Выбрать главу

Над ліштвачкай была вузкая, надта ёмкая трэшчына; Піркс узяў кароткі прэнт індыкатара ў зубы, бо баяўся ўдарыць ім аб скалу — прэнт тырчаў з-за пояса; вышэй колер пароды мяняўся.

Сцяна не была ўжо чарнаватая, з падцёкамі карычневай, нібы надта старой шэрасці. Яе змяніла рудая, з карычнева-чырванаватымі адценнямі, бліскучым зблізку дыябазам. Яшчэ колькі метраў — і гэта дарога колераў скончылася; Піркс убачыў над сабой новы казырок, які нельга было адолець з такой малой колькасцю крукоў, ды яшчэ без прыступкі пад нагамі; але ж у Анэля не было зусім нічога; Піркс праверыў сітуацыю індыкатарам: робат туды не пайшоў. Значыць? Заставалася толькі рухацца па траверсе.

Калі Піркс вывучаў гэты шлях, то здаўся ён спачатку не вельмі складаным або небяспечным. Слуп нібы зноўку набываў страчаную ў пластах дыябазу форму; Піркс стаяў на вузкай, але прыдатнай прыступцы, якая даходзіла да павароту і там канчалася; нахіліўшыся, убачыў далейшы яе працяг за пукатасцю скалы — усяго праз нейкіх паўтара метра, двух-то не было, гэта дакладна. Значыць, трэба было абвіцца целам вакол выступу, які адпіхваў, і, страціўшы апору для правай нагі, адштурхнуцца левай так, каб, перасекшы паветра над безданню, правай абаперціся на працяг прыступкі. Пашукаў месца, куды можна было б забіць крукі, з падстрахоўкай было б гэта не так складана. Але шкадлівая сцяна і тут была зусім без трэшчын; зірнуў уніз: з таго месца, якое мог заняць Масена, страхоўка была поўнай фікцыяй. Сарваўшыся, ён падаў бы сама мала пятнаццаць метраў; рыўком магло вырваць нават добра забітыя крукі. А індыкатар аднак гаварыў, што робат пераадолеў гэты шлях — адзін! «Што ж гэта азначае, д'ябал яго ведае? — сказаў ён сам сабе. — На другім баку ёсць прыступка! Толькі адзін добры крок! Наперад, няўклюда!» Але працягваў стаяць. Калі б удалося хоць вяроўку нацягнуць — але дзе там! Нахіліўся і некалькі секунд глядзеў на прыступку, больш не мог — пачалі дрыжаць мускулы. А калі падэшва пакаўзнецца? У Анэля былі сталёвыя падэшвы. На прыступцы нешта блішчала — раскрышаны лёд. Слізка, чорт яго вазьмі. Трэба было захапіць з сабой вібрамы…

— І напісаць запавет, — прамармытаў бязгучна Піркс.

Вочы яго прыжмурыліся, позірк знерухомеў. Прыгнуўшыся, раскінуўшы рукі, шукаючы апоры ў шурпатасці скалы, ён абвіў яе целам і зрабіў той крок, які столькі яму каштаваў. Калі апынуўся на другім баку, не адчуў нават задавальнення, бо ўбачыў, як уліп. Прыступка на тым баку была ніжэй, значыць, па дарозе назад давядзецца скакаць уверх. Ды яшчэ з такім фортэлем — гэта было ўжо не ўзыходжанне і нават не акрабатыка, а чорт ведае што! Спуск на вяроўцы? Бо калі не…

Ён разумеў, што гэта ўжо поўны крах, але ішоў далей, пакуль было магчыма. Пра яго стан і сітуацыю сведчыла тое, што ён зусім забыўся пра Анэля; было не да яго. Вяроўка, крыху нацягнутая, калыхалася над ім, яна была надзвычай выразна бачная, па-здрадніцку блізкая і канкрэтная, яна была відаць на фоне асыпку, які невыразна ўяўляўся ў блакітнай смузе ля падножжа сцяны цьмянай плямай. Прыступка скончылася, і не было далей дарогі ні ўверх, ні ўніз; вяртання назад таксама не было. «Ніколі яшчэ не бачыў нічога больш гладкага», — падумаў ён з нейкай асаблівай заспакоенасцю, якая, аднак, была зусім інакшая, чым раней: бо горш, чым ёсць, быць не магло — і нервавацца не мела ніякага сэнсу. Ён агледзеўся. Пад нагамі — чатырохсантыметровы выступ, а далей нічога — аж да невыразнай, цёмнай плямы шчыліны, якая, здавалася, клікала да сябе; Піркса аддзялялі ад яе чатыры метры па сцяне, такой моцнай, такой стромай, якую толькі можна сабе ўявіць. «І гэта называецца граніт?!» — са шкадаваннем падумаў ён. Відаць, часам тут сцякала вада — відаць былі яе сляды, ад якіх сцяна пацямнела, ён бачыў нават асобныя кроплі; Піркс узяў індыкатар у правую руку і пачаў вадзіць ім, шукаючы слядоў робата. Пачулася ціхенькае папіскванне. Значыць, Анэль прайшоў тут. Але як? Раптам ён заўважыў маленькую плямку шэрага, як скала, моху. Садраў яго. Маленькае паглыбленне, не большае, чым пазногаць. Крук не хацеў залазіць больш чым напалову, але і гэта было збавенне. Ён турзануў за колца — як сядзіць? Неяк трымаецца. Так, зараз левай рукой за круг і асцярожна, як толькі можна… Адхіліўшыся напалову ад скалы, ён выпадкова адвёў вочы ад шчыліны, якая вабіла да сябе, нібы створаная стагоддзямі дзеля аднаго адзінага імгнення, якое павінна было наступіць; пасля яго позірк каменем паляцеў уніз — аж да блакітна-нябеснай іскры на замружаным шэрым фоне асыпку.