Рэфармацыя кардынальна зьмянiла аблiчча Эўропы. Калi ў Сярэднявеччы паўночныя краiны былi без параўнаньня больш бедныя i адсталыя, чым Iталiя, Францыя, Гiшпанiя, то пасьля Рэфармацыi ўсё стала дакладна наадварот. Паўночныя краiны, прыняўшы Рэфармацыю, пачалi iмклiва разьвiвацца, i ня гледзячы на менш спрыяльныя прыродныя ўмовы, хутка багацелi, а краiны Паўднёвай Эўропы паступова ставалiся беднымi i адсталымi на фоне сваiх паўночных суседзяў. Шэраг нямецкiх земляў, а таксама Швайцарыя пачалi перажываць iмклiвы эканамiчны ўздым. Галяндыя, напалову затопленая, зьнiшчаная саракагадовай вайной за незалежнасьць, ужо празь пяцьдзесят гадоў становiцца цэнтрам мiжнароднага грашовага рынку, дзяржавай, зь якой усе мусяць лiчыцца. У Швэцыi ўцекачы-пратэстанты зь iншых краiнаў Эўропы сталi распачынальнiкамi эканамiчных i палiтычных пераўтварэньняў, якiя стварылi з краiны дзiкiх вiкiнгаў адну з самых уплывовых дзяржаваў. У Англii Слаўная рэвалюцыя 1648 году, асноўнай сiлай якой былi пурытане - ангельскiя кальвiнiсты, стала пачаткам сусьветнага панаваньня Брытанii. Пазьней рух мэтадыстаў прадухiлiў у Англii паўтарэньне падзеяў Францускай рэвалюцыi 1789 году i зрабiў Англiю "майстэрняй сьвету". Фэнамэнальная гiсторыя Злучаных Штатаў Амэрыкi непарыўна зьвязаная зь дзейнасьцю эвангельскiх мiсыянэраў i разьвiцьцём эвангельскiх цэркваў. Сацыёлягi сьцьвярджаюць, што фармаваньне рынкавай эканомiкi бярэ свой пачатак з Рэфармацыi, якая сфармавала так званую "пратэстанцкую этыку", паводле якой каштоўнасьць чалавека вызначаецца якасьцю яго працы. Такi падыход да працы стварыў падставы сёньняшняга дабрабыту заходняй цывiлiзацыi.
Адзiн з галоўных прынцыпаў аднаўленьня духоўнага жыцьця заключаецца ў непасрэдных адносiнах з Богам, якiя базуюцца на чытаньнi i разуменьнi Бiблii кожным чалавекам, таму разьвiцьцё Рэфармацыi выклiкала дынамiчны рост колькасьцi навучальных установаў ва ўсёй Эўропе. Кожная эвангельская царква iмкнулася мець школу, у якой бы дзецi i дарослыя вучылiся чытаць, пiсаць, лiчыць i г.д. Лютаранская Швэцыя стала першай краiнай, якая ўвяла ўсеагульную адукацыю на дзяржаўным узроўнi. З Рэфармацыi таксама бярэ свой пачатак такая навука як пэдагогiка. Ян Амос Каменскi, прапаведнiк i настаўнiк, увёў тыя прынцыпы, на якiх трымаецца сучаснае навучаньне, напрыклад: "Настаўнiк павiнен вучыць ня столькi, колькi ён можа, а колькi вучань можа зразумець". Каб дзецi лепш маглi ўспрыняць матэрыял, ён першы пачаў выкарыстоўваць малюнкi ў навучальным працэсе.
Чытаючы Бiблiю, многiя адукаваныя людзi XVI-XVII стагодзьдзяў зьвярнулi ўвагу на тое, што Бог хоча, каб кожны чалавек вывучаў, пазнаваў, разьвiваў i абрабляў той сьвет, у якiм ён жыве. Гэта дало пачатак разьвiцьцю прыродазнаўчых навукаў. Дацкi астраном Тыха Брагэ заснаваў ва Ўнiборгу найлепшую ў Эўропе абсэрваторыю, якая стала навуковым цэнтрам Данii. Дзякуючы гэтаму, Тыха Брагэ выканаў найдакладнейшыя астранамiчныя вылiчэньнi i склаў каталёг тысячаў зорак. На аснове гэтых дасьледваньняў нямецкi вучоны Ёган Кеплер, якi прысьвяцiў сваё жыцьцё пошуку матэматычнай гармонii, у адпаведнасьцi зь якой Бог стварыў сусьвет, адкрыў тры законы абарачэньня плянэтаў вакол Сонца, канчаткова давёўшы гелiяцэнтрычную будову Сонечнай сыстэмы i стаўшы адным з пачынальнiкаў сучаснай астраномii. Нямецкi батанiк Фукс даў навуцы найбольш шырокую i сыстэматызаваную батанiчную намэнклятуру. Ангельскi фiлёзаф Фрэнсiс Бэкан, якi лiчыў неабходным аднавiць панаваньне чалавека над прыродай, страчанае ў вынiку грэхападзеньня, стаў адным з заснавальнiкаў мэтаду навуковага экспэрымэнту, якi прадвызначыў iмклiвае разьвiцьцё навукi ў наступных стагодзьдзях. У пазьнейшыя часы iдэi, народжаныя з чытаньня Слова Божага, натхнялi матэматыка Готфрыда Ляйбнiца i фiзыка Iсаака Ньютана. Менавiта вяртаньне хрысьцiянскага сьвету да Бiблii дало пачатак астраномii, фiзыцы, хiмii, батанiцы, анатомii i iншым навукам, безь якiх немагчыма ўявiць сучасную цывiлiзацыю.
Да часоў Рэфармацыi адносiцца ўзьнiкненьне паняцьцяў, якiя сёньня вядомыя як агульначалавечыя каштоўнасьцi. Свабода сумленьня, свабода слова, права на жыцьцё, права на адукацыю i многiя iншыя сягаюць сваiмi каранямi ў XVI стагодзьдзе.
Нельга не заўважыць уплыву Рэфармацыi i на нацыянальнае разьвiцьцё народаў. Кожны раз прыняцьцё iдэяў Рэфармацыi суправаджалася нацыянальным уздымам, вяло да незалежнасьцi, як у выпадку Галяндыi цi Швэцыi, або падымала нацыянальную культуру, мову на дзяржаўны ўзровень, як гэта было ў Нямеччыне, Францыi, Англii. Адным з прынцыповых патрабаваньняў рэфарматараў заўсёды было патрабаваньне шырокага ўжываньня роднай мовы.
Можна з упэўненасьцю сказаць, што тое грамадзтва, у якiм мы сёньне жывем, тая культура, тая тэхнiка, якiя нас атачаюць, сталi тым, чым ёсьць, дзякуючы Рэфармацыi. Рэфармацыя распачала працэсы, якiя зьмянiлi сьвет, менавiта яна стала пачаткам пэрыяду, названага гiсторыкамi Новым Часам.
Уздоўж Вiльлi i Нёмана
Вялiкi рух Рэфармацыi, якi ахапiў у XVI стагодзьдзi Эўропу, не абмiнуў i Вялiкае Княства Лiтоўскае, беларускую дзяржаву, пачаткi якой губляюцца ў трывожным XIII стагодзьдзi. У 1242 годзе тумэны Бату-хана ператварыўшы ў пустыню Ўладзiмiра-Суздальскую Русь, прайшлi вогненым катком праз Кiеўшчыну, Валынь, Паўднёвую Польшчу i Вэнгрыю, пакiдаючы пасьля сябе папялiшчы гарадоў i зарастаючыя маладым лесам палi. У гэтай сытуацыi беларускiя княствы, якiх не закранула яшчэ татарская навала, пачалi аб'ядноўвацца. Цэнтрам новага дзяржаўнага ўтварэньня стала Лiтва, пушчанскi край ў ваколiцах Наваградка, дзе ўжо даўно жылi разам, то ваюючы, то сваячачыся, славяне i балты. Каля 1250 г. Мiндоўг, абраны наваградзкiм князем, пашырыў сваю ўладу аж да Менску. Здольны дыплямат i мудры ваявода, у 1253 г. ён быў каранаваны ў Наваградку папскiм легатам, i такiм чынам нэўтралiзаваў небясьпечнага ворага на паўночным захадзе - Тэўтонскi ордэн. Зьяўленьне магутнай улады ў Верхнiм Панямоньнi занепакоiла суседзяў, i празь некалькi гадоў да межаў Беларусi пацягнулiся незьлiчоныя татарскiя орды хана Бурундая. Перш чым iсьцi на Наваградак, Бурундай запатрабаваў пад пагрозай вайны Галiцка-Валынскаму княству зруйнаваць усе ўмацаваньнi вакол гарадоў, i князю Данiле Галiцкаму прыйшлося зрабiць гэты самагубчы крок, бо хто ж мог супрацьстаяць татарам. Але паход Бурундая на Лiтву (так у старажытнасьцi называлi беларускiя землi) не прынёс Ардзе перамогi. Спустошыўшы Случчыну i Наваградчыну, Бурундай ня змог падпарадкаваць беларускiя княствы i адыйшоў назад у прычарнаморскiя стэпы. З тых часоў засталiся ў народзе паданьнi пра бiтвы з татарамi пад Койданавым i Магiльным.