Выбрать главу

— Я рабіла гэта з любові да навукі, — адказала Зіра, чырванеючы. — Твой выпадак унікальны, і я павінна была захаваць цябе любой цаною.

Удзячнасць перапаўняла маё сэрца. Пакораны адухоўленым позіркам Зіры, я ўжо не бачыў яе знешнасці. Рука мая легла на яе доўгую валасатую лапку. Зіра ўздрыгнула, і я прачытаў у яе вачах пяшчоту. Вельмі ўсхваляваныя, мы не сказалі па дарозе назад ніводнага слова. Калі Зіра прывяла мяне ў клетку, я груба адштурхнуў Нову, якая адразу ж пачала пошла прапаноўваць сябе мне.

Раздзел V

Зіра ўпотайкі перадала мне электрычны ліхтарык і кнігі, якія я хаваю пад саломаю. Я ўжо досыць хутка чытаю і размаўляю на малпавай мове. Кожную ноч я падоўгу вывучаю цывілізацыю Сароры. Спачатку Нова пратэставала. Скалячы зубы, яна абнюхвала кнігу, быццам небяспечнага звярка. Але дастаткова было накіраваць на яе прамень ліхтара, як яна забівалася ў кут, дрыжала і вішчала. З тае пары як у мяне з'явіўся ліхтарык, я поўны гаспадар у сваёй клетцы і мне ўжо не прыходзіцца выкарыстоўваць для супакаення Новы такія важкія аргументы, як плескачы. Відаць, яна адчувае цяпер перада мною нейкі свяшчэнны жах, дый астатнія палонныя, мяркуючы па некаторых прыкметах, ставяцца да мяне гэтаксама ж. Я маю прэстыж і злоўжываю гэтым. Іншы раз я ні з таго ні з сяго палохаю Нову святлом ліхтарыка. А потым яна ж лашчыцца да мяне, каб я дараваў ёй маю жорсткасць.

Цешу сябе надзеяй, што маю ўжо досыць яснае ўяўленне пра свет малпаў.

У малпаў няма падзелу на нацыі. Усёй планетаю кіруе кабінет міністраў, на чале якога стаіць трыумвірат з аднае гарылы, аднаго арангутана і аднаго шымпанзэ. Акрамя ўрада існуе таксама парламент, які складаецца з трох палат — гарылы, арангутаны і шымпанзэ — і кожная з іх бароніць інтарэсы сваёй расы.

Па сутнасці, гэты падзел на тры расы і з'яўляецца адзіным на Сароры. У прынцыпе прадстаўнікі ўсіх рас валодаюць роўнымі правамі і могуць займаць любую пасаду. Аднак на справе існуюць абмежаванні, і кожная раса спецыялізуецца ў сваёй вобласці.

У далёкім мінулым гарылы адыгрывалі ролю лідэраў дзякуючы сваёй фізічнай сіле. Яны дагэтуль захавалі смак да ўлады і па-ранейшаму з'яўляюцца сама магутным класам. Яны не змешваюцца з масаю, іх не ўбачыш у натоўпе дэманстрантаў — менавіта гарылы кіруюць з вышэйшых сфер большасцю прадпрыемстваў. Па сутнасці не надта пісьменныя, яны інстынктыўна ўмеюць добра выкарыстоўваць веды падначаленых, вызначаць генеральныя лініі і камандаваць іншымі малпамі. Калі які-небудзь спецыяліст робіць цікавае адкрыццё, напрыклад, вынаходзіць новую электрычную лямпу або новае паліва, дык эксплуатуе гэтае вынаходніцтва і мае з яго ўсю магчымую выгаду зазвычай гарыла. Гарылы не вылучаюцца вялікім розумам, але яны ўсё ж нашмат хітрэйшыя за арангутанаў. Спекулюючы на фанабэрыстасці гэтых дурняў, гарылы дамагаюцца ад іх усяго, чаго хочуць. Так, напрыклад, на чале нашай установы над Заюсам, які займае пост навуковага кіраўніка, стаіць гарыла-дырэктар, якога вельмі рэдка бачаць у інстытуце. У нашае аддзяленне ён зайшоў усяго адзін толькі раз. Ён паглядзеў на мяне такім важным позіркам, што я машынальна ледзь не выцягнуўся перад ім па стойцы «смірна». Заюс у прысутнасці дырэктара зрабіўся падобны на яго раба, і нават на Зіру начальніцкі выгляд галоўнага шэфа зрабіў пэўнае ўражанне.

Гарылы, якія не займаюць адказных пасад, звычайна наймаюцца на чорную работу, якая вымагае фізічнай сілы. Так, напрыклад, Зараму і Занаму даручаюць толькі другарадныя справы, а галоўны іх абавязак — наводзіць, калі гэта робіцца неабходным, парадак сярод падвопытных.

І нарэшце, многія гарылы — паляўнічыя. Па сутнасці, гэта іх прывілея. Яны займаюцца адловам дзікіх звяроў, у прыватнасці, людзей. Я ўжо казаў, што эксперыменты малпаў патрабуюць пастаяннага папаўнення чалавечага матэрыялу, які расходуецца ў велізарнай колькасці. Гэтыя эксперыменты займаюць у іх жыцці дужа вялікае месца, і чым больш я даведваюся пра іх, тым больш балюча мне робіцца. Выдае на тое, што ледзь не трэцяя частка малпавага насельніцтва займаецца праблемамі фізіялогіі, але я да гэтай дзіўнай акалічнасці яшчэ вярнуся. Ва ўсякім разе, пастаўкі чалавечага матэрыялу патрабуюць складанай арганізацыі. Шматлікія групы стралкоў, загоншчыкаў; транспартных рабочых і прадаўцоў служаць у паляўнічых фірмах, на чале якіх заўсёды стаяць гарылы. Думаю, што справы гэтых фірм ідуць выдатна, бо людзі тут каштуюць дорага.