Выбрать главу

Аднак Круль вырашыў, што дапамога Піркса Анэлю не будзе патрэбна, таму наўючылі яны на робата апарат, касеты з фотаплёнкай і, склаўшы ў кабуры пояса рэактыўныя патроны, паслалі Анэля да вяршыні горнага масіву.

Робат выйшаў а восьмай раніцы — Масена голасна выказаў упэўненасць, што ён справіцца са сваімі справамі да абеду. Аднак мінула другая, трэцяя, пасля чацвёртая гадзіна, нарэшце апусціўся змрок, але Анэль не вяртаўся.

Піркс сядзеў у кутку барака пад насценнай кадміевай лямпай і чытаў надта растрапаную старую кніжку, якую пазычыў яшчэ на Базе ў нейкага пілота, але сэнс яе, бадай, да яго не даходзіў. Сядзець было не надта зручна. Рыфлёная алюмініевая сценка ціснула на плечы, з падушкі-надзіманкі ўцякло ўсё паветра, і ён адчуваў, як у ягадзіцы ўпіваюцца праз прагумаваную тканіну вострыя гайкі канструкцыі. Нягледзячы на гэта, ён не мяняў пазіцыі, паколькі нязручная поза дзіўным чынам гарманіравала з набіраючай моц злосцю. Ні Круль, ні Масена дагэтуль нібы не заўважалі адсутнасці Анэля. Круль, які ўвогуле не быў жартаўніком і нават не спрабаваў жартаваць, невядома чаму з самага пачатку называў робата Анёлам або нават Жалезным Анёлам, інакш да яго і не звяртаўся, і такая па сутнасці дробязь ужо колькі разоў раздражняла Піркса, што за адно гэта ён знелюбіў касмографа. Масена меў да робата адносіны прафесійныя: усе інтэлектронікі ведаюць, а дакладней, робяць выгляд, што ведаюць, якія малекулярныя працэсы і токі выклікаюць тыя ці іншыя рэакцыі або адказы аўтамата, і таму адмаўляюць любыя меркаванні пра якую-небудзь разумнасць іх як абсалютнае глупства. Тым не менш да Анэля ён адносіўся гэтак жа, як добры механік да свайго дызеля: не дазваляў перагружаць, любіў за выканальнасць і клапаціўся пра яго як мог.

А шостай гадзіне цярпенне ў Піркса лопнула, бо ў яго здранцвела нага, і ён пачаў пацягвацца так, што аж косці затрашчалі, кратаў ступнёй і згінаў нагу ў калене, каб паскорыць кровазварот, а пасля стаў хадзіць з кута ў кут барака, добра ведаючы, што нічым больш не здолее дапячы Крулю, які заглыбіўся ў праверку падлікаў.

— Маглі б ужо і цішэй! — сказаў нарэшце Круль, звяртаючыся да іх абодвух, нібы не бачыў, што ходзіць адзін Піркс, а Масена са слухаўкамі на вушах уважліва слухае нейкую перадачу, разваліўшыся на пнеўматычным крэсле, выраз твару ў яго быў смешны, задуменны. Піркс адчыніў дзверы, якія рвануў моцны заходні вецер, і калі вочы трохі прывыклі да цемры, прыхінуўся плячыма да сцяны з ліставога алюмінію, якая дрыжала ад моцнага ветру, і пачаў углядацца ў той бок, адкуль павінен быў з'явіцца Анэль. Ён бачыў толькі рэдкія зоркі, дрыготкія ў паветры, парывы ветру халоднымі хвалямі студзілі яго галаву, блыталі валасы, а ноздры і лёгкія аж раздуваліся ад ветру — хуткасць яго была метраў сорак у секунду. Ён пастаяў, а калі стала холадна, вярнуўся ў барак, дзе Масена, пазяхаючы, здымаў з галавы слухаўкі і пальцамі расчэсваў валасы, Круль жа, зморшчаны, сухі, цярпліва складваў паперы ў папкі, пастукваючы кіпамі аркушаў, каб выраўняць іх.

— Няма яго! — сказаў Піркс і сам здзівіўся, як гэта прагучала — амаль як выклік. Круль і Масена, відаць, заўважылі, якім тонам гэта было прамоўлена, бо Масена кінуў позірк на Піркса і заўважыў:

— Гэта нічога, патрафіць, хоць і цёмна, вернецца на інфрачырвоным…

Піркс паглядзеў на яго, але нічога не адказаў. Праходзячы міма Круля, ён падняў з крэсла пакінутую там кніжку і ўсеўся ў сваім кутку, прытварыўся, што чытае. Вецер мацнеў. Зааконныя гукі нарасталі, уздымаліся да выцця. Аднойчы штосьці мякка стукнулася ў сцяну, нібы невялічкая галінка, і зноў пацягнуліся хвіліны маўчання. Масена, які, напэўна, чакаў, што Піркс, як заўсёды падатлівы, возьмецца гатаваць вячэру, нарэшце ўстаў сам і пачаў адчыняць кансервы з самагрэючымі патронамі, уважліва чытаючы спачатку назвы на этыкетках, нібы спадзяваўся знайсці сярод запасаў нейкія невядомыя дагэтуль прысмакі. Пірксу не хацелася есці. Дакладней, ён быў галодны, але не хацелася кранацца з месца. Паступова яго пачало разбіраць нядобрае, халоднае шаленства, ён Бог ведае чаму ўзбурыўся супроць абодвух таварышаў, якія ўвогуле былі не горшыя з магчымых. Ці лічыў Піркс, што нешта здарылася з Анэлем? Што робат, скажам, быў атакаваны «таямнічымі жыхарамі» планеты, стварэннямі, у якіх не верыць ніхто, акрамя казачнікаў? Калі б існаваў хоць адзін шанц на сто тысяч, што планету насяляюць нейкія істоты, то яны, безумоўна, не сядзелі б вось так, занятыя сваімі дробнымі справамі, а неадкладна прынялі б усе магчымыя захады, прадугледжаныя правіламі ў пунктах другім, пятым, шостым і сёмым васемнаццатага параграфа, а таксама трэцім і чацвёртым раздзеламі правілаў спецыяльных паводзін. Але такога шанцу не было, не было наогул ніякіх шанцаў. Ужо хутчэй узарвалася б няпэўнае сонца Ёты. Так, гэта было больш верагодна. Дык што ж магло здарыцца з Анэлем?