Выбрать главу

Далей пачынаўся малы траверс; ісці станавілася цяжэй, але і Піркс з кожнай хвілінай аднаўляў ранейшыя навыкі, а яны былі такога ўзроўню, што часам было больш бяспечна даверыцца інтуіцыі, чым свядома разважаць над выбарам прыёмаў; а ў тым, што дарога стала цяжэйшай, Піркс пераканаўся ў той момант, калі, як і раней, хацеў вызваліць правую руку, каб узяць звісаючы з пояса індыкатар, — і не змог гэтага зрабіць. У яго быў толькі адзін пункт апоры для левай рукі і штосьці вельмі невыразнае пад наском правага туфля; адхінуўшыся як толькі можна ад скалы, ён шукаў апору другой назе і не мог знайсці. Тады ён адмовіўся ад індыкатара, бо вышэй было нешта падобнае на невялікую прыступку.

Яна была пакрыта ледзяным наростам і нахілена да прорвы, але ў адным месцы лёд быў сарваны з каменя нібы моцным ударам. Піркс сваім туфлем гэтага ніколі б не зрабіў, яму прыйшло ў галаву, што гэта быў Анэлеў чаравік — бо робат важыў амаль чвэрць тоны. Масена, які ішоў да гэтага вельмі добра, зараз пачаў адставаць.

Яны набліжаліся да вяршыні каменнага слупа. Скала, па-ранейшаму шурпатая, пачынала паступова, а чым вышэй, тым больш, нахіляцца да бездані, і ісці без добрай апоры было цяжка; праз некалькі метраў шчыліна, да гэтага даволі шырокая, скончылася, у Піркса заставалася яшчэ метраў пяць свабоднай вяроўкі, але ён сказаў Масене сцягнуць яе, каб агледзецца. Бо робат жа прайшоў тут — без крукоў, без вяроўкі і без страхоўкі. «Значыць, і я гэтак здолею», — падумаў Піркс. Ён пачаў абмацваць скалу над сабой; у костачцы правай ступні, заклінаванай у апошнім звужэнні шчыліны, па якой ён да гэтага ішоў, кальнула ад рэзкага павароту, аднак гэта не спыніла яго. Самымі кончыкамі пальцаў ён намацаў ліштвачку, меншую, чым падушачкі пальцаў; трымаючыся за яе, можна было падцягнуцца, але што далей?

Гэта было ўжо суперніцтва не толькі са скалою, але як бы і з Анэлем, ён жа тут прайшоў, і прытым адзін. Праўда, пальцы ў яго сталёвыя… Піркс пачаў ужо вызваляць ступню са шчыліны, калі пры гэтым руху нейкі невялічкі каменьчык выскачыў з-пад падэшвы і паляцеў уніз. Піркс выразна чуў свіст паветра, і праз некалькі доўгіх-доўгіх хвілін — рэзкі, дакладны ўдар. «Ну што ж, сітуацыя зразумелая», — падумаў ён. Піркс вырашыў не падцягвацца і пачаў шукаць месца, каб забіць крук. Аднак у скале не было нават прыкмет трэшчыны; Піркс, як толькі здолеў, нахіліўся ў абодва бакі, аднак нічога не знайшоў.

— Што там? — пачуўся знізу голас Масены.

— Нармальна, вывучаю, — адказаў ён.

Нага напамінала пра сябе, ён ведаў, што доўга ў такой пазіцыі не прастаіць. Эх, каб можна было знайсці іншы шлях! Але варта толькі згубіць след робата, і яго ўжо не знойдзеш на гэтай кіламетровай сцяне. Стараўся знайсці што-небудзь над сабой. Пад слізгаючым позіркам сцяна здавалася ўсыпанай трэшчынамі, аднак на самай справе гэта былі ўпадзіны меншыя, чым далонь; разлічваць можна было толькі на тую ліштвачку. Калі ён падцягнуўся на абедзвюх руках і вызваліў ступню са шчыліны, у яго мільганула думка, што адступлення ўжо няма; скала адразу нібы адапхнула яго, ён вісеў, і наскі туфляў адсунуліся ад скалы сантыметраў на трыццаць. Вышэй, наверх! Штосьці мільганула ў яго над галавою. Трэшчына? Але да яе трэба было дацягнуцца. Яшчэ трохі? Праз імгненне ён страціў здольнасць разважаць; трэба было адпусціць левую руку, завіснуць на кончыках чатырох пальцаў правай і дацягнуцца левай да трэшчыны ці шчыліны невядома якой глыбіні. «Гэтага нельга было рабіць!» — прамільгнула ў яго ў галаве, калі ён, адчуваючы, што мускулы амаль лопаюцца, раптам апынуўся на два метры вышэй, прыціскаючыся да скалы; ён цяжка дыхаў і крыху злаваўся на сябе; цяпер ён абедзвюма нагамі стаяў на ліштвачцы і мог забіць крук, нават два — для пэўнасці, бо першы ўвайшоў не вельмі глыбока. Так і зрабіў, з прыемнасцю ўслухоўваючыся ў чысты, звонкі высокі гук, які нарэшце сціх. Вяроўка ўскочыла ў карабін, Піркс ведаў, што давядзецца дапамагчы Масене; нельга сказаць, што гэта была чыстая работа, але ж гэта не Альпы; ва ўсякім разе становішча яго было зараз даволі пэўнае.