бiтваю. Такога знакамiтага госьця манахi прынялi зь вялiкай радасьцю, i жадаючы ўмацаваць яго ў каталiцкай веры, бо ён ужо хiстаўся, намовiлi нейкага селянiна, каб зрабiў выгляд апанаванага злым духам. Калi ж яны выганялi зь яго д'ябла, каб паказаць, што яны сапраўдныя наступнiкi апосталаў, князь зразумеў подступ i, паклiкаўшы таго чалавека, даведаўся ад яго самога, што яго манахi падкупiлi, каб ён рабiў выгляд апанаванага. З гэтае прычыны князь, вярнуўшыся ў Лiтву, выракся памылак рымскае царквы, перайшоў да царквы рэфармаванае, i сыноў сваiх, Мiкалая i Крыштафа, загадаў выхоўваць у гэтым вучэньнi". Ужо раней вялiкi гетман лiтоўскi прыхiльна ставiўся да Рэфармацыi, падтрымлiваў многiя пачынаньнi свайго брата, Мiкалая Чорнага, але чамусьцi доўга не акрэсьлiваў сваёй пазыцыi. Падзеi ў Чэнстахове сталi той кропляй, якая выклiкала цьвёрдае рашэньне Мiкалая Рудога ня быць цёплым, але стаць гарачым. I трэба адзначыць, што адбылося гэта вельмi сваечасова.
Сьмерць Мiкалая Чорнага стала сур'ёзным выпрабаваньнем для кальвiнiстаў Вялiкага Княства. Багаслоўскiя спрэчкi разгарэлiся ўнутры эвангельска-рэфармаванага Задзiночаньня зь нечуванай сiлай i прывялi да падзелу адзiнага рэфармаванага збору на так званы большы збор - уласна кальвiнiстаў, верных навуцы Жана Кальвiна, i меншы збор - так званых арыянаў цi антытрынiтарыяў, якiя самi сябе называлi лiтоўскiмi братамi. Асноўнай прычынай падзелу стала пытаньне пра Тройцу i хрышчэньне дзяцей. Лiтоўскiя браты, падкрэсьлiваючы тое, што Iсус Хрыстос быў на 100% чалавекам, пры гэтым нярэдка адмаўлялi Яго роўнасьць Богу Айцу, а таксама лiчылi, што кожны чалавек павiнен хрысьцiцца толькi дарослым, усьведамляючы, што ён робiць. Гэтыя пазыцыi выклiкалi зацятыя спрэчкi, аднак так i не стварылi выразнай мяжы памiж большым зборам i меншым, што дазваляе меркаваць, што вядомыя нам скрайнiя выказваньнi аднаго цi другога боку гаварылiся хутчэй у запале дыскусii, чым адлюстроўвалi паўсюдна прынятую багаслоўскую пазыцыю. Многiя прыхiльнiкi лiтоўскiх братоў адначасова не парывалi з большым зборам, як напрыклад, староста берасьцейскi Ян Кiшка, якi быў найгалоўнейшым апекуном меншага збору ў Вялiкiм Княстве. Тым ня менш спрэчкi i падзелы ўнутры рэфармацыйнага руху аслабiлi пазыцыi рэфарматараў напярэдаднi тых падзеяў, якiя чакалi нашую дзяржаву.
Вайна з Масквою, якая цягнулася ўжо шмат гадоў, востра паставiла перад Вялiкiм Княствам даўняе пытаньне пра вунiю (саюз) з Польскiм Каралеўствам. Ваенная машына Маскоўскай дзяржавы, скiраваная на заваёву новых земляў, моцна пераўзыходзiла абарончыя магчымасьцi Княства, i нашай краiне выразна не ставала сваiх сiлаў, каб супрацьстаяць усходняму агрэсару. У 1563 годзе пачалiся перамовы дэлегацыi Вялiкага Княства з прадстаўнiкамi Польскай Кароны пра ўмовы аб'яднаньня дзяржаваў. Польскi бок, спасылаючыся на старыя акты часоў Ягайлы, настойваў на стварэньнi адзiнай дзяржавы, але беларускiя паслы на чале зь Мiкалаем Радзiвiлам Чорным прынцыпова стаялi на пазыцыi захаваньня незалежнасьцi Вялiкага Княства. Спрэчкi цягнулiся не адзiн год, тым часам вайна працягвалася, зьнясiльваючы краiну. Шляхта, на плячох якой ляжаў асноўны цяжар вайны, усё грамчэй патрабавала вунii, згаджаючыся на польскiя ўмовы.