Выбрать главу

Піркс часам шкадаваў, што дазволіў сябе ўгаварыць на гэту экспедыцыю, але не было тое шкадаванне цалкам шчырае. Так альбо інакш, а ён мусіў бы тырчаць на Базе тры месяцы, бо трапіць у Сонечную сістэму раней было немагчыма; ён меў перспектыву адседжвацца ў кліматызаваных падземных садах Базы і да дурноты ў галаве глядзець тэлеперадачы (былі гэтыя забавы дзесяцігадовай даўніны), таму ён ахвотна згадзіўся на прапанову начальніка, які рады быў, што можа ўслужыць Крулю — не было ніводнага свабоднага чалавека, а інструкцыя забараняе пасылаць у экспедыцыю толькі дваіх. Такім чынам Піркс зваліўся касмографу нібы з неба. Зрэшты, Круль не выявіў захаплення ні адразу, ні пазней; спачатку Піркс думаў нават, што той ацэньвае яго ўчынак як «вялікапанскі капрыз», калі ён з камандзіра карабля згадзіўся стаць звычайным разведчыкам; падобна было, што Круль адчуваў затоеную крыўду. Але гэта не была крыўда, проста Круль, адмераўшы ўжо палову жыцця (яму пераваліла за сорак), стаў зласлівы, нібы яго нічым іншым, акрамя палыну, ніколі не кармілі. А паколькі ў такім ізаляваным ад свету калектыве нічога нельга схаваць і людзі з усімі сваімі заганамі і вартасцямі робяцца адразу празрыстымі, як шкло, Піркс хутка зразумеў, адкуль бралася тая задзірыстасць у характары Круля, увогуле вытрыманага, нават цвёрдага чалавека, бо ён меў ужо звыш дзесяці гадоў пазазямной службы. Проста Круль стаў не тым, кім хацеў, а тым, кім мусіў стаць, бо для выпеставанай у марах работы не падыходзіў. А ў тым, што калісьці ён хацеў быць не касмографам, а інтэлектронікам, Піркс пераканаўся пазней, назіраючы, якім катэгарычным станавіўся Круль у размовах з Масенам, як толькі гаворка заходзіла пра інтэлектронныя тэмы («інтэлектральныя» — казаў Круль у адпаведасці з прафесійным жаргонам).

Масену не хапала, на жаль, паблажлівасці, а мажліва, проста матывы Круля яго зусім не цікавілі, ва ўсякім разе, калі той настойваў часам на нейкім памылковым рашэнні, Масена не абмяжоўваўся толькі пярэчаннем, а з алоўкам у руцэ раскладваў Круля на лапаткі з дапамогай бездакорных матэматычных разлікаў і дабіваў Круля з такім задавальненнем, нібы стараўся даказаць не сваю праўду, а тое, што Круль — самаўпэўнены асёл. Але гэта было не так. Круль быў не самаўпэўнены, а толькі занадта ўражлівы, як і кожны, хто мае больш амбіцый, чым здольнасцей.

Піркс, які быў міжвольным сведкам такой размовы — зрэшты, цяжка было ім не быць, бо яны ўтрох жылі на сарака квадратных метрах, а гукаізаляцыя перагародак была чыстай фікцыяй, — ведаў, чым гэта скончыцца. І сапраўды: Круль, які не смеў паказаць Масене, як моцна падзейнічала на яго паражэнне, усю сваю непрыязнасць перанёс на Піркса, зрэшты, у даволі своеасаблівай форме. Круль пе растаў размаўляць з Пірксам, акрамя выпадкаў, калі гэта было неабходна.

Толькі адзін Масена застаўся пасля гэтага блізкі яму — бо і сапраўды з гэтым чорнавалосым і светлавокім халерыкам можна было пасябраваць — але Пірксу заўсёды было нялёгка з халерыкамі, бо глыбока ў душы ён не надта ім давяраў. З Масенам вечна штосьці здаралася: ён патрабаваў заглядваць сабе ў горла, заяўляў, што будзе змена надвор'я, бо ў яго косці ломіць (ніякіх змен не адбывалася, але ён працягваў іх прадказваць), даводзіў, што мучыцца ад бяссонніцы і штовечар дэманстратыўна шукаў таблеткі, якіх, бадай, ніколі не глытаў — проста клаў іх на ўсякі выпадак побач з ложкам, а раніцай кляўся Пірксу, які вельмі позна чытаў і добра чуў яго храпенне, што нават вока не заплюшчыў (у што, здаецца, і сам свята верыў). Калі не браць гэтага пад увагу, то быў ён выдатны спецыяліст і бліскучы матэматык, меў талент арганізатара, яму даручалі бягучае праграмаванне аўтаматычнай, а больш дакладна, бязлюднай разведкі. Адну такую праграму ён прыхапіў з сабой для распрацоўкі ў «вольную часіну», а Круль пакутаваў, бо Масена выконваў тое, што яму даводзілася, вельмі хутка і якасна, так што ў яго і сапраўды заставалася шмат вольнага часу, а таму не было падстаў для абвінавачвання, нібыта ён не выконвае як след сваіх абавязкаў. Масена падыходзіў ім яшчэ і таму, што — як гэта ні парадаксальна — у іх планеталагічнай мікраэкспедыцыі не было ніводнага сапраўднага планетолага, бо і Круль таксама ім не з'яўляўся. Дзіўна ўсё ж, як няўдала могуць скласціся адносіны трох нармальных, звычайных людзей у такой скалістай пустыні, якой было Паўднёвае плато Ёты Вадалея. І нават без спецыяльных намаганняў з чыйго-небудзь боку.