Выбрать главу

— А што ты скажаш пра арангутанаў?

Зіра ўважліва паглядзела на мяне, потым зарагатала.

— Іхняя справа — афіцыйная навука. Ты ўжо ў гэтым пераканаўся і, думаю, будзеш мець магчымасць пераканацца яшчэ не раз. Яны ведаюць практычна ўсё, што можна вычытаць з кніг. Усе яны ўшанаваныя рознымі ўзнагародамі. Некаторыя лічацца нават буйнымі знаўцамі ў якой-небудзь вузкай галіне, дзе патрабуецца добрая памяць. Што ж да астатняга…

Тут Зіра пагардліва махнула рукою.

Я не стаў настойваць, вырашыўшы, што мы яшчэ паспеем пагаварыць пра гэта. А пакуль што я вярнуўся да больш агульных пытанняў. Па маёй просьбе Зіра намалявала генеалагічнае дрэва малпаў, як яго ўяўляюць лепшыя спецыялісты. Яно было досыць падобнае на нашыя схемы эвалюцыі відаў. Ад агульнага ствала, пачатак якога губляўся ў невядомасці, аддзяляліся паслядоўна розныя галіны — расліны, аднаклеткавыя арганізмы, кішачна-поласцевыя, ігласкурыя; вышэй размяшчаліся рыбы, рэптыліі і, нарэшце, сысуны. Далей вызначаўся клас, аналагічны класу нашых чалавекападобных. Ад яго адыходзіла галіна чалавека — бакавая і кароткая. Тым часам цэнтральны ствол працягваў расці і разгаліноўвацца на розныя віды дагістарычных малпаў з цяжка прамаўляльнымі назвамі і, нарэшце, заканчваўся відам simie sapiens з трыма вяршынямі эвалюцыі: падвідамі шымпанзэ, гарыл і арангутанаў.

— Мозг малпы, — працягвала Зіра, — развіваўся, ускладняўся і ператварыўся нарэшце ў орган мыслення, у той час як мозг чалавека не зведаў ніякіх змен.

— Але чаму такога развіцця дасягнуў менавіта мозг малпы?

— Натуральна, галоўную ролю адыграла мова. Але чаму малпы загаварылі, а людзі не? На гэты конт погляды вучоных разыходзяцца. Адны бачаць у гэтым волю творцы, другія сцвярджаюць, што розум у малпаў эвалюцыяніраваў перш за ўсё дзякуючы наяўнасці чатырох рухавых канечнасцяў. Магчыма, што чалавек з яго дзвюма рукамі і кароткімі няспрытнымі пальцамі з самага пачатку апынуўся ў нявыгадным становішчы: ён не мог прагрэсіраваць, набываць дакладнае ўяўленне пра навакольны свет. З гэтае ж прычыны людзі ніколі не ўмелі спрытна карыстацца прыладамі… Урэшце, магчыма, ён і спрабаваў навучыцца гэтаму ў пачатку сваёй эвалюцыі… Выяўлены цікавыя знаходкі. Якраз цяпер у гэтым накірунку вядзецца багата даследаванняў. Калі ты цікавішся гэтым, я пазнаёмлю неяк цябе з Карнэліем. Ён разбіраецца ў гэтых пытаннях лепш за мяне.

— А што за Карнэлій?

— Мой жаніх, — адказала Зіра, пачырванеўшы. — Вялікі, сапраўдны вучоны.

— Шымпанзэ?

— Ну вядома!.. Дык вось, я асабіста ўпэўненая: той факт, што мы — чатырохрукія, адыграў у нашай духоўнай эвалюцыі велізарную ролю. Гэта дазволіла нам спачатку ўзняцца на дрэвы і такім чынам асвойтацца ў трохмернай прасторы, у той час як чалавек, прывязаны да зямлі праз сваю фізічную недасканаласць, чэзнуў на адной плоскасці. Потым мы стварылі розныя прылады, зноў жа таму, што маглі ўдала імі карыстацца. Пачаўся прагрэс, і такім чынам мы дасягнулі вяршынь розуму.

На Зямлі я часта чуў, як абсалютна процілеглыя доказы прыводзілі для тлумачэння перавагі чалавека над астатнімі жывёламі. Аднак, падумаўшы, я вырашыў, што разважанні Зіры ні кроплю не менш пераканаўчыя за нашыя.

Я хацеў прадоўжыць гэтую размову, на языку ў мяне круціліся сотні пытанняў, але тут нас перапынілі Зарам і Занам, якія прынеслі ежу для вячэрняй кармёжкі. Зіра шэптам пажадала мне: «Дабранач!» — і пайшла.

Я зноў застаўся ў клетцы сам-насам з Новаю. Мы паелі. Гарылы пайшлі, патушыўшы за сабою ўсе лямпы, апрача начніка над дзвярыма, ад якога лілося цьмянае святло. Я глядзеў на Нову, раздумваючы пра ўсё, што зведаў за гэты дзень. Нова, натуральна, ненавідзела Зіру, і мае гамонкі з шымпанзэ раз'юшвалі яе. Спачатку яна як магла выказвала сваю незадаволенасць, спрабуючы перашкодзіць нам: станавілася паміж мною і Зіраю, скакала па клетцы, вырывала з падсцілкі пучкі саломы і кідала іх у галаву разводніцы. Каб утаймаваць яе, я быў вымушаны выкарыстаць сілу. Атрымаўшы ад мяне некалькі звонкіх плескачоў, Нова нарэшце супакоілася. Я дазволіў сабе такі недалікатны жэст міжволі і пазней шмат з-за гэтага перажываў, аднак Нова, здавалася, не сердавала зусім.

Разумовае напружанне, якога вымагалі ад мяне тэорыі эвалюцыі, распрацаваныя малпамі, забрала ў мяне ўсю сілу. Так што я быў толькі рады, калі ўбачыў, што, наблізіўшыся, Нова пачала лашчыць мяне. Ласкі яе былі паўчалавечыя, паўжывёльныя: за ўвесь гэты час, пераймаючы адно аднаго, мы вынайшлі спосаб любоўных гульняў, які ўвабраў у сябе часткова звычаі цывілізаваных зямлян і дзікуноў Сароры.