Выбрать главу

Яго пачалі адольваць розныя мроі; нейкія срабрыстыя ручайкі сцякалі з-пад вейкаў, пушыстыя светлячкі хілілі на сон, ён перавярнуў падушку на другі, халаднейшы бок — і раптам нібы на вочы ўбачыў перад сабой Анэля — такога, якім бачыў яго апошні раз таго дня, за колькі хвілін да васьмі. Масена прыладжваў яму звязку ракетных патронаў, дзякуючы якім можна было нібы насуперак гравітацыі хоць некалькі хвілін планіраваць у паветры; між іншым, гэта прыстасаванне ўжывалі ўсе, зразумела, у абставінах, якія былі прадугледжаны суровымі, але прадбачлівымі інструкцыямі. Дзіўная гэта была сцэна, як і заўсёды, калі чалавек нечым дапамагаў робату, бо звычайна бывае наадварот. Аднак Анэль не змог дацягнуцца рукой да кабур, замацаваных пад наладаваным, нібы горб, рукзаком. Ён нёс груз, дастатковы для двух чалавек. Праўда, гэта не шкодзіла яму, урэшце ж ён быў проста машына, і ў выпадку патрэбы, дзякуючы мікраскапічнай стронцыевай батарэі, якая замяняла яму сэрца, мог развіваць магутнасць у шаснаццаць конскіх сіл. Аднак зараз Пірксу ў соннай дрымоце ўсё гэта разам узятае, відаць, не вельмі спадабалася; ён усёй душой быў на баку маўклівага Анэля і схіляўся да думкі, што той, як і сам Піркс, зусім не такі спакойны па натуры, а толькі прыкідваецца спакойным, робіць выгляд, што так і трэба. Перад тым як канчаткова заснуць, Піркс падумаў яшчэ пра што-кольвечы. Гэта былі тыя глыбока інтымныя мроі, якім толькі можа ўвогуле аддавацца чалавек, напэўна, таму, што пасля таго, як прачнецца, звычайна пра іх не помніць, і тое, што заўтра ён не будзе помніць нічога, апраўдвае сёння ўсё. Ён уявіў сабе тую казачную, міфічную сітуацыю, якая — ён ведаў гэта даўно не горш за іншых — была цалкам неверагодная: бунт робатаў. І адчуваючы ў глыбіні душы ўпэўненасць, што тады ён абавязкова аказаўся б на іх баку, хутка заснуў, нібы з палёгкай на душы.

Прачнуўся ён рана, і невядома чаму першае, аб чым падумаў, было тое, што сціх вецер. Пасля ўспомніў Анэля і свае развагі перад сном; яго крыху занепакоіла, як падобнае наогул магло прыйсці яму ў галаву. Яшчэ колькі хвілін ён паляжаў, пакуль не прыйшоў да супакойвальнай высновы, што тыя перадсонныя, невыразныя вобразы наведалі яго не наяве, але — насуперак сну, які сніцца сам, — вымагалі нязначнай, амаль без удзелу свядомасці яго дапамогі. Такія псіхалагічныя развагі былі яму невядомыя, таму ён дзівіўся, навошта забівае імі галаву, крыху прыўстаў на локці і прыслухаўся: панавала абсалютная цішыня. Адсунуў штору на маленькім акенцы ля галавы. Праз мутнае шкло ўбачыў ранішні змрок і толькі тады зразумеў, што давядзецца ісці ў горы. Саскочыў з ложка, каб зазірнуць у агульны пакой. Робата не было. Тыя два ўжо ўставалі. За снеданнем Круль між іншым, нібы гэта было вырашана яшчэ ўчора, заўважыў, што яны мусяць выйсці неадкладна, бо надвячоркам прыбудзе «Ампер», а зборка барака і пакаванне рэчаў зоймуць сама малое паўтары гадзіны, калі не болей. І сказаў аб гэтым знарок такім тонам, каб не было зразумела, ці то трэба ісці галоўным чынам з-за недахопу дадзеных, ці то з-за Анэля.

Піркс еў за трох, але моўчкі. Калі астатнія яшчэ дапівалі каву, ён устаў, пакорпаўся ў сваім мяшку і дастаў маток белай нейлонавай вяроўкі, малаток і крукі. Падумаў і дадаў да рукзака яшчэ альпінісцкія чаравікі — на ўсякі выпадак.

Выйшлі на двор, калі толькі пачынала шарэць. На бясколерным небе зорак ужо не было відаць. Цяжкая фіялетавая шэрань на зямлі, на тварах, у самім паветры была нерухомая і марозная, горы на поўначы здаваліся чорнай масай, застылай у цемры, а паўднёвы хрыбет, той, што быў бліжэй, стаяў нібы высветленая зверху невыразная маска з яркай паласой аранжавага святла над вяршынямі. Гэты водбліск, далёкі і нерэальны, рабіў бачнымі ў паветры клубы пары, што вырывалася з вуснаў трох чалавек. Хоць атмасфера была больш разрэджанай, чым на Зямлі, дыхалася лёгка. Прыпыніліся на краі раўніны. Астраўкі травы, што цямнелі ў змешаным паўзмроку знікаючай ночы і напаўзаючага з-за гор дня, засталіся ззаду. Перад імі раскінулася ледніковая марэна, кучы камення, здавалася, прасвечвалі праз ваду, якая рухалася. Яшчэ колькі сот метраў уверх — і з'явіўся вецер; ён налятаў кароткімі парывамі. Людзі крочылі, лёгка пераскоквалі праз невялікія камяні, падымаліся на вялікія; часам скальная пліта суха стукалася аб іншую, часам кавалачак каменя выстрэльваў з-пад чаравіка і каціўся па схіле пад акампанемент каменнага розгаласу, нібыта ўнізе нехта прачынаўся. Часам рыпеў наплечны рэмень, скрыгаталі падкоўкі на чаравіках; гэтыя скупыя гукі надавалі паходу бачнасць згоды і дакладнасці, нібы рухалася з'яднаная адзіным імкненнем альпінісцкая група. Піркс ішоў другі за Масенай. Было ўсё яшчэ надта цёмна, каб як след разгледзець рэльеф далёкіх схілаў; Піркс напружана ўглядваўся ўдалечыню, раз і другі не надта ўдала ступіў нагой, аднак усё ж углядваўся, нібы хацеў уцячы не толькі ад тых, хто быў побач, але і ад самога сябе, ад сваіх разваг. Ён зусім не думаў пра Анэля, а толькі механічна шнарыў поглядам па тых завалах спрадвечных скал, якія застылі ў поўнай абыякавасці, дзе толькі ўяўленне чалавека магло ўбачыць пагрозу і выклік.