Выбрать главу

Піркс маўчаў. Ён вырашыў, што пойдзе на слуп, нават калі б ніхто з іх не пайшоў разам; Круль усё роўна не мог бы ісці, бо гэта патрабавала альпінісцкіх навыкаў, і не абы-якіх. Ад Масены ён чуў яшчэ раней, што той хадзіў многа і, здаецца, нядрэнна ведаў тэхніку ўзыходжання на круках; і калі настала маўчанне, Піркс проста сказаў, што мае намер ісці — ці гатовы Масена стаць яго спадарожнікам?

Круль адразу ж запярэчыў. Інструкцыя забараняе рызыкаваць жыццём людзей; у поўдзень прыляціць па іх «Ампер»; яшчэ трэба сабраць барак і спакавацца; замеры зроблены; робат, відаць, трапіў у аварыю, значыць, трэба проста згадзіцца, што ён загінуў, гэта значыць выкласці ўсе акалічнасці ў канчатковай справаздачы.

— Ці азначае гэта, што мы павінны пакінуць яго тут, а самі паляцець? — спытаўся Піркс.

Яго спакой, здавалася, дражніў Круля, які, ледзьве стрымліваючы сябе, адказаў, што ў справаздачы вычарпальна выкладзе ўсе падзеі, не забудзецца прывесці думкі ўсіх сябраў групы і найбольш праўдзіва растлумачыць здарэнне: пашкоджанне мнестронаў памяці ці кіраўнічага контуру матывацыйнага, альбо дэсінхранізацыя…

Масена заўважыў, што ні першае, ні другое, ні трэцяе немагчыма, бо ў Анэля ўвогуле няма ніякіх мнестронаў, а толькі аднафазная монакрышталічная сістэма, развітая малекулярна з пераахалоджаных дыямагнітных раствораў, узбагачаных ізатопнымі элементамі…

Было бачна, што ён хацеў укалоць Круля, паказаць яму, што ён гаворыць пра рэчы, у якіх наогул нічога не разумее; Піркс перастаў слухаць. Адвярнуўшыся, ён зноўку змераў позіркам аснову слупа, але ўжо інакш, чым раней, — уяўнае стала рэальным, і хоць яму было крыху непамысна, ён адчуваў пэўнае задавальненне, што можа распачаць адзінаборства з гэтай гарой.

Масена вырашыў ісці з Пірксам, можа, дзеля таго, каб такім чынам канчаткова супрацьпаставіць сябе Крулю. Да Піркса пятае праз дзесятае даходзіла іх размова: што загадку трэба абавязкова высветліць, бо калі яны проста вернуцца, то, магчыма, будзе ўпушчана штосьці такое ж важнае, як і таямнічае, якое выклікала такую нечаканую рэакцыю ў робата, і калі б было толькі пяць шанцаў са ста, што гэта «штосьці» адбылося, рызыка ўзыходжання будзе цалкам апраўдана.

Круль, гэта варта прызнаць, палічыў сябе пераможаным і не траціў больш марна слоў. Запанавала маўчанне. Масена пачаў здымаць са спіны апараты, а Піркс, які тым часам падрыхтаваў ужо вяроўку, малаток, крукі і змяніў цяжкія чаравікі на туфлі, пазіраў на яго крадком. Масена быў трохі знерваваны, Піркс бачыў гэта. І не так ад спрэчкі з Крулем — гэта было звыклым, як таму, што ён, відаць, дарма ўліп у сітуацыю, з якой няма ўжо выйсця. Піркс падумаў, што Масена, калі б яму прапанавалі застацца, то, хто ведае, мо і згадзіўся б, хоць тут і быў закрануты гонар. Піркс, аднак, не сказаў нічога, бо хоць спачатку ўзыходжанне абяцала быць лёгкім, невядома, як будзе вышэй, асабліва там, дзе значную частку каменнай сцяны засланялі казыркі. Ён жа нават не вывучыў сцяну праз бінокль, бо не збіраўся штурмаваць яе. Але ўсё ж захапіў вяроўку і крукі — навошта? Замест таго каб аналізаваць гэтыя супярэчнасці, ён стаяў і чакаў Масену. Пасля разам яны рушылі няспешна да падножжа скалы.

