Выбрать главу

Была ў гэтым калектыве яшчэ адна асоба, хоць і не чалавек — ужо названы вышэй Анэль, або Аўтамат Нелінейны, адна з найноўшых мадэляў, якія выпускаліся на Зямлі для даследаванняў з высокай ступенню самастойнасці. Масена быў з імі — у якасці кібернетыка — выключна як даніна старой традыцыі, бо рэгламент патрабаваў, каб там, дзе ёсць аўтамат, абавязкова быў яшчэ нехта, хто мог бы ў выпадку неабходнасці яго адрамантаваць. Рэгламенту было ўжо добры дзесятак гадоў — як вядома, інструкцыі мяняюцца не так часта, — але Анэль, як не раз казаў сам Масена, мог бы пры патрэбе адрамантаваць нават яго самога. І не толькі таму, што быў абсалютна безадмоўны, але і таму, што меў сама неабходныя медыцынскія веды. Піркс ужо даўно заўважыў, што часта чалавека лепш зразумець па яго адносінах да робатаў, чым да іншых людзей. Яго пакаленне жыло ў свеце, неад'емную частку якога складалі не толькі касмічныя караблі, але і аўтаматы, аднак сфера аўтаматыкі была пазначана нейкім асаблівым адценнем ірацыяналізму. Некаторым лягчэй было палюбіць звычайную машыну, скажам, уласны аўтамабіль, чым машыну разумную, якая думае. Перыяд шырокага эксперыментавання канструктараў ужо набліжаўся да свайго фінішу — прынамсі, здавалася, што гэта так. Ствараліся аўтаматы толькі двух тыпаў: вузка спецыяльныя і ўніверсальныя. Толькі невялікай групе ўніверсальных надавалі формы, падобныя на цела чалавека, і то толькі таму, што з усіх апрабаваных канструкцый запазычаная ў прыроды аказалася найбольш бездакорнай у цяжкіх умовах планетнай бездаражы.

Інжынеры былі не ў вялікім захапленні, калі іх дзіця пачало праяўляць такую самастойнасць, якая міжволі наводзіла на думку пра духоўнае жыццё. У прынцыпе лічылася, што аўтаматы мысляць, але «не маюць індывідуальнасці». Сапраўды, ніхто не чуў пра аўтамат, які гневаўся б, натхняўся, смяяўся альбо плакаў; усе яны былі надзвычай ураўнаважаныя, як гэтага хацелі канструктары. Аднак паколькі іх мазгі стваралі не на мантажным канвееры, а ў працэсе паступовага вырошчвання монакрышталёў, дзе мае месца статыстычны роскід, які не паддаецца кіраванню, то нават мікраскапічныя зрухі малекул выклікалі такія выніковыя адхіленні, што практычна не існавала двух зусім аднолькавых аўтаматаў. І ўсё ж, значыць, індывідуальнасці? Не, адказваў кібернетык, вынік імавернага працэсу; гэтак думаў сабе Піркс, як і кожны, хто меў да іх дачыненне, хто цэлымі гадамі мог адчуваць побач з сабой іх маўклівую, заўсёды мэтанакіраваную, заўсёды лагічную дзейнасць. Вядома, усе яны былі падобныя адзін на аднаго больш, чым людзі, але ж і яны мелі свой нораў, свае схільнасці, а былі і такія, што пры выкананні загадаў арганізоўвалі нешта накшталт «маўклівага супраціўлення» — прызнак, які, калі ён працягваўся доўга, заканчваўся капітальным рамонтам.

У Піркса, ды, напэўна, не толькі ў яго, у дачыненні да гэтых своеасаблівых машын, якія так дакладна і часам надзвычай творча выконвалі заданні, было не зусім чыстае сумленне. Пачалося гэта мо яшчэ тады, калі ён камандаваў «Карыяланам»; дастаткова сказаць, што тую сітуацыю, калі чалавек стварыў орган, які мысліць, па-за сваім целам і зрабіў яго залежным ад сябе, Піркс лічыў не зусім нармальнай. Вядома, ён не мог бы сказаць, адкуль бярэцца гэты ледзь улоўны неспакой, нейкае адчуванне няспраўджанага абавязку, невыразная думка пра тое, што рашэнне прынята памылковае, ці проста, груба кажучы, адбылося свінства. Было нейкае вытанчанае вераломства ў тым халодным спакоі, з якім чалавек запіхваў здабытыя пра сябе самога веды ў бяздушныя машыны, пільнуючы, каб у іх было адушаўлёнасці не больш, чым патрэбна, каб яны не сталі канкурэнтамі свайму стваральніку ў пазнанні шчодрасцей свету. Максіма Гётэ: «in der Beschraenkung zeigt sich erst der Mensch» (толькі ў абмежаванні выяўляецца майстар) у стасунку да мудрых канструктараў набывала нечаканы сэнс пахвалы, якая пераходзіла ў з'едлівы дакор, бо не сябе ж вырашылі яны абмежаваць, а справу рук сваіх, і то з жорсткай дакладнасцю. Зразумела, што Піркс ніколі не адважваўся выказаць гэту думку ўголас, бо добра разумеў, як смешна яна прагучала б; аўтаматы не былі абяздоленымі, не былі яны аб'ектам і нястрымнай эксплуатацыі, усё было прасцей і адначасова горш: з маральнага пункту гледжання складаней для крытыкі, іх магчымасці абмежавалі яшчэ раней, чым яны з'явіліся, — на чарцёжных лістах.

У той перадапошні дзень іх побыту на планеце праца была ўжо, уласна кажучы, скончана. Аднак, калі пачалі пералічваць стужкі, на якіх былі засведчаны вынікі экспедыцыі, аказалася, што адной не хапае. Перш за ўсё праверылі машынную памяць, пасля ператрэслі ўсе схованкі і скрынкі, пры гэтым Круль двойчы раіў Пірксу, каб ён лепей перагледзеў уласныя рэчы, што падобна было на зласлівасць, бо Піркс увогуле не меў ніякага дачынення да зніклай стужкі, ды і не хаваў бы ён яе ў чамадане. У Піркса аж язык свярбеў — так яму хацелася даць здачы, тым больш што дагэтуль ён звычайна адмоўчваўся і стараўся знаходзіць любыя апраўданні задзірлівым, нават зневажальным паводзінам Круля. Але і на гэты раз ён стрымаўся і замест вострага слоўка зазначыў, што калі трэба паўтарыць назіранні, то ён ахвотна зробіць гэта сам, узяўшы за памочніка Анэля.