Выбрать главу

Але ўсё гэта не тлумачыць таямніцы ўзнясення малпаў на вяршыню эвалюцыі. Зрэшты, можа, ніякай тайны і няма? Магчыма, іх развіццё адбывалася гэтаксама заканамерна, як і нашае? Аднак я ніяк не магу ў гэта паверыць! А цяпер я яшчэ абсалютна дакладна ведаю, што многія вучоныя-малпы лічаць: пытанне малпавай эвалюцыі зусім яшчэ не высветленае да канца. Сярод іх і Карнэлій, і, наколькі мне вядома, яго падтрымліваюць сама выдатныя даследнікі. Малпы не ведаюць, адкуль яны ўзяліся і куды ідуць, і, мажліва, пакутуюць ад такой няпэўнасці. Што, калі менавіта гэтае пачуццё і прымушае іх з такім імпэтам весці фізіялагічныя даследаванні і надае асаблівую накіраванасць усёй іх навуковай дзейнасці?

Далей я ў сваіх гіпотэзах у тую ноч не пасунуўся.

Раздзел VI

Зіра досыць часта выводзіла мяне на прагулку ў парк. Іншы раз мы сустракаліся там з Карнэліем і разам з ім абдумвалі прамову, з якою я павінен быў выступіць на кангрэсе. Дзень яго адкрыцця набліжаўся, і я нерваваўся ўсё болей. Зіра запэўнівала мяне, што ўсё будзе добра. Карнэлію не цярпелася вызваліць мяне, «каб пачаць грунтоўна вывучаць мяне», — тут ён паправіўся, убачыўшы маю незадаволенасць такой тэрміналогіяй, — «каб супрацоўнічаць са мною».

Аднаго разу Карнэлій не змог прыйсці, і Зіра прапанавала наведаць заалагічны сад побач з паркам. Я, вядома, схадзіў бы лепш у тэатр ці ў музей, але гэтыя ўстановы былі пакуль што яшчэ не для мяне. Праўда, пэўнае ўяўленне пра мастацтва малпаў я ўжо меў, бо прагледзеў некалькі кніг па выяўленчым мастацтве. Мяне вельмі ўразілі рэпрадукцыі класічных карцін — партрэты знакамітых малпаў, вясковыя пейзажы, батальныя сцэны часоў войнаў, са страшнымі гарыламі ў стракатых мундзірах, або сладастрасныя аголеныя самкі, вакол якіх пырхалі крылатыя малпачкі-амуры. Былі ў малпаў і свае імпрэсіяністы, а некаторыя сучасныя мастакі ўзвысіліся нават да абстрактнага жывапісу. З усім гэтым я пазнаёміўся ў сябе ў клетцы пры святле электрычнага ліхтара.

Я не мог з'явіцца ў тэатры ці музеі голы, таму Зіра вадзіла мяне толькі на відовішчы пад адкрытым небам. Так я ўбачыў гульню, якая нагадвала наш футбол, прысутнічаў на жудаснай сустрэчы па боксе паміж дзвюма гарыламі і любаваўся спаборніцтвамі па скачках з шастом, на якіх шымпанзэ ўзляталі на неверагодную вышыню.

Ну што ж, сёння я згадзіўся наведаць заасад. Спачатку я не заўважыў там нічога асаблівага. Жывёліны вельмі нагадвалі нашых зямных звяроў. Тут былі драпежнікі, хобатныя, жвачныя, паўзуны і птушкі. І калі я бачыў трохгорбага вярблюда ці вепрука з казлінымі рагамі, гэта ніяк не магло мяне здзівіць пасля ўсяго, што я ўжо ўбачыў на Сароры.

Дзівіцца я пачаў, калі мы дайшлі да секцыі людзей. Зіра адразу ж пачала тузаць за ланцуг, каб хутка прайсці далей, бо ўжо шкадавала, гледзячы цяпер на мяне, што выбралася сюды на прагулку, але цікаўнасць мая была такая вялікая, што ўрэшце яна саступіла.

У першай клетцы, каля якой мы спыніліся, сядзела чалавек пяцьдзесят людзей — жанчын, мужчын, дзяцей, — выстаўленых тут напаказ на вялікую радасць малпаў-разявак. Людзі ліхаманкава мітусіліся, скакалі, штурхаліся і выкідвалі розныя фокусы, стараючыся звярнуць на сябе ўвагу. Гэта было сапраўды дзівоснае відовішча! Кожны чалавек імкнуўся заслужыць адабрэнне маленькіх малпачак — тыя час ад часу кідалі ў клетку якую-небудзь садавіну ці кавалкі піражкоў, купленых ля ўвахода ў заасад у старой шымпанзэ. Калі хто-небудзь з людзей, дзіця або дарослы, рабіў асабліва забаўны трук — узбіраўся па кратах, скакаў на карачках або пачынаў хадзіць на руках, — ён атрымліваў узнагароду. Але толькі ласунак падаў сярод палонных, як адразу ж пачыналася бойка — дзікуны драпаліся і цягалі адно аднаго за валасы з пранізлівымі звярынымі крыкамі.

Некаторыя, больш сталыя людзі, не ўдзельнічалі ў гэтай калатнечы. Яны сядзелі ўбаку, бліжэй да кратаў, і, убачыўшы, што якая-небудзь маленькая малпачка суне лапу ў торбачку з пачастункам, умольна працягвалі да яе рукі. Малпачка звычайна спалохана адскоквала, але, калі бацькі або старэйшыя сябры смяяліся з яе, набіралася смеласці і, не могучы яшчэ суняць дрыготку, перадавала ласунак са сваёй лапы ў руку чалавеку.

З'яўленне ў заасадзе чалавека на ланцугу здзівіла як палонных, так і наведнікаў. Людзі на хвіліну перапынілі сваю валтузню і падазрона ўтаропіліся на мяне, але паколькі я трымаўся спакойна і з годнасцю адмаўляўся ад падачак, якія баязліва працягвалі мне малпачкі, то неўзабаве і малпы, і людзі страцілі да мяне цікавасць, я ж атрымаў мажлівасць спакойна назіраць і за тымі, і за другімі. Жывёльныя паводзіны людзей вымушалі мяне чырванець ад сораму: вонкава ж гэтыя дзікуны нічым не адрозніваліся ад мяне.