Выбрать главу

Гэта было дзіўна. Што яму там было трэба?

Піркс шукаў яшчэ хоць бы адзін след, але скалы маўчалі, і ён мусіў праверыць усе патрэсканыя пліты, згрувашчаныя ля падножжа калон; цяжка было прадбачыць, на якую з іх Анэль паставіў нагу. Нарэшце Піркс знайшоў след, аддалены ад папярэдняга на пяць метраў; няўжо Анэль скокнуў так далёка? Але навошта? Ён яшчэ адступіў і праз хвіліну зноў знайшоў згублены след — робат пераскокваў з каменя на камень. Раптам Піркс, які плаўна вадзіў прутком па каменні, здрыгануўся, бо ў яго галаве нібы гахнуў разрыўны патрон; слухаўкі адазваліся такім гукам, што Піркс аж скрывіўся — было вельмі балюча. Ён зірнуў на каменную пліту і аслупянеў. Заклінаваны паміж двух камянёў, на дне натуральнага неглыбокага калодзежа ляжаў цэлы, непашкоджаны апарат, а побач — фотакамера. На другім баку пліты да каменя быў прыхінуты рукзак Анэля — з развязанымі шнуркамі, але спакаваны як мае быць. Піркс паклікаў астатніх. Яны прыбеглі і здзівіліся, як і Піркс, такой знаходцы. Круль праверыў касеты — падобна было, што ўсе замеры выкананы. Не трэба было паўтараць работу. Заставалася толькі высветліць лёс Анэля. Масена прыклаў далоні да рота і некалькі разоў гучна крыкнуў, але толькі далёкае, працяглае рэха адбілася ад скал. Піркс нават здрыгануўся, бо гэты крык нагадваў яму сітуацыю, нібыта шукалі чалавека, які заблудзіўся ў гарах. Праз хвіліну інтэлектронік дастаў з кішэні пляскатую касету перадатчыка, прысеў і пачаў выклікаць робата, перадаючы яго сігнал, але было відаць, што робіць гэта ён хутчэй з абавязку, чым з пераканання. Тым часам Піркс усё шукаў сляды. Здавалася, што робат даволі доўга таптаўся на адным месцы — столькі ледзь чутных піскаў выдавала слухаўка. Такая вялікая колькасць слядоў дарэшты збіла Піркса з панталыку. Нарэшце ён прыблізна акрэсліў граніцу раёна, за якую робат напэўна не выходзіў, і пачаў пільна абыходзіць яе, каб знайсці новы след, які падказаў бы напрамак далейшых пошукаў.

Зрабіў чарговы круг і вярнуўся да скалы. Паміж каменным выступам, на якім ён стаяў, і зусім вертыкальнай скалой, якая ўздымалася ўверх, зеўрала амаль паўтараметровая шчыліна; дно яе было ўсыпана дробнымі, вострымі абломкамі, што падалі зверху. Піркс сумленна даследаваў і гэтае месца, але слухаўка маўчала. Ён апынуўся перад незразумелай загадкай: было падобна, што Анэль нібы растварыўся ў паветры. Масена і Круль ціхенька раіліся за яго спіной, а ён паволі ўзняў галаву і ўпершыню з такой блізкай адлегласці зірнуў на слуп, які ўзвышаўся над ім. Неадольнай была сіла выкліку, якую адчуў ён у каменным спакоі скалы; дакладней, гэта быў нават не выклік, а хутчэй нешта падобнае на працягнутую адкрытую руку — у Піркса з'явілася пэўнасць, што трэба гэты жэст прыняць, што гэта пачатак дарогі, па якой ён павінен пайсці. Зусім міжволі шукаў вачамі першую зачэпку; было ўсё ясна. Адным доўгім, дакладным скачком можна было пераскочыць шчыліну і адразу апынуцца на невялікім, але ёмкім выступе; пасля без усякага сумнення патрэбна было рухацца наўскасяк, уздоўж правільнай геаметрычнай формы трэшчыны, якая крыху вышэй паглыблялася і станавілася неглыбокай цяснінай. Не ведаючы толкам, навошта ён гэта робіць, Піркс падняў індыкатар, выцягнуўся як толькі мог і паднёс яго да каменнага выступу на другім баку шчыліны. Слухаўка адгукнулася. Для пэўнасці Піркс паўтарыў гэту аперацыю яшчэ раз, з цяжкасцю трымаючы раўнавагу, бо мусіў адхіляцца ад сцяны як мага больш, і зноў пачуў кароткі піск. Цяпер ён ужо не сумняваўся. Вярнуўся да Масены і Круля.

— Анэль пайшоў наверх, — спакойна сказаў Піркс, паказваючы на каменны слуп.

Круль, здавалася, не зразумеў, а Масена паўтарыў:

— Пайшоў наверх? Навошта? Дзеля чаго наверх?

— Не ведаю. Туды вядзе след, — адказаў Піркс з прытворнай абыякавасцю.

Масена быў схільны лічыць, што Піркс памыліўся, але адразу ж сам пераканаўся, што гэта праўда. Анэль адным шырокім крокам пераскочыў праз шчыліну і пайшоў уздоўж каменнага завалу — кіраваўся на слуп. Узнікла збянтэжанасць. Круль лічыў, што пасля таго, як замеры былі зроблены, робат, відавочна, з-за нейкіх непаладак распраграмаваўся; Масена заставаўся пры думцы, што гэта немагчыма, бо Анэль пакінуў усе апараты і рукзак зусім так, нібы абдумана рыхтаваўся да цяжкага ўзыходжання, і, значыць, нешта павінна было прымусіць яго зрабіць менавіта так.