Мы ў бяссільным адчаі назіралі за тым, як сарорцы нішчаць катэр. Дзікуны зруйнавалі, разбілі ўсё, што толькі магло быць разбіта і зруйнавана, усе каштоўныя навігацыйныя прыборы, абломкамі якіх была спрэс пакрыта цяпер паляна. Пагром працягваўся досыць доўга. Нарэшце, калі ад катэра застаўся адзін металічны корпус, пагромшчыкі вярнуліся да нас. Падштурхоўваючы і тузаючы за рукі, яны павялі нас у лясны гушчар.
Становішча нашае рабілася ўсё больш безвыходнае. Абяззброеныя, раздзетыя, босыя, мы былі вымушаны ледзь не бегчы разам з усёю зграяю, не маючы магчымасці перакінуцца словам. Любая спроба загаварыць выклікала такую пагрозлівую рэакцыю, што нам прыйшлося ўрэшце тужліва змоўкнуць. А між тым вакол нас былі такія ж людзі, як і мы самі! Былі б яны адзетыя і прычасаныя, дык у нас на Зямлі на іх ніхто б і ўвагі не звярнуў. Праўда, тут кожную жанчыну можна было смела назваць прыгажуняю. Аднак ніводная з іх не магла параўнацца ў пагляднасці з Новаю, якая бегла цяпер за намі па пятах.
Кожны раз, калі мяне пачыналі падганяць залішне груба і бесцырымонна, я азіраўся ў надзеі ўбачыць на твары ў яе хоць намёк на спагаду, і аднойчы мне здалося, што Нова шкадуе мяне. Але, вядома, я прымаў жаданае за сапраўднае. Толькі мае вочы сустракаліся з яе вачыма, як яна адразу ж адводзіла позірк — па-ранейшаму пусты.
Гэтак мы беглі некалькі гадзін. Я ледзь не падаў ад стомы, ногі мае крываточылі, усё цела было падрапана калючымі галінамі, між якімі сарорцы праслізгвалі, бы змеі, без ніякай шкоды для сябе. Таварышы мае пачувалі сябе не лепш за мяне. Прафесар Антэль спатыкаўся ўжо на кожным кроку, калі мы нарэшце дабраліся да мэты гэтага вар'яцкага забегу.
Лес парадзеў, зарасці кустоўя змяніліся палянамі з невысокаю травою. Тут нашы «праважатыя» пакінулі нас і, нібыта забыўшыся на нашае існаванне, зноў пачалі ганяцца адно за адным паміж дрэвамі — выдавала на тое, што гэта быў галоўны занятак у іх жыцці. Мы ж зваліліся ад стомы на траву і скарысталіся перадышкаю, каб шэптам перагаварыцца.
Левэн, як і я, быў у поўным адчаі, і спатрэбілася мудрасць нашага патрона, які здолеў падбадзёрыць нас. Ужо вечарэла. Мы, вядома, маглі скарыстацца бесклапотнасцю дзікуноў і ўцячы, але куды? Катэр быў зруйнаваны. У нас не было больш разумнага выйсця, чым застацца тут і паспрабаваць улагодзіць гэтых варвараў. Да таго ж, нам страшэнна хацелася есці.
Мы ўсталі і нерашуча пабрылі па лесе. Сарорцы па-ранейшаму бяздумна дурэлі, не звяртаючы на нас ніякае ўвагі. Мабыць, толькі Нова не забылася на нас. Яна пайшла за намі, трымаючыся трохі ззаду, і адварочвала галаву кожны раз, калі мы азіраліся. Паблукаўшы крышку па паляне, мы ўбачылі, што знаходзімся ў чымсьці накшталт стойбішча першабытных людзей, толькі тут замест буданоў былі зладжаны з ламачча — на зямлі ці ў развілках ніжніх галін — нейкія прымітыўныя гнёзды, падобныя на тыя, што робяць буйныя малпы ў нашых афрыканскіх лясах. Некаторыя гнёзды былі занятыя. Мужчыны і жанчыны — не ведаю, як інакш можна назваць сарорцаў рознага полу, — драмалі ў гнёздах, часта парамі, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго ці скурчыўшыся, бы сабакі ў халоднае надвор'е. У большых гнёздах размяшчаліся цэлыя сем'і: мы прыкмецілі дзяцей, якія спалі ў іх, — яны здаліся нам прыгожымі і дужымі.
Але страўнікі нашы ад усіх назіранняў не папаўнелі. Нарэшце мы заўважылі пад адным дрэвам сям'ю, якая прыступіла да трапезы, але іхняя ежа не магла спакусіць нас. Зубамі і пазногцямі яны раздзіралі на часткі тушу нейкай буйной жывёліны, падобнай на аленя. Адрываючы крывавыя кавалкі, сарорцы жэрлі іх, выплёўваючы толькі шматкі шкуры. Увогуле мы не знайшлі ва ўсім стойбішчы аніводнага ачага. Нас ванітавала ад аднаго толькі віду такога абеду. Да таго ж, выявілася, што ніхто і не збіраецца нас частаваць. Наадварот, ледзь мы наблізіліся на некалькі крокаў да гэтай сямейкі, як пагрозлівае бурчанне вымусіла нас таропка адступіць.
Але тут нам дапамагла Нова. Магчыма, яна ўрэшце зразумела, што мы галодныя, хоць я ў гэтым і не ўпэўнены. Ці магла яна ўвогуле хоць што-небудзь зразумець? Не ведаю. Проста, хутчэй за ўсё, сама згаладалася. Ва ўсякім разе, наблізіўшыся да высокага дрэва, Нова абхапіла ствол рукамі і нагамі і, хутка падцягваючыся, дабралася да ніжніх галін і знікла ў лістоце. Неўзабаве адтуль градам пасыпаліся плады, падобныя на бананы. Потым Нова спусцілася на зямлю і, скоса паглядаючы на нас, пачала ўплятаць гэтыя бананы. Пасля нядоўгіх ваганняў мы рызыкнулі пакаштаваць іх. Яны былі смачныя, і нам удалося заглушыць голад. Нічога супраць таго, што мы далучыліся да яе, Нова не мела. Мы напіліся з ручая і вырашылі, што тут і заначуем.