Выбрать главу

Гэты горад, сталіцу адной з буйнейшых абласцей малпавай дзяржавы, я бачыў толькі з клеткі ў дзень прыбыцця, і цяпер мне даводзілася нанова прывыкаць да таго, што ён населены малпамі-мінакамі, малпамі- кіроўцамі, малпамі-гандлярамі, малпамі-дзялкамі, малпамі-паліцэйскімі, аднымі малпамі! Калі б не гэта, горад не ўяўляў бы сабою нічога асаблівага. Дамы былі падобныя на нашыя дамы, вуліцы такія ж бруднаватыя, як і ў нас… Рух быў менш напружлівы за наш. Што ўразіла мяне найболей, дык гэта спосаб, якім мінакі пераходзілі вуліцы. Замест пешаходных дарожак тут былі паветраныя пераходы з металічнай, з буйнымі ячэйкамі, сеткі, за якую малпы чапляліся ўсімі чатырма лапамі, абутымі ў пальчаткі з тонкай скуры, якія дазвалялі малпам карыстацца ніжнімі канечнасцямі гэтаксама ж свабодна, як і верхнімі.

Павазіўшы мяне трохі па горадзе, каб я мог скласці сабе пра яго агульнае ўяўленне, Зіра спыніла машыну перад высокімі кратамі, скрозь якія віднеліся вялікія паляны ў кветках.

— Гэта парк, — растлумачыла яна. — Тут мы зможам прагуляцца. Я хацела б паказаць табе што-небудзь іншае, напрыклад, нашы выдатныя музеі, але пакуль што гэта немагчыма.

Я запэўніў яе, што буду рады размяць ногі.

— Да таго ж, — дадала яна, — у парку нас не будуць непакоіць. Народу тут мала, а нам час ужо пагаварыць сур'ёзна.

Раздзел IV

— Ты, мне здаецца, не ўяўляеш, якія небяспекі пагражаюць табе ў нас? — спыталася Зіра.

— Пра некаторыя я ўжо маю ўяўленне. Але мне здаецца, што, калі я адкрыюся — а я магу зрабіць гэта цяпер, прывёўшы неабходныя доказы, — малпы павінны будуць мяне прызнаць, як свайго брата па розуме.

— Тут ты і памыляешся. Слухай мяне…

Мы прагульваліся па парку. Прысады ў ім былі пустынныя, толькі зрэдку сустракаліся закаханыя парачкі, якія амаль не звярталі на мяне ўвагі. Я ж, наадварот, уважліва назіраў за імі, вырашыўшы не ўпускаць ніводнай магчымасці пазнаёміцца са звычаямі малпаў.

Закаханыя гулялі дробнымі крокамі, абняўшы адно аднаго за талію так, што іх доўгія рукі, цесна і мудрагеліста перапляталіся. На паваротках прысадаў яны часта спыняліся, каб пацалавацца. Іншы раз, азірнуўшыся па баках, яны хапаліся за ніжнія галіны і ўзбіраліся на дрэвы. Рабілі яны гэта не раздымаючы абдымкаў — кожны дзейнічаў адной рукою і адной нагою з зайздросным спрытам, — і ўжо праз якое імгненне знікалі ў лістоце.

— Твой касмічны катэр знойдзены, — гаварыла Зіра (я ўжо досыць падрабязна растлумачыў ёй, як мы высадзіліся на планету), — ва ўсякім разе тое, што ад яго засталося пасля пагрому. Рэшткі вывучаюцца цяпер нашымі вучонымі. Яны прызналі, што ён не мог быць пабудаваны на Сароры.

— У вас ёсць аналагічныя апараты?

— Не такія дасканалыя. Мяркуючы па тваіх расказах, мы яшчэ дужа адстаём ад вас. Аднак мы ўжо запусцілі некалькі штучных спадарожнікаў, і апошні з іх быў нават з жывой істотаю на борце — з чалавекам. На жаль, нам прыйшлося ўзарваць спадарожнік у палёце: мы не маглі павярнуць яго назад.

— Разумею, — сказаў я задуменна. — Значыцца, вы выкарыстоўваеце людзей і ў такіх эксперыментах…

— Прыходзіцца… Так што, твой катэр знойдзены.

— А наш карабель, які кружляе вакол Сароры вось ужо два месяцы?

— Пра гэта я нічога не чула. Напэўна, нашыя астраномы яго не засеклі. Толькі не перапыняй мяне на кожным слове! Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што твая ракета прыляцела з другой планеты нашай зорнай сістэмы і што ў ёй былі пасажыры. Далей гэтага яны не пайшлі. Нікому і ў галаву не прыходзіць, што гэтыя разумныя істоты могуць мець аблічча людзей!

— Але ж, Зіра, трэба ім гэта сказаць! — ускрыкнуў я. — Мне абрыдла быць палонным нават у найзручнейшай клетцы, якая толькі ёсць на Сароры, абрыдла, нягледзячы на твой клопат. Чаму ты мяне хаваеш? Чаму не сказаць праўду ўсім?