Выбрать главу

Я працягнуў руку, каб узяць банан, але гарыла стаяла надта далёка і набліжацца не збіралася. Здавалася, яна чакала ад мяне іншай рэакцыі і была цяпер расчараваная. Праз нейкі час, стаміўшыся чакаць, яна зноў схавала банан за спінаю і пачала свісцець. Я нерваваўся, не разумеючы сэнсу тэста, і ледзь не выйшаў з сябе, калі вартаўнік пачаў зноў размахваць бананам на такой адлегласці, што да яго немагчыма было дацягнуцца. Мне ўдалося, аднак, захаваць спакой і сабрацца з думкамі, каб угадаць, чаго ж дамагаўся ад мяне вартаўнік, бо здзіўленне яго ўзрастала, нібыта я паводзіў сябе ненармальна. Зрабіўшы тое ж самае шэсць або сем разоў, ён, напэўна, махнуў на мяне рукою і перайшоў да суседняга палоннага.

Я быў проста збянтэжаны, калі ўбачыў, што сусед мой, а пасля і яго сусед пасля першае ж спробы атрымалі бананы. Тады я стаў пільна назіраць за другой гарылаю, якая праводзіла той самы вопыт перад клеткамі процілеглага рада. Вартаўнік якраз дайшоў да Новы, і я ўбачыў, як яна рэагуе. Гарыла свіснула і замахала перад Новай бананам. Дзяўчына захвалявалася, заварушыла сківіцамі і…

Мне ўмомант стала ўсё ясна. Нова, чароўная Нова, пры выглядзе ласунку разявіла рот, і з яго адразу ж пацякла сліна, як у галоднага сабачкі, якому паказалі кавалачак цукру. Менавіта гэтага і чакала гарыла, ва ўсякім разе сёння. Кінуўшы Нове такі жаданы банан, вартаўнік перайшоў да суседняй клеткі.

Я ўсё зразумеў і, можна сказаць, ганарыўся гэтым! Некалі я цікавіўся фізіялогіяй і быў знаёмы з працамі Паўлава. Мне стала ясна, што тут вывучаюць на людзях рэфлексы — гэтаксама як Паўлаў вывучаў іх на сабаках. Якім жа дурнем быў я некалькі хвілін назад! Але цяпер, з маёй культураю і ведамі, я не толькі разумеў значэнне гэтых вопытаў — я ведаў загадзя, што будзе за імі. На працягу многіх дзён малпы, напэўна, будуць рабіць тое ж самае: свісцець у свісток, потым паказваць што-небудзь смачнае, каб выклікаць у падвопытных слінааддзяленне. Праз нейкі час людзі пачнуць пускаць сліну на адзін толькі свісток. У іх, кажучы па-навуковаму, выпрацуецца ўмоўны рэфлекс.

Я віншаваў сябе, радаваўся за сваю здагадлівасць, але трэба было яшчэ паказаць, што я ўсё зразумеў. Калі мой вартаўнік, пакончыўшы са сваім радам клетак, пайшоў назад, я пастараўся ўсімі магчымымі спосабамі звярнуць на сябе яго ўвагу. Я стукаў па прэнтах клеткі, паказваў на свой рот, размахваючы рукамі, пакуль ён не зрабіў нарэшце ласку і не паўтарыў свой вопыт. І тады, пасля першага ж свісту, яшчэ да таго, як ён паказаў мне банан, я стаў пускаць сліну — з усяе сілы, поўны лютасці і адчаю. Я, Уліс Меру, старанна пускаў сліну, быццам ад гэтага залежала маё жыццё, — гэтак хацелася мне паказаць маю кемлівасць!

Вартаўнік быў вельмі ўражаны. Ён паклікаў напарніка, і яны доўга раіліся, як і ўчора. Няцяжка было здагадацца, пра што гавораць гэтыя тугадумы: вось чалавек, у якога толькі што не было ніякіх рэфлексаў, і раптам адразу ж выпрацаваўся ўмоўны рэфлекс, дзеля замацавання якога ў іншых падвопытных патрабуецца багата часу і цярпення! Мне было шкада гэтых прасцякоў. З іх слабым розумам яны былі проста няздольныя прыйсці да адзіна слушнай высновы: падобны прагрэс можна растлумачыць толькі наяўнасцю ў падвопытнага свядомасці. Я быў упэўнены, што Зіра на іх месцы была б больш здагадлівая.

Аднак уся мая мудрасць і залішняя стараннасць прывялі зусім не да тых вынікаў, на якія я спадзяваўся. Гарылы пайшлі, так і не даўшы мне банана — мой вартаўнік сам зжаваў яго на хаду. Навошта было яму аддаваць яго мне, калі мэта вопыту была ўжо дасягнута і без узнагароды!

Назаўтра гарылы вярнуліся з новымі прыстасаваннямі. Адна несла ў руках званочак, другая каціла перад сабою вазок, на якім быў усталяваны нейкі апарат, падобны з выгляду на магнета. Гэтым разам, загадзя ведаючы, якія вопыты збіраюцца з намі праводзіць, я здагадаўся пра назначэнне гэтых прадметаў яшчэ да таго, як гарылы пусцілі іх у ход.

Пачалі яны з суседа Новы, здаравеннага хлопца з надзіва тупым позіркам. Ён стаяў ля кратаў, схапіўшыся за іх рукамі, як гэта рабілі цяпер усе мы, калі з'яўляліся вартаўнікі. Першая гарыла пачала званіць у званочак, а другая тым часам далучала правады ад магнета да кратаў. Калі званочак празваніў досыць доўга, другі вартаўнік крутануў ручку магнета. Чалавек адразу ж адскочыў ад кратаў, жаласна галосячы.

Гарылы паўтаралі гэтую аперацыю над адным і тым самым падвопытным шмат разоў, завабліваючы чалавека да кратаў якой-небудзь садавінаю. Мэта вопыту зноў жа была мне вядомая: выпрацаваць у падвопытнага ўмоўны рэфлекс, каб ён адскокваў ад кратаў, пачуўшы званочак, да таго, як адчуе электрычны ўдар. Але ў той дзень дамагчыся вынікаў ім не ўдалося: псіхіка ў хлопца была вельмі ўжо неразвітая, і ён ніяк не мог адчуць сувязь паміж прычынаю і следствам.