Выбрать главу

Беларуская Бiблiя, выдадзеная Скарынам, значна апярэдзiла падобныя выданьнi ў суседнiх народаў, стаўшы другой пасьля чэскай друкаванай Бiблiяй у славянскiм сьвеце.

Што гэта значыла для Беларусi, яскрава сьведчыць такi прыклад. У Санкт-Пецярбургу, у бiблiятэцы Акадэмii навук, захоўваецца ўнiкальны, шыкоўна аздоблены помнiк кнiжнага мастацтва Беларусi пачатку XVI стагодзьдзя - Бiблiя на царкоўнаславянскай мове. Яе перапiсваў адзiн чалавек - Мацей з Тарапца, званы Дзесятым, на працягу пяцi гадоў: пачаў у 1502 годзе ў Вiльнi, а скончыў у 1507 годзе ў Супрасьлi. Кнiжны фалiянт Мацея Дзесятага па аб'ёму тэксту крыху пераўзыходзiць 23 кнiгi Бiблii, выдадзеныя на працягу 1517-1519 гадоў у Празе беларускiм першадрукаром. I хоць Скарына працаваў не адзiн, калi ўлiчыць тэхнiчныя цяжкасьцi пры падрыхтоўцы i выпуску кнiг друкарскiм спосабам, яго Бiблiю па выдатках чалавечае працы магчыма параўнаць з рукапiснай Бiблiяй 1507 году. Прыблiзна за такi самы час, калi Мацей Дзесяты перапiсваў адну кнiгу, Скарына змог падрыхтаваць да друку i выдаць некалькi сотняў камплектаў Бiблii. Паколькi наклад Скарынавых выданьняў сягаў паўтысячы асобнiкаў, агулам за два з паловай гады зь ягонай друкарнi ў Празе выйшла звыш 10 тысячаў кнiгаў. Такую бiблiятэку не змаглi б адолець сто перапiсчыкаў i за дзесяць гадоў.

Скарына даў свайму народу Бiблiю на зразумелай мове, задавальняючы ў пэўнай меры кнiжны голад, якi iснаваў тады ў Вялiкiм Княстве, ды i ў-ва ўсёй Усходняй Эўропе. Захавалася перапiска памiж пiсарам вялiкага князя лiтоўскага Якубам i маскоўскiм дойлiдам Ярмолiчам, якiя жылi напрыканцы XV ст. Якуб прасiў свайго маскоўскага прыяцеля прыдбаць для яго Пасланьнi апостала Паўла, на што той даў адказ, што патрэбных кнiгаў купiць гатовымi ён ня змог, i абяцаў замовiць iх у "дабрапiсцаў". Калi нават вялiкакняскi пiсар адчуваў дэфiцыт кнiгаў i шукаў iх за мяжою, то набыць Бiблiю шляхцiчу цi месьцiчу было яшчэ цяжэй.

У такiх умовах ужо толькi друкаваньне Бiблii само па сабе было рэфарматарскiм крокам. Сучаснiк Скарыны, каталiцкi кардынал Гозi, аднойчы сказаў: "Дазволiць народу чытаць Бiблiю - значыць даваць сьвятыню сабакам i кiдаць пэрлы перад сьвiньнямi". Пазыцыi прыхiльнiкаў Рэфармацыi i яе ворагаў у гэтым пытаньнi кардынальна розьнiлiся.

Але Скарына ня толькi iмкнуўся зрабiць Бiблiю больш даступнай, ён прагнуў зрабiць яе як мага больш зразумелай чытачу. Палачанiн сьцьвярджаў неабходнасьць асабiстых адносiнаў чалавека з Богам, адмаўляў патрэбу ў "пасярэднiках" памiж Словам Божым i веручым, акцэнтаваў увагу на вывучэньнi Бiблii i жыцьцi згодна са Словам Божым, "понеже не толiко докторове i людi вченыi в нiх разумеють, но всякiй человек простый i посполiтый, чтучы iх iлi слухаючы, можеть поразуметi, что ест потребно к душному спасенiю его".

Менавiта на людзей простых i паспалiтых зарыентаваныя прадмовы Скарыны перад кожнай з кнiгаў. У гэтых прадмовах доктар Франьцiшак даваў разнастайныя зьвесткi па гiсторыi, геаграфii, культуры, асаблiва што тычылася народаў Блiзкага Ўсходу. Найчасьцей свае прадмовы рэфарматар пачынаў з тлумачэньня назвы кнiгi i далей сьцiсла выкладаў яе зьмест: "Сiя кнiга Есфер называется еврейскiм языком Мьгiля, то ест лiсты iлi грамоты, пiшеть в ней найболей о том, яко Аман побрал лiсты от царя Асвера на побiтiе всех iудеев, i теже яко царiца Есфер выбавiла iх от побiтiя i выпросiла от царя лiсты протiвные".

Апрача прадмоваў, перад кожным разьдзелам Бiблii быў надрукаваны так званы аргумант - кароткi зьмест разьдзелу. Iмкнучыся, як i iншыя дзеячы Рэфармацыi, навучыць чытачоў разумець Бiблiю, Скарына даваў на палях тлумачэньне незразумелых царкоўнаславянскiх цi грэцкiх словаў, а таксама параметры месцаў у Бiблii, дзе гаворыцца пра нешта падобнае: "Так же будь ведома, положiл есмi некоторые на сторонiцах в сей Псалтырi главы з розных кнiг, а то для того, абы знакомiто было iже всi iные светые пiсма згожаються с Псалтырею i одно на другое светчыть. А то, чтучы в тых кнiгах, iже суть главы на боцех опiсаны, знайдете. Так же положiл есмi на боцех некоторыi слова для людей простых, не рушаючы самое Псалтырi нi в чем же, яко суть онагрi i геродеево жылiще i хлябiе, i iные слова, которыi суть в Псалтырi неразумныi простым людем, найдуть iх на боцех рускiм языком, что которое слово знаменуеть. Теже розделiл есмi всi псалмы на стiхi по тому, яко ся в ыных языцех делiть".

Нават памеры Скарынавых выданьняў сьведчаць, што рэфарматар друкаваў Бiблiю для штодзённага чытаньня людзей паспалiтых, а не для лiтургiчных мэтаў. Калi напрастольныя Эвангельлi ў той час рабiлiся "ў аркуш", то кнiгi Скарыны былi надрукаваны "ў чацьвёрку", г.зн. у чатыры разы меньшыя, а то i "ў васьмёрку", што рабiла iх зручнейшымi ў карыстаньнi.

Нягледзячы на стрыманую, а часта адкрыта варожую пазыцыю праваслаўнага духавенства, Скарынавы пераклады шырока разыйшлiся па ўсяму Вялiкаму Княству, даючы магчымасьць сотням i тысячам лiцьвiнаў зразумець Слова Божае. Скарына сваёю дзейнасьцю падрыхтаваў зьмены ў сьвядомасьцi i характары мысьленьня сваiх суайчыньнiкаў, заклаў асновы ўздыму Рэфармацыi ў Беларусi ў сярэдзiне XVI ст. Праз сто гадоў вунiяцкi архiмандрыт Сялява, зьвяртаючыся да праваслаўных, пiсаў лiтаральна наступнае: "Перад вунiяй (Берасьцейскай 1596 г.) быў Скарына, герэтык гусiт, каторы для вас друкаваў у Празе кнiгi па-руску". Дарэчы, гэта адзiная ўзгадка ў дакумантах той эпохi, у якой гаворыцца пра веравызнаньне Скарыны.

На працягу доўгiх гадоў сярод навукоўцаў не сьцiхаюць спрэчкi пра тое, кiм быў па веравызнаньню Франьцiшак Скарына з Полацку, католiкам цi праваслаўным, хоць аргумантацыя аднога i другога боку базуецца толькi на ўскосных довадах. Сам Скарына нiдзе ў сваiх творах не ўжываў словаў "каталiцкi" або "праваслаўны", ён заўсёды гаварыў пра хрысьцiянства. А ўсе крынiцы XVI ст., якiя нешта гавораць пра Скарыну, сьведчаць аб вялiкай рэфарматарскай дзейнасьцi беларускага першадрукара, нездарма Сялява называе яго "герэтыкам гусiтам". Калi ў мiсыйным запале Скарына павёз свой пераклад Бiблii ў Маскву, усе кнiгi па загаду маскоўскага цара былi спалены, бо праваслаўныя багасловы заявiлi пра ўплыў iдэяў Лютара на Скарынавы выданьнi. Празь некалькi дзесяткаў гадоў князь Андрэй Курбскi, якi ўцёк ад Iвана Жахлiвага ў Вялiкае Княства, рэзка крытыкаваў у сваiм лiсьце да Рыгора Хадкевiча, вялiкага гетмана лiтоўскага, пераклад Скарыны, вiнавацячы палачанiна ў "злачыннай сувязi" з Рэфармацыяй, у скажэньнi праваслаўнай веры i герэтычным мысьленьнi. Ён сьцьвярджаў, што Бiблiя Скарыны "растленна", пярэчыць "всем апостальскiм i святым уставам", i ў-ва ўсiм згодная зь Бiблiяй Марцiна Лютара.