Зіра спынілася, азірнулася па баках і паклала руку мне на плячо.
— Чаму? Толькі дзеля цябе самога. Ты ведаеш Заюса?
— Пытаешся яшчэ! Нават хацеў з ім пагаварыць. Ну і што?
— Ты заўважыў, як ён успрыняў твае першыя спробы давесці, што ты — разумная істота? Ты ж не ведаеш, я ўжо сто разоў спрабавала праверыць яго ў гэтым ці хаця б намякнуць, — і з якой асцярожнасцю! — што, нягледзячы на знешні выгляд, ты ўсё-такі, магчыма, не жывёліна?
— Я бачыў, што вы часта спрачаліся і, здаецца, так і не прыйшлі да згоды.
— Ён упарты, як баран, і дурны, як чалавек! — выбухнула Зіра. — Але што рабіць? Такія амаль што ўсе арангутаны. Ён аб'явіў раз і назаўжды, што ўсе твае здольнасці тлумачацца высокаразвітым чалавечым інстынктам, і цяпер нішто не прымусіць яго змяніць сваю думку. Да таго ж, ён ужо нават напісаў пра цябе цэлую дысертацыю, у якой даводзіць, што ты — вучоны чалавек, гэта значыць чалавек, які пабываў у палоне, быў выдрэсіраваны і здольны цяпер выконваць бессвядома пэўныя трукі.
— Тупая жывёліна!
— Я згодная. Але ўся бяда ў тым, што ён прадстаўляе афіцыйную навуку і вельмі ўплывовы. У інстытуце ён займае адну з сама высокіх пасадаў, таму ўсе мае прапановы праходзяць праз яго. Я ўпэўнена, што калі я паспрабую расказаць пра цябе праўду, як ты хочаш, то Заюс проста абвінаваціць мяне ў навуковай ерасі. Мяне звольняць. Хоць нічога б тут асабліва страшнага не было, але ты…
— А што можа быць больш жахлівага за жыццё ў клетцы?
— Няўдзячны! Ты нават не падазраеш, на якія хітрыкі прыйшлося мне пайсці, каб цябе не перасялілі ў энцэфалічную лабараторыю! Заюс не спыніўся б ні перад чым, калі б ты працягваў даказваць яму, што з'яўляешся разумнаю істотай.
— А што такое энцэфалічная лабараторыя? — спытаўся я ўстрывожана.
— Лабараторыя, дзе мы робім некаторыя тонкія аперацыі на жывым мозгу: перасадкі тканак, пошукі і раздражненне нервовых цэнтраў, частковае і нават поўнае выдаленне мазгавых доляў.
— І вы робіце такія вопыты на людзях?
— Натуральна. Мозг чалавека, як і ўся яго анатомія, найбліжэйшы паводле сваёй пабудовы да нашага. Нам проста пашанцавала, што прырода стварыла жывёліну, на якой мы можам вывучаць сябе. Людзі служаць нам і ў багата якіх іншых вопытах, але пра гэта ты даведаешся пазней. Якраз цяпер мы выконваем надзвычай важныя даследаванні.
— Якія патрабуюць значных папаўненняў чалавечага матэрыялу?
— Але, значных. Гэтым і тлумачацца аблавы, дзякуючы якім мы аднаўляем нашыя запасы. На жаль, аблавы арганізуюць гарылы, і мы не можам позбавіць іх любімай забавы — палявання. Навука страчвае праз гэта велізарную колькасць матэрыялу.
— Сапраўды, вельмі шкада, — працэдзіў я, сціснуўшы вусны. — Вернемся, аднак, да маёй сціплай асобы…
— Цяпер ты разумееш, чаму я вырашыла захаваць усё ў тайне?
— Дык, значыцца, я асуджаны сядзець да канца сваіх дзён у клетцы?
Ї Не, калі толькі план, які я задумала, удасца. Але ж ты не павінен раскрывацца, пакуль не настане зручны момант, калі ў нас на руках будуць магутныя козыры. Вось мая прапанова: праз месяц адкрыецца штогодні кангрэс фізіёлагаў. Гэта вялікая падзея. На адкрыцці будзе процьма народу, у тым ліку прадстаўнікі ўсіх буйнейшых газет. А грамадская думка адыгрывае ў нас такую ролю, што з ёю вымушаны лічыцца не толькі Заюс, не толькі ўсе арангутаны, разам узятыя, але і нават гарылы. Вось гэта ты і павінен скарыстаць. Табе трэба адкрыць сваю тайну перад усім кангрэсам, у час пасяджэння, на якое Заюс прывядзе цябе ў якасці экспаната: як я ўжо сказала, ён напісаў даўжэзны опус пра цябе і твой выдатны інстынкт. Але будзе лепш за ўсё, калі ты сам возьмеш слова і ўсё раскажаш. Гэта будзе такая сенсацыя, што Заюс не зможа табе перашкодзіць. Ты павінен гаварыць ясна і дакладна, каб пераканаць вучоных, публіку і журналістаў, як здолеў пераканаць мяне.
— А калі Заюс і іншыя арангутаны заўпарцяцца?
— Гарылы, вымушаныя ўлічваць грамадскую думку, паставяць гэтых ідыётаў на месца. Дарэчы, не ўсе арангутаны такія ж тупыя, як Заюс, і, нарэшце, сярод вучоных ёсць некалькі шымпанзэ, якіх арангутанам прыйшлося прыняць у акадэмікі за іх сенсацыйныя адкрыцці. Адзін з іх — Карнэлій, мой жаніх. Я ўжо гаварыла з ім пра цябе. Толькі з ім. Ён абяцаў выступіць у тваю абарону. Вядома, спачатку ён хоча ўбачыць цябе і праверыць усё, што я яму расказала, — надта ўжо ўсё гэта неверагодна! Дарэчы, я цябе і прывяла сюды дзеля гэтага. Сёння ў нас спатканне, і ён павінен хутка прыйсці.