Выбрать главу

— Мі Заюс!

Я заўважыў раней, што ўсе звярталіся да арангутана, пачынаючы з гэтых слоў, а пазней даведаўся, што «Заюс» было іменем педанта, а «мі» — ягоным ганаровым тытулам.

Малпы ажно здранцвелі. Ім стала ўжо не да смеху, асабліва Зіры, якая ўстрывожылася яшчэ больш, калі я ўказаў на яе пальцам і вымавіў:

— Зіра!

Гэтае слова я таксама паспеў тады ўжо запамятаць і быў упэўнены, што яно магло азначаць толькі ўласнае імя шымпанзэ.

Што ж да Заюса, дык ён канчаткова разнерваваўся і зноў забегаў па праходзе паміж клеткамі, недаверліва трасучы галавою. Нарэшце ён супакоіўся і загадаў паўтарыць ужо знаёмыя мне тэсты ў яго прысутнасці. Я ахвотна падпарадкаваўся. Пускаў сліну, толькі пачуўшы свісток. Адскокваў ад кратаў пры сама першых гуках званочка. Гэты другі вопыт Заюс прымусіў гарыл паўтарыць дзесяць разоў і ўвесь час дыктаваў сакратарцы бясконцыя заўвагі.

Нарэшце я дадумаўся, каб уразіць арангутана, да большага, чым рабіў пры гэтым вопыце раней. У тое імгненне, калі адзін з вартаўнікоў-гарыл зазваніў у званочак, я расціснуў кантакт, з дапамогаю якога да кратаў падводзіўся электрычны ток, і адкінуў провад убок. Пасля гэтага я мог спакойна стаяць каля кратаў, трымаючыся за прэнты, хоць другі вартаўнік, які не заўважыў, што я зрабіў, шчыраваў з усяе сілы, круцячы ручку бяскрыўднага цяпер магнета.

Я ганарыўся сваёй вынаходлівасцю, якая кожнаму хоць трохі разумнаму стварэнню была б неабвержным доказам майго інтэлекту. Ва ўсякім разе, на Зіру мой учынак зрабіў вялікае ўражанне. Яна пільна паглядзела на мяне, і яе белая пысачка паружавела, што з'яўляецца ў шымпанзэ, як я пазней даведаўся, прыкметаю хвалявання. Але Заюса нішто не магло пахіснуць. Колькі Зіра ні пераконвала яго, пракляты арангутан пагардліва паціскаў плячыма і круціў галавою. Гэтаму педанту адных голых фактаў было мала. Ён аддаў гарылам загад, і я стаў аб'ектам новага тэсту, які ўяўляў сабою камбінацыю двух першых.

Пра гэты вопыт я таксама ведаў і нават бачыў у лабараторыях, як яго праводзілі на сабаках. Мэтаю эксперыменту было збіць з панталыку падвопытную жывёліну і выклікаць у яе нервовае паражэнне, камбінуючы два процілеглыя рэфлексы. Першая гарыла стала свісцець у свісток, абяцаючы ласунак, а другая званіла ў званочак, падаючы сігнал небяспекі. Я ўспомніў высновы аднаго вялікага фізіёлага адносна падобных вопытаў: ён казаў, што яны могуць давесці жывёліну да стану, які дужа нагадвае чалавечы неўроз, і нават да вар'яцтва, калі паўтараць іх досыць часта.

Зрабіўшы выгляд, што я ўважліва прыслухоўваюся спачатку да свістка, потым да звону званочка, я ўсеўся пасярод клеткі, падпёршы падбародак кулаком у традыцыйнай паставе мысліцеля.

Зіра, не ўтрымаўшыся, запляскала ў далоні. Заюс выцягнуў з кішэні насоўку і выцер лоб. Пот каціўся з яго градам, але ўсё роўна нішто не магло пахіснуць яго аслінай упартасці. Я зразумеў гэта па яго грымасах, пакуль ён раз'юшана спрачаўся пра нешта з Зіраю. Прадыктаваўшы яшчэ некалькі заўваг сваёй сакратарцы, арангутан даў Зіры безліч найпадрабязнейшых указанняў, якія тая выслухала незадаволена, і нарэшце выйшаў з памяшкання, кінуўшы на мяне сярдзіты позірк.

Зіра ў сваю чаргу сказала нешта гарылам, і я адразу зразумеў, што яна загадала ім пакінуць мяне ў спакоі, прынамсі, на сённяшні дзень, бо яны ўмомант узялі ўсе прыстасаванні для вопытаў і таксама выйшлі. Застаўшыся са мною сам-насам, калі не лічыць няшчасных дзікуноў у суседніх клетках, і наблізіўшыся да кратаў, шымпанзэ доўга моўчкі глядзела на мяне. Потым яна нечакана працягнула мне па-сяброўску лапу. Я ўсхвалявана паціснуў яе, ласкава паўтараючы імя «Зіра». Пысачка ў шымпанзэ зноў паружавела, і я зразумеў, што яна была вельмі кранутая.

Раздзел XVI

Заюс з'явіўся зноў праз некалькі дзён і адразу ж загадаў змяніць увесь распарадак у нашай секцыі. Але спачатку трэба расказаць, як мне ўдалося за гэтыя дні вызначыцца перад малпамі.

Назаўтра пасля першага наведвання арангутана з намі правялі цэлую серыю новых тэстаў. Усё пачалося ў час кармёжкі. Замест таго каб кінуць, як зазвычай, садавіну нам у клеткі, Зарам і Занам — так звалі гарыл — паклалі ежу ў кашы і падцягнулі гэтыя кашы да столі клетак з дапамогаю спецыяльна прадугледжаных для гэтага блокаў. Пасля ўнеслі ў кожную клетку па чатыры досыць вялікія драўляныя кубы. Урэшце гарылы адышлі на сярэдзіну праходу і пачалі назіраць за намі.