Выбрать главу

Планета мела добра прыкметныя поры года. Экспедыцыя прыбыла ў канцы лета, а зараз горная восень, уся ў чырвані і жаўцізне, ужо згасала ў далінах, але, нібы не зважаючы на лісце, што імчала ў пеністых горных патоках, сонца было ўсё яшчэ цёплае і ў бязвоблачныя дні на гэтым пласкагор'і нават прыпякала. Толькі туманы штораз гусцелі і напаміналі аб набліжэнні снегу і маразоў. Але тады на планеце не павінна было заставацца ўжо нікога; і гэта збялелая каменная пустыня, якую ўявіў сабе Піркс, раптам здалася яму асабліва жаданай.

Здавалася, убачыць зрокам, што цемра радзее, было немагчыма, аднак з кожнай хвілінай позірк адкрываў усё новыя абрысы наваколля. Неба ўжо зусім збялела — яшчэ не дзень, але ўжо і не ноч, ніякіх зорак, дзень пачынаўся так чыста і спакойна, нібы ўвесь ён быў схаваны ў шар з ахалоджанага шкла. Крыху вышэй яны трапілі ў паласу малочнага туману, які чапляўся гнуткімі шчупальцамі за грунт, а калі мінулі яго, Піркс заўважыў яшчэ не асветленую сонцам, але прыкметную ўжо ў ранішнім святле мэту іхняга шляху. Гэта быў скалісты слуп, які прымыкаў да галоўнага горнага ланцуга, а над гэтым слупам, некалькі сот метраў вышэй, чарнела двухгаловая вяршыня, сама высокая з усіх. На падобнай на булаву вяршыні гэтага слупа Анэлю патрэбна было зрабіць апошнія замеры. Дарога ў абодва канцы была лёгкая — ніякіх неспадзевак, шчылін, нічога, акрамя аднастайнага шэрага асыпку, дзе-нідзе перасечанага палосамі цвілі зеленавата-жоўтага колеру. Піркс усё яшчэ лёгка пераскокваў з адных гулкіх валуноў на другія, упіраўся ў зусім чорную на фоне неба сцяну і, можа, таму, што ні аб чым іншым не хацеў думаць, уявіў сабе, што гэта звычайнае ўзыходжанне, як і на Зямлі. І адразу ж іншымі вачыма ўбачыў скалы — сапраўды, можна было падумаць, што мэтай іх экспедыцыі было пакарэнне вяршыні, калі яны ідуць проста да хрыбта, які цяжка выступае з масы асыпку. Асыпак уздымаўся ля сцяны на адну трэць яе вышыні і канчаўся там навалам заклінаваных пліт, а ўжо адтуль вялізная плоскасць ішла ўгару; яна нібы застыла, ускінуўшыся ў неба; нейкіх сто метраў вышэй сцяну пераразала іншая горная парода — гэта выходзіў на паверхню дыябаз — чырванаваты, святлейшы за граніт, ён стужкай неаднолькавай шырыні наўскасяк працінаў усё крыло абрыву.

На нейкі час вяршыня прыкавала позірк Піркса сваёй патэтычнай лініяй, але варта было ім наблізіцца, як з ёй адбылося тое, што звычайна адбываецца з гарой: перспектыва знікла, распалася на асобныя ўчасткі, якія засланялі адзін аднаго, пры гэтым падножжа страціла сваю пакатасць, высунулася адгор'е, і позірку адкрыліся бясконцыя тэрасы, падобныя на паліцы выступы, шчыліны, якія заканчваліся тупіком, хаосам старых трэшчын, а над усім гэтым бязладдзем блішчала сама вяршыня, пазалочаная першымі прамянямі сонца, з дзіўна мяккім контурам; але нарэшце і яна знікла, яе засланілі іншыя; Піркс ужо не мог адвесці вачэй ад калоса — так, нават на Зямлі гэтая сцяна была б вартай увагі і намаганняў, асабліва з-за добра бачнага дыябазавага вала. Ад яго да вяршыні, залітай сонечным святлом, дарога здавалася кароткай і лёгкай, аднак пэўную цяжкасць уяўлялі казыркі, асабліва сама вялікі, які знізу блішчаў ад вільгаці або лёду, ён быў хутчэй чорны, чым чырвоны, нібы кроў, што запяклася.

Піркс даў волю фантазіі. Магла ж гэта быць не безыменная вяршыня пад чужым сонцам, а гара, услаўленая альпінісцкімі ўзыходжаннямі, якую не раз штурмавалі, на якой цярпелі паражэнне, гара, якая будзіць у альпініста своеасаблівае пачуццё, падобнае на тое, якое адчуваеш, калі бачыш добра знаёмы твар, дзе кожная маршчынка і кожны шрам маюць сваю гісторыю. Невялікія, ледзь прыкметныя змейкі трэшчын, цёмныя ніці выступаў-палічак, дробныя вышчарбіны — кожная з іх магла стаць меткай, якой дасягаеш падчас чарговага штурму, месцам працяглых прыпынкаў, маўклівага роздуму, бурнага націску і змрочных адступленняў, паражэнняў, атрыманых нягледзячы на тое, што ўсе тактычныя і тэхнічныя хітрыкі былі выкарыстаны, — гара з-за гэтага настолькі злілася з лёсамі людзей, што кожны альпініст, якому яна не паддалася, вяртаўся да яе зноў і зноў з тым самым запасам надзеі і веры ў перамогу і пры новым штурме прымерваў да гладкай скалістай паверхні вынашаны ў думках маршрут. Гэтая гара магла б мець багатую гісторыю: абходныя ўзыходжанні, розныя варыянты яе пакарэння, кроніка поспехаў і ахвяр, фатаграфіі, пазначаныя пункцірамі трас і крыжыкамі, што азначалі сама высокія з дасягнутых мясцін; Піркс умудрыўся ўявіць сабе гэта з найвялікшай лёгкасцю, больш таго: яму здавалася дзіўным, што гэта не так.