Выбрать главу

— Чаму? — малады інжынер на хвілінку змоўк. У яго апусціліся плечы. — Яна сказала чаму. Праўда, жыла яна доўга, і жыццё не было ёй цяжкае. Калі б ёй надакучыла, яна магла б у любы час пакончыць з сабою. Але… Бікуні сказала: «Жыццё маё было цяжкае, але не было цяжарам. Людзі знікалі. Усе мае мужчыны паміралі адзін за адным. Свет мяняўся. Але свет дагэтуль захоўваў мудрасць». А яшчэ яна сказала, што цяпер сама стала часткаю мінулага, бо не засталося на свеце нічога нязменнага і прырода памірае і не хоча больш клапаціцца пра сваіх сяброў. Навошта жыць, калі памяць вяне, як кветка восенню, і жывая плоць робіцца легендай?

— Так… — начальнік глыбакадумна хмыкнуў. — А час ідзе.

Малады інжынер уздрыгнуў і ўзняў галаву.

— Скажыце мне, хіба няма на свеце нічога такога прыгожага, што трэба было б захаваць? Ці так ужо патрэбна нам гэтая дарога? Што яна такое — бяздушная даніна часу звышхуткасных аўтамабіляў, уступка пасажырам, якія мерацца імгненна перанесціся з аднаго пункта ў другі… Заплюшчыш вочы — і няма поўдня, ты на поўначы… А далей што? Моднае ж старэе. Пройдзе дзесятак гадоў, і гэтая дзіўная дарога, цуд сучаснай тэхнікі, стане вельмі старой бабулькай. На яе ніхто і глянуць не захоча… Хіба нельга правесці дарогу ў абход гары?.. Горы ж гэта плоць прыроды, адна з яе частак, прыгожых і велічных. Нашы прадзеды любілі гэтую гару і прапрадзеды, прапрадзеды іх прапрадзедаў… Дык навошта ж, навошта? Што гэта — вартыя жалю ўступкі ЭВМ? Даніна прымітыўнай геаметрыі, якая не выносіць хвалістай лініі?..

Грымнуў выбух, і столь сховішча свінцовай хмарай навісла над людзьмі. Нехта войкнуў. Шэры вецер прайшоў над галовамі, быццам мора ўсхвалявалася недзе, быццам з чорнай бездані ўзняўся ўраган і заплакаў над чалавечым лёсам.

Гара разбухла, на імгненне павялічылася ў два разы і абвалілася ў бяздонне барвовага кіпячага катла.

І ў клубах дыму мільгануў марскі бераг, і калючы, узняты на дыбкі бурай, пясок, і край чорнага кімано, які мог паспрачацца сваёй чарнатой з горам навакольнага свету, і кончык белай хусткі, белай, як сон і забыццё. І пяшчотныя пялёсткі ружы, якая не вяне нават у непагадзь, мільганулі ў іх. Ці ружа была гэта ці раптоўны блік святла на шчацэ маладой дзяўчыны — хто ведае?..

А экскаватары ўжо ўгрызаліся ў мёртвае цела зямлі, і вежавыя краны ўзнімалі над ім свае халодныя сталёвыя іклы.

Станіслаў Лем

Здарэнне

Анэль не вярнуўся а чацвёртай, але ніхто таго нібыта і не заўважыў. Каля пяці пачаў церушыцца змрок, і Піркс, не так заклапочаны, як здзіўлены, хацеў спытаць у Круля, што гэта можа азначаць. Аднак устрымаўся — ён не быў кіраўніком групы, і такое пытанне, хоць і справядлівае і цалкам бяскрыўднае, магло выклікаць сапраўды ланцуговую рэакцыю ўзаемных дакораў. Ён добра ведаў падобныя сітуацыі, бо паўтаралася гэта не раз, асабліва калі калектыў быў такі вось выпадковы, як гэты. Тры чалавекі і зусім розных прафесій — у самым сэрцы гор на нікому не патрэбнай планеце выконвалі заданне, якое, бадай, усе, як і ён сам, лічылі бязглуздым. Іх прывезлі сюды на малым старым гравістаце, які мусіў тут і застацца, бо варты быў ужо толькі на злом; разам даставілі і разборны алюмініевы барак, крышку прыбораў і радыёстанцыю, настолькі зношаную, што больш было з ёй клопату, чым карысці. За сем тыдняў яны павінны былі зрабіць «агульную рэкагнасцыроўку», нібы гэта было мажліва. Піркс не стаў бы гэтым займацца, разумеючы, што справа ідзе толькі пра павелічэнне радыуса даследаванняў разведвальнай групы ды яшчэ пра адну лічбу ў рапартах, якімі нашпігоўвалі інфармацыйныя машыны на Базе, што магло мець нейкае значэнне хіба што пры дзяльбе сродкаў, людзей і магутнасцей на наступны год. Вось дзеля таго, каб на стужках памяці з'явілася гэта разбітая на дзірачкі лічба, яны сядзелі амаль пяцьдзесят дзён у пустынным месцы, якое пры іншых абставінах, мажліва, і было б зваблівым, хоць бы як мясцовасць, прыдатная пад альпінізм. Аднак альпінісцкія раскошы былі сурова забаронены, і сама большае, што мог дазволіць сабе Піркс, гэта падчас сейсмічных і трыянгуляцыйных замераў маляваць у сваім уяўленні першыя трасы альпіністаў.

Планета не мела нават сваёй назвы, акрамя як Ёта дроб 116, дроб 47 Праксімы Вадалея. З усіх тых, якія Піркс калі-небудзь бачыў, яна была найбольш падобная на Зямлю: з малым, жоўтым сонцам, салёным акіянам, бурачкова-зялёным ад працавітых водарасцяў, што насычалі атмасферу кіслародам, і вялікім, трохлапым кантынентам, пакрытым першабытнай расліннасцю. Планета была б прыдатная пад каланізацыю, калі б не тая акалічнасць, што сонца яе было тыпу новаадкрытай разнавіднасці УП, няўстойлівае, з нераўнамерным выпраменьваннем, а паколькі астрафізікі наклалі сваё вета, то хоць чарговая ўспышка на Новай магла адбыцца толькі праз сто мільёнаў гадоў, розныя планы асваення гэтай зямлі запаветнай даводзілася закрэсліць.