Бясспрэчна, менавіта пра нешта падобнае і разважалі цяпер арангутаны на сваім вучоным жаргоне, я ж адно скрыгатаў зубамі ад злосці. Магчыма, я не вытрымаў бы і выбухнуў новым прыступам, калі б не заўважыў своечасова позірк Зіры. Было ясна, што яна нязгодная з арангутанамі і проста саромеецца, што яны вярзуць перада мною такую лухту.
Калі вучоны калега Заюса выйшаў, несумненна, выклаўшы наконт мяне сваю катэгарычную думку, арангутан пачаў новыя доследы. Спачатку ён абышоў усё памяшканне, спыняючыся перад кожнаю клеткаю і ўважліва разглядаючы палонных. Пакуль ён рабіў заўвагі, Зіра іх запісвала. Мяркуючы па выразе яе пысачкі, усіх нас чакалі вялікія перамены. Хутка я здагадаўся, у чым сутнасць Заюсавага плана, і зразумеў сэнс заўваг, якія ён рабіў, параўноўваючы пэўныя якасці тых або іншых мужчын і жанчын.
Я не памыліўся. Зіра перадала ўказанні шэфа гарылам, і тыя прыступілі да іх выканання. Нас рассартавалі па парах. Але які яшчэ д'ябальскі вопыт прадвяшчалі гэтыя падрыхтаванні? Якія яшчэ асаблівасці чалавечай прыроды імкнуліся вывучыць малпы, ахопленыя даследніцкай гарачкаю? Знаёмства з працаю фізіялагічных лабараторый дапамагло мне хутка знайсці адказ: для любога вучонага, які займаецца вывучэннем інстынктаў і рэфлексаў, полавы інстынкт уяўляў сабою найвялікшую цікавасць.
Але, справа была менавіта ў гэтым! Гэтыя д'яблы хацелі вывучыць на нас, у тым ліку і на мне, раз ужо я па іроніі лёсу апынуўся ў гэтым статку, усе асаблівасці чалавечых любоўных гульняў: паводзіны самца, паводзіны самкі, збліжэнне ў няволі і таму падобнае — можа, дзеля таго, каб параўнаць потым вынікі з папярэднімі назіраннямі, зробленымі над людзьмі на волі.
Разгадаўшы Заюсаву задуму, я пакляўся сабе хутчэй памерці, чым зрабіцца аб'ектам такіх агідных вопытаў. Але, мушу прызнацца, хоць рашучасць мая і заставалася непахісная, мне стала нашмат лягчэй, калі я ўбачыў жанчыну, якую арангутан прызначыў мне ў сяброўкі. Гэта была Нова. За такі выбар я быў гатовы дараваць старому балвану нават яго дурасць і саманадзейнасць і не стаў супраціўляцца, калі Зарам і Занам бесцырымонна схапілі мяне і кінулі да ног німфы вадаспада.
Раздзел XVII
Не буду расказваць пра тое, што адбывалася ў суседніх клетках на працягу наступных тыдняў. Я ўгадаў: малпы вырашылі вывучаць сексуальнае жыццё людзей і ўзяліся за справу з уласцівай ім метадычнасцю. Чаго толькі яны не выдумлялі, каб пары сыходзіліся! Калі ж хто-небудзь упарціўся, то яго хутка прымушалі падпарадкавацца ўколамі пік.
Я і сам пачаў рабіць сякія-такія назіранні, разлічваючы папоўніць імі рэпартаж, які я ўсё яшчэ спадзяваўся надрукаваць пасля свайго вяртання на Зямлю. Але мне гэта хутка надакучыла, бо нічога асабліва пікантнага я так і не заўважыў. Нічога, калі не лічыць дзіўнага спосабу заляцання, якім карыстаўся мужчына, перш чым наблізіцца да жанчыны. Гэта было нешта накшталт танца, вельмі падобнага на шлюбны танец некаторых птушак. Мужчына павольна і няўпэўнена пачынаў хадзіць вакол жанчыны, ступаючы крок уперад, потым назад, пасля ўбок. Гэтак ён кружляў, паступова звужаючы кругі, у цэнтры якіх была нерухомая жанчына — яна толькі паварочвалася на месцы да яго тварам. Я не раз назіраў за гэтай цікаўнай цырымоніяй: асноўныя фігуры рытуалу заўсёды заставаліся нязменныя, мяняліся зрэдку хіба што дэталі. Што ж датычыць самой блізкасці, то як я ні саромеўся спачатку, міжволі назіраючы за ёю, але праз нейкі час зусім ужо не зважаў на такія сцэны, якія цяпер для мяне нічым не адрозніваліся ад любых іншых. Больш за ўсё ўражвалі мяне ва ўсім гэтым педантызм і скрупулёзнасць малпаў, якія абсалютна спакойна праводзілі назіранні, не забываючыся зафіксаваць у сваіх блакнотах ніводнай падрабязнасці.
Вядома, ад мяне малпы не дачакаліся анічога. Зразумеўшы, што я не збіраюся аддавацца гэтым гульням, нашыя вартаўнікі-гарылы ўзялі сабе ў галаву, што могуць дамагчыся свайго гвалтам, і пачалі падганяць мяне да Новы, паколваючы дзідамі, як звычайную жывёліну, — мяне, Уліса Меру, чалавека, створанага паводле ўзору і падабенства боскага! Я адбіваўся як мог. Але гэтыя жывёлы не адступаліся, і невядома, што б са мною сталася, калі б не з'явілася Зіра, якой яны далажылі пра мае дзіўныя паводзіны.
Шымпанзэ надоўга задумалася, потым падышла да клеткі, паглядзела на мяне сваімі цудоўнымі разумнымі вачыма і загаварыла, пагладжваючы мяне па галаве. Думаю, сэнс яе слоў быў прыблізна такі: