Выбрать главу

— Мадам ці мадэмуазель, — узбадзёраны, загаварыў я далей, — на жаль, я вымушаны паўстаць перад вамі ў такім вось становішчы і ў такім выглядзе. Паверце, не ў маёй звычцы…

Я ўсё гаварыў і гаварыў, нёс бог ведае што, клапоцячыся толькі пра тое, каб мае словы адпавядалі пачціваму тону, якога я вырашыў прытрымлівацца. Калі я змоўк, закончыўшы прамову сама абаяльнай усмешкаю, на якую я толькі быў здольны, шымпанзэ ледзь не аслупянела. Вочы ў яе заміргалі, лоб наморшчыўся. Было відаць, як пакутліва намагалася яна вырашыць найцяжэйшую задачу. Нарэшце яна ўсміхнулася мне ў адказ, і я сэрцам адчуў, што яна пачынае бачыць ува мне разумную істоту.

У час гэтай сцэны людзі ў клетках глядзелі на нас без тае злосці, у якую раней прыводзілі іх усе мае спробы загаварыць. Цяпер яны здаваліся нават зацікаўленымі. Адзін за адным людзі пераставалі кружляць па клетках, падыходзілі да кратаў і прыціскаліся тварам да прэнтаў, каб разгледзець нас як мага лепш. Адна толькі Нова раз'юшана кідалася ў клетцы ад сценкі да сценкі.

Шымпанзэ дастала з кішэні халата ручку і пачала нешта занатоўваць у сваім сшытку. Скончыўшы, яна ўзняла галаву і, сустрэўшы мой усхваляваны позірк, зноў усміхнулася. Гэта надало мне смеласці, і я рашыўся зрабіць яшчэ адзін сяброўскі жэст. Прасунуўшы руку скрозь краты, я працягнуў ёй адкрытую далонь. Гарылы кінуліся былі да нас, але шымпанзэ спыніла іх кароткім загадам, хоць спачатку сама ледзь не адскочыла ўбок. Пасля, авалодаўшы сабою, яна, пільна гледзячы мне ў вочы, працягнула лапку — тая дрыжала. Я не варушыўся. Яна ступіла яшчэ адзін крок наперад і паклала сваю лапу з надзвычай доўгімі пальцамі мне на запясце. Я адчуў, як яна ўздрыгнула ад гэтага сутыкнення, і застыў, каб не спалохаць яе якім-небудзь неасцярожным рухам. Тады яна пагладзіла мяне па далоні, потым па ўсёй руцэ і пераможна азірнулася на гарыл.

Я задыхаўся ад радасці: у душы ў мяне мацнела надзея, што яна ўсё ж такі пачынае прызнаваць ува мне разумную істоту. І калі шымпанзэ строга загадала нешта гарылам, у мяне мільганула нават вар'яцкая думка, што зараз вось клетка адчыніцца — і мяне з прабачэннямі выпусцяць з яе! Як я памыліўся! Адзін вартаўнік пакорпаўся ў сябе ў кішэнях, пасля падаў сваёй начальніцы нейкі белы кубік. А тая ў сваю чаргу з чароўнай усмешкаю паклала кубік мне на далонь. Гэта быў кавалачак цукру.

Кавалачак цукру! Я так высока ўзнёсся ў сваіх марах, што расчараванню майму не было мяжы. Нікчэмная падачка здалася мне такой абразлівай, што я ледзь не шпурнуў яе шымпанзэ ў пысу. Але я своечасова ўспомніў пра свае добрыя намеры і стрымаўся. Пакланіўшыся, я ўзяў цукар і пачаў грызці яго з сама разумным выглядам, які толькі мог напусціць на сябе.

Так мы пазнаёміліся. Шымпанзэ, як я неўзабаве даведаўся, звалі Зіра. Яна была загадчыцай аддзялення, у якое мяне памясцілі. Нягледзячы на горкае расчараванне ад яе падачкі, я ацаніў яе розум і ўжо прадчуваў, што ў будучым мне ўсё ж удасца ўсталяваць з ёю кантакт.

Зіра доўга гаманіла з вартаўнікамі. Як я зразумеў, яна давала ім падрабязныя ўказанні адносна мяне. Потым яна накіравалася далей, каб наведаць людзей у іншых клетках.

Шымпанзэ з асаблівай увагаю аглядала кожнага новенькага, рабіла ў сшытку нейкія запісы, нашмат карацейшыя за тыя, што былі звязаны са мною. Яна ні разу не рызыкнула наблізіцца ні да аднаго з дзікуноў. Калі б яна гэта зрабіла, я адчуў бы, напэўна, рэўнасць. Я пачынаў пранікацца гонарам за тое, што я тут — адзіны чалавек, які заслугоўвае асаблівага стаўлення. І калі я ўбачыў, што Зіра, спыніўшыся перад клеткаю з дзецьмі, кідае ім кавалачкі цукру, то ўмомант дайшоў да шалу, які можна параўнаць, бадай, толькі з лютасцю Новы, што, ашчэрыўшыся на шымпанзэ, забілася ў далёкі ад праходу кут клеткі і павярнулася да мяне спінаю.

Раздзел XIV

Другі дзень прайшоў гэтаксама, як і першы. Малпы не звярталі на нас увагі, толькі прыносілі ежу. Здзіўлены, я спрабаваў угадаць, што гэта за ўстанова, але на трэці дзень нас пачалі выпрабоўваць цэлай серыяй тэстаў, пры ўспаміне аб якіх я й дагэтуль адчуваю ўніжэнне, але ў той час яны мяне хоць трохі забаўлялі.

Першы тэст здаўся мне спачатку проста бязглуздым. Адзін вартаўнік наблізіўся да мяне, а другі заняўся клеткаю насупраць. Мой вартаўнік схаваў адну руку за спінаю, а ў другой у яго быў свісток. Гарыла ўтаропілася на мяне, стараючыся прыцягнуць да сябе маю ўвагу, пасля паднесла свісток да рота і з хвіліну прарэзліва свісцела. Потым яна наўмысна замаруджана выняла з-за спіны другую руку, і я ўбачыў у ёй той самы падобны на банан плод, які так любілі людзі Сароры. Трымаючы яго перад сабою, вартаўнік пільна назіраў за мною.