Выбрать главу

— Падумаць толькі, як мы з табою жывём — ціха ды непрыкметна… І гэта ў наш час, і ў нашым смутным свеце… — гаварыў Такэда, гледзячы на яе з галерэі. І позірк у яго быў мяккі і задумлівы, зусім не такі, як у тую першую ноч. — Магчыма, падобнае жыццё і ёсць ісціна. Такая ж ісціна, як сама старажытнасць. Мудрасць вучняў Буды вартая здзіўлення.

І Хама ў такія хвіліны смяялася. Весела, як дзяўчынка. І прыкрывала рот запэцканай агароднай зямлёю рукой, і камячкі плоднай зямлі прыліпалі да яе ружовых вуснаў.

— Мудрасць вучэння Буды тут ні пры чым, — адказвала яна. — Гэта мудрасць самога чалавека, якая ўвайшла ў яго яшчэ ў тыя далёкія часы, калі Сак'я-Муні яшчэ не нарадзіўся. Чалавек вучыўся, як трэба жыць, каб не крыўдзіць іншых і самому не быць пакрыўджаным. А потым недарэчная сквапнасць і звярыная ненасытнасць прымусілі яго забыцца на першародную мудрасць. І не людзям вучыцца ў Буды веры і праведнасці і спакою душэўнаму. Буда сам запазычыў з душы чалавечай дадзены ёй спрадвеку светлы спакой, які ўсім дапамагае і ўсіх вылечвае ад непатрэбных пакут.

— Хто ведае, хто ведае… — задуменна ківаў галавой мужчына. — Магчыма, надыдуць такія часы, калі нават з цябе не злітуецца бурлівы паток часу. І навакольны свет уварвецца ў тваю келлю ў абліччы здзічэлага разбойніка, які падобна зверу блукаў па дарогах…

— Няхай… Ці звяры, ці разбойнікі — што мне да іх? — яе голас спяваў, як сярэбраны званочак, а пальцы яе абрывалі ліставую капусту. — Калі знойдуць у маёй келлі што ўзяць — няхай бяруць. Я і сама аддам. А жыццё будуць патрабаваць, таксама аддам, не шкада. Усё роўна ж памру калі-небудзь. Не павінен чалавек скупіцца на падарункі. Табе я падарыла лона сваё, а іншаму, можа, падару жыццё…

І тады мужчына ўстаў, і працягнуў рукі, і павёў яе ў келлю. А на галерэю, якая караблём плыла ў сонечным патоку, прыляцелі птушкі нябесныя, збегліся малпы з бліжняга лесу і раскідалі насенне ліставой капусты, пакуль іх не напалохаў вокліч радасці Хамы.

А мужчына з сумам думаў, што сіла яго сыходзіць, што ён старэе…

І меў ён рацыю, калі гаварыў пра неспакойнасць смутнага часу. Міжусобіцы не сціхалі, правіцелі падаўлялі народ, народ бунтаваў, і кожны — крыўдзіцель і пакрыўджаны караў ні ў чым не вінаватую зямлю агнём і мячом. Вёскі гарэлі, і сяляне, якія ўзняліся з выгарэлай зямлі, ішлі бадзяцца па дарогах.

Аднойчы натоўп здзічэлых людзей, якія выпадкова праходзілі міма, уварваўся ў хаціну і збіў мужчыну да смерці, таму што ён не хацеў аддаць дзве дзяругі, што закрывалі ўваход у келлю.

Мужчына, некалі магутны воін, нядоўга супраціўляўся: быў ён ужо не малады і сіла яго згасла. Труп яго, раздзеты дагала, кінулі ў снег.

А Хамы не было — яна пайшла ў сяло па міласціну…

3

А потым…

Хама ўспамінала. Яе пальцы, якія прывыклі перабіраць ружанец, цяпер перабіралі пажоўклыя лісты паперы — памятныя нататкі пра былое.

А потым насталі ўжо зусім страшныя часы. Ода Набувага напаў на князя Асакуру. Услед за гэтым Тоетомі Хідресі пайшоў уціхамірваць паўночныя правінцыі. Як жа любяць мужчыны займацца забойствам, войнамі і праліваць кроў. Хіба ёсць у гэтым сэнс — адбіраць адзін у аднаго па чарзе землі і плаціць сваім жыццём за чужое жыццё?..

У памятных запісах было шмат імёнаў — усё, што засталося ад людзей, якія былі некалі цёплай і жывой плоццю. Добра, хоць імёны захаваліся — як бы іначай яна памінала іх у сваіх малітвах?

Кім яны былі, гэтыя людзі, што ўрываліся ў ціхую душу Хамы, падобна парывам ураганнага ветру? Военачальнікі і простыя воіны, майстры чайнай цырымоніі і простыя падарожныя, якія збіліся з дарогі. Іх прыводзіў да яе выпадак, і выпадак час ад часу выкрадаў яе са сцен келлі і пераносіў у які-небудзь замак, дзе яна рабілася чарговай наложніцай князя.

А потым на замак ішоў вайною другі князь і забіваў гаспадара, і Хама вярталася ў сваю келлю.

Былі і незвычайныя сустрэчы.

Аднойчы ў келлю прыйшоў чалавек, які таксама, як і Хама, прыняў манаства і насіў чорную расу і саламяны капялюш. Яны сядзелі на галерэі, і свет быў сярэбраны ад месяца і звонкі ад спеваў цыкад.

І гутарка ў іх была поўная і чароўная, як круглявы месяц, які каціўся па небе. Манах, надзіва дасведчаны ў майстэрстве вершаскладання, гаварыў павольна і спакойна, але ў яго голасе і ў позірку заўважалася нешта, што прымушала думаць, быццам перажыў ён глыбокае ўзрушэнне і ўбачыў на свае вочы зменлівасць свету. Сапраўды, чалавечы лёс не больш чым воля рукі гасподняй!