— Я пайду першы, — сказаў Піркс, — адразу на ўсю вяроўку; пасля паглядзім.

Масена кіўнуў галавой. Піркс азірнуўся яшчэ раз, каб убачыць, што робіць Круль, з якім рассталіся моўчкі. Круль стаяў там, дзе яго пакінулі, ля складзеных рукзакоў. Піркс і Масена былі ўжо так высока, што за паўночнымі горнымі хрыбтамі маглі ўбачыць маслінавую пляму далёкіх нізін. Аснова камяністага насыпу была яшчэ зацемнена, толькі вяршыні гор сляпуча блішчалі, і гэты бляск рассеяным німбам высвечваў шчарбіны сцяны, якая ўздымалася над імі высока ў неба.

Піркс зрабіў вялікі крок, намацаў нагой выступ, адштурхнуўся і лёгка пайшоў уверх. Першыя метры былі сапраўды не складаныя. Ён рухаўся мерна, нібы ляніва, перад самымі вачыма праплывалі шурпатыя слаі скалы, няроўныя, з упадзінамі цямнейшага колеру. Ён напружваўся, падцягваў цела, перамяшчаўся ўверх, адчуваючы нерухомае, марознае датыкненне ночы, якое ішло ад каменнага масіву. Сэрца стукала шпарчэй, але дыхалася свабодна, ад працы мускулаў прыемная цеплыня разлівалася па целе. За ім цягнулася вяроўка, і ў чыстым паветры добра было чуваць яе шастанне, калі яна церлася аб скалы; перш чым вяроўка скончылася, Піркс знайшоў добрае месца для страхоўкі. Некага іншага ён мо проста выцягнуў бы наверх, але Піркс хацеў пераканацца, чаго варты Масена. Ён стаяў, уціснуты ў шчыліну, якая ішла наўскасяк праз увесь слуп, і мог, чакаючы Масену, разгледзець вялікую цясніну, якую яны абыходзілі, рухаючыся паралельна ёй — тут яна якраз пышыралася: шэры каменяпад утварыў амфітэатр увагнутай нішы; знізу гэтае месца здавалася зусім нецікавым, пляскатым, і толькі тут ва ўсім прыгостве выявілася паверхня скалы. Пірксу было так добра тут аднаму, што ён нібы войкнуў, калі заўважыў побач Масену; потым яны адразу рушылі далей. Гэтак яно паўтаралася штораз, рытмічна і спакойна, і на кожным прыпынку Піркс правяраў індыкатарам, ці не засведчыць сігнал у слухаўцы прысутнасць Анэля — толькі адзін раз згубіў яго і адмовіўся ад зручнай расколіны, бо Анэль падняўся тут па сцяне, хоць і не быў альпіністам; Піркс лёгка адгадваў усе яго наступныя рашэнні, настолькі — калі так можна сказаць — адназначнай, настолькі лагічнай была гэтая дарога ў скале, якая давала магчымасць хутчэй дасягнуць вяршыні. Ва ўсякім разе было ясна, што Анэль сапраўды падняўся. Піркс ні на хвіліну не задумваўся над тым, чаму робат зрабіў менавіта так. Ён прывучыў сябе не разважаць дарэмна. Паволі ён знаёміўся са скалой — сваім праціўнікам; у яго памяці ўсплылі, здавалася б, забытыя спосабы і прыёмы, ён беспамылкова прадбачыў, што і калі трэба рабіць; нават тое, што яму даволі часта даводзілася вызваляць адну руку, каб знайсці індыкатарам радыеактыўны след, не дадавала яму ніякага клопату. Аднаго разу, трымаючыся за камень, які, аднак, моцна сядзеў у скале, нібы замураваны, Піркс зірнуў уніз. Яны былі ўжо даволі высока, хоць і ішлі нібыта павольна; Круль стаўся ўжо маленькай плямкай зеленаватага камбінезона на пляскатым шэрым асыпку, Піркс нават не адразу адшукаў яго на дне гэтай паветранай студні, якая зеўрала ля самых ног.