Выбрать главу

Піркс адчуваў, што спакой у бараку, які дрыжаў ад парываў ветру, толькі ўяўны. Але не толькі ён рабіў выгляд, што чытае і не хоча вячэраць, забыўшыся пра ўсё. Астатнія два таксама ўключыліся ў гульню, спачатку непрыкметную, але з кожнай хвілінай усё больш відавочную.

Анэль па лініі тэхнічнай абслугі быў у падпарадкаванні ў Масены як інтэлектроніка, а Круль, будучы начальнікам групы, камандаваў ім як сябрам экспедыцыі. Так што магчымую віну мог падзяліць кожны з іх. Мо Масена нечага недагледзеў, а мо Круль недакладна вызначыў трасу, па якой павінен быў пайсці Анэль? Урэшце, высветліць гэта было не надта складана і не гэта было прычынай агульнага маўчання.

Круль з самага пачатку нібы знарок задзіраўся з робатам, надзяляў яго зняважлівымі мянушкамі і не раз даваў яму даручэнні, ад чаго астатнія сябры групы ўстрымліваліся хоць бы таму, што ўніверсальны робат — не лёкай. І рабіў ён гэта, відаць, таму, каб, зневажаючы Анэля, тым самым насаліць Масене, адкрыта зачапіць якога не адважваўся.

Зараз адбывалася барацьба нерваў, і той, хто першым выявіць занепакоенасць лёсам Анэля, тым самым як бы прызнае сябе пераможаным. Зрэшты, Піркс адчуваў, што і ён сам быў уцягнуты ў гэта маўклівае спаборніцтва, такое дурное і адначасова такое напружанае. Піркс разважаў, што зрабіў бы ён сам, калі б быў кіраўніком групы. Напэўна, няшмат, бо такой ноччу нельга было рушыць на пошук. Так ці інакш, заставалася адно — чакаць раніцы, а зараз можна было б хіба што паспрабаваць устанавіць радыёсувязь, хоць, праўда, з мінімальным шанцам на поспех, бо радыус сувязі на ультракароткіх хвалях у моцна перасечанай горнай мясцовасці быў невялікі. Да гэтага дня яны ніколі не пасылалі Анэля аднаго, тым больш што правілы і хоць і не забаранялі гэтага, але абумоўлівалі падобны крок шматлікімі параграфамі, поўнымі агаворак. Зрэшты, д'ябал з імі, з параграфамі! Піркс лічыў, што Масена, замест таго, каб злосна выкалупваць з бляшанкі рэшткі падгарэлага мяса, мог бы ўсё ж паспрабаваць выклікаць робата па радыё. Разважаў, што было б, калі б ён сам гэта зрабіў. Урэшце, нешта ж здарылася. Ці можа робат зламаць нагу? Нічога падобнага на гэты конт ён ніколі не чуў.

Ён устаў, падышоў да стала і, адчуваючы на сабе прыхаваныя пад маскай абыякавасці погляды таварышаў, пачаў уважліва вывучаць карту, на якой ранкам Круль сваёй рукой вычарціў маршрут Анэля. Ці не можа гэта выглядаць так, што ён кантралюе кіраўніка? Піркс рэзка ўзняў галаву, сустрэў погляд Круля, які яўна хацеў яму штосьці сказаць, бо ўжо нават разявіў рот. Але калі халодны позірк Піркса ўпаў на яго, ён толькі кашлянуў і, згорбіўшыся, працягваў сартаваць свае паперы. Відаць, Піркс, сам таго не ўсведамляючы, здорава ўздзейнічаў на яго сваім позіркам; проста ў падобныя хвіліны ў ім прачыналася штосьці такое, што на борце ракеты яго слухаліся і паважалі, нават крыху пабойваліся.

Ён адклаў карту. Маршрут даходзіў толькі да вялікай скалістай сцяны з трыма нібы падмытымі патокам уцёсамі і далей абмінаў іх. Ці мог робат не выканаць задання? Гэта было немагчыма.

«Але можна звіхнуць нагу нават у малой шчыліне!» — падумаў Піркс. Не, гэта нонсенс. Такі робат, як Анэль, можа вытрымаць падзенне нават з саракаметровай вышыні. І не з такога становішча яны выходзілі цэлыя, бо матэрыял, з якога яны зроблены, мацнейшы, чым крохкія чалавечыя косці. Дык што ж здарылася, ліха яго ведае?

Ён выпрастаўся і з вышыні свайго росту зірнуў спачатку на Масену, які дзьмухаў і крывіўся, п'ючы надта гарачую гарбату, пасля перавёў позірк на Круля, нарэшце, дэманстратыўна адвярнуўшыся, выйшаў у маленькую спальню, дзе занадта рэзка рвануў са сцяны свой складны ложак, чатырма звыклымі рухамі сцягнуў з сябе адзенне і залез у спальны мяшок. Ён ведаў, што яму наўрад ці ўдасца заснуць, але сядзець з таварышамі ўжо не было сілы. Зрэшты, хто ведае, ці не нагадаў бы ён ім што-кольвечы не надта прыемнае, калі б застаўся разам, бо раніцай яны мелі ўжо расстацца на борце «Ампера»; з той хвіліны, як яны ўвойдуць у карабель, аператыўная група Ёты Вадалея спыніць сваё існаванне.