І
Фашыст цэліўся ў яго...
Залога толькі што сышоў з крутога берага Дняпра да вады, сагнуўся, каб чарпануць кацялком, як востра адчуў, што закалола пад левую лапатку. Якраз туды нацэліўся фашыст — і шкельца аптычнага прыцэла нібыта свідравала сваім праменьчыкам яго спіну, шукала, дзе сэрца. Залогу стала холадна, яму скавала рухі — ён не мог паварушыцца і радаваўся гэтаму, бо разумеў, што жыць засталося мала, столькі, колькі ён прастаіць нерухома; а як толькі павернецца — фашыст націсне на курок, і ён, Залога, упадзе тварам у пясок ці, наўпярок, наўзмах плюхнецца спінаю ў раку...
Ён стаяў сагнуты і думаў, што яму рабіць,— перад вачыма была толькі вада — маленькае паўкружжа, якое ахопліваў зрок з магутнага, шырокага прастору Дняпра.
Залога стаяў доўга, і гэта яго выратавала: фашысту, мабыць, надакучыла чакаць, пакуль павернецца ягоная ахвяра, і ён націснуў на курок якраз у той міг, калі Залога варухнуўся... Левую руку тузанула да ракі, быццам ён трымаў на лесцы дужую рыбіну, і тая, сабраўшы рэшткі сіл, ірванула ўглыбіню. Ён занурыўся тварам у пясок, руцэ стала горача-горача, акурат апусціў яе ў варатак, па ёй пабеглі дробныя колікі. «Усё, жывы!..» — зусім радасна падумаў ён, адчуваючы левай шчакою сыры халодны пясок. «Уставай, уставай!» — раптам пачуў ён і ўвесь сцяўся, заплюшчыў вочы, але ў наступнае імгненне дайшло да свядомасці, што голас — знаёмы. «Чый жа гэта?» Ён павольна, як чакаючы другога стрэлу, прыпадняў галаву і ўбачыў на беразе Пятра Клімаўскога. Той стаяў рукі ў бокі, усміхаўся, і вочы яго калолі дакорам: «Што ты, дзядзька Серафім, разлёгся? Напіўся, ці што?»
І праўда, сораму не абрацца, заваліўся, як свіння, у гразь і ляжыць. Трэба ўставаць. Няма ж вайны. І фашыста няма. І шпіталю няма. Чаго баяцца? З цяжкасцю, з вялізным высілкам, як з-пад тоўшчы зямлі, ён падняўся...
Уначы дажджу не было. Залога зразумеў гэта адразу, як толькі прачнуўся. Ціха было на дварэ, не барабанілі па шыферы кроплі, не хлюпала пад акном са страхі. Мерна цікалі ходзікі. Занямела левая рука, стала цяжкая, бы налілася свінцом. Хацеў паварушыць ёю, але не адчуў, яна падпарадкавалася ці не. «Адлежаў, чорт...» — падумаў ён і пачаў расціраць правай левую, параненую, руку.
— Прачнуўся? — спыталася жонка. Яна спала на суседнім ложку, перавярнулася, уздыхнула: —Уставаць будзеш?
— Ды ўжо ж! — сказаў Залога, адчуваючы, што душа яшчэ пад гнётам цяжкага сну. І так заўсёды. У той міг, як прачынаецца і да яго прыходзіць разуменне, што было з ім у сне, а не ў сапраўднасці, становіцца лёгка-лёгка... Але толькі на міг, а потым успаміны пра той верасень 43-га, калі войскі Варонежскага фронту выйшлі да Дняпра каля Пераяслаўля-Хмяльніцкага і яго параніла, сціскаюць тугімі балючымі жгутамі па ўсім целе. Цяпер во да ўспамінаў ваенных падключыліся перажыванні за гэтую Чарнобыльскую аварыю.
— Не забудзь жа вяроўку,— папярэдзіла жонка і зноў глыбока, з надрывам уздыхнула. Сама яна не збіралася ехаць па сена — балелі ногі, апухлі ў шчыкалатцы, наліваліся сінюшнасцю,— адчувала сябе трохі вінаватаю перад мужам і хоць неяк прычынялася да гэтага нялёгкага вясковага клопату. Ім цяпер усё нялёгка даецца. Што бульбу садзіць, капаць яе, што дровы секчы, што кароў гнаць...
— Не забуду.— Залога ўсё яшчэ ніяк не мог ачомацца ад сну, і жонка сваім прыстасаваннем толькі вярэдзіла душу, якая жыла ў няяснай трывозе ўжо другі месяц. З канца красавіка, як аб’явілі, што на Украіне ў нейкім Чарнобыле стрэслася бяда. На атамнай станцыі рванула. Ды так, што з блізкіх да Чарнобыля раёнаў высяляюць людзей. Застаюцца адно сабакі і каты. Водзека ліха! Толькі і гаворкі: што есці, што піць, як ратавацца. Гэты выбух, хоць і не чулі яго, страсянуў душы і залівонаўцаў. Залогу штоноч, лічы, пачала сніцца вайна...
Залога ўстаў з ложка і пайшоў са спальні.
Ён уключыў у пярэдняй хаце святло. На табурэтцы ляжала яго адзенне — штаны і кашуля, пінжак вісеў на ласіным рагу каля дзвярэй у веранду. Кірзавыя боты з палатнянымі анучамі на халявах стаялі ў парозе — наўмысна ўчора прынёс з кладоўкі.
Адзеўшыся, Залога выйшаў на двор. На небе не было ніводнай хмаркі, усе зоркі на ім як правеяныя спелыя зернеткі — чыстыя, жоўценькія, і кожная сама па сабе. Зямля, набрынялая вільгаццю зацяжных дажджоў, была чорная, як бы распараная і цёплая. На градах і буракі, і морква, і цыбуля, і боб вышугнулі за адну ноч сваім крамяным, зялёначубым параснікам, на якім халоднымі шклянымі пацеркамі ляжала раса. Залога асцярожна прайшоў мяжою за пуню, каб не абрасяніцца вышэй халяваў.
У Нямільні, суседняй вёсцы за балотам, каля якога шчыльнаю тонкаю льдзінаю прыціснуўся да зямлі туман, затраскатаў трактар. Мабыць, на ферме ці на якім стане. Да Нямільні кіламетры два, а чуваць, як усё роўна ў цябе на гародзе, каля лазні. Залога нават схамянуўся, бо перш мільгнула думка, што Клімаўскі завёў свайго «беларуса». Але не, Клімаўскі не разгоніцца і раней, чымся дамовіліся, нават на мінуту не пад’едзе. Добра, калі б у час, а то яшчэ заспіць. Тады скажа: «Прабач, дзядзька, не паспеем сёння да нарада, другім разам калі...» А раптам зноў задажджыцца, тады чакай таго другога разу. Што казаць, Залогу ўжо абрыдла тое сянцо, столькі нерваў вытрапала. А іх і так, мабыць, не вельмі засталося: ледзь што зняцяйкі бзыкне, авадзень які,— ажно кальне пад грудзінаю. Касіў, можна сказаць, украднём, сушыў — скідаў стажок, цяпер душа баліць, каб хто не забраў. Ці які зламыснік разверне пад макрэдзь — згніе сена, гной будзе